Какую ёлку выбирают в Шумилино

Общество

Пра ёлку, традыцыі і такія-сякія прадчуванні
Што там і гаварыць, а набліжэнне Новага года нараджае ў душы радаснае казытанне, прадчуванне інтрыгі і надзею на тое, што з  намі абавязкова здарыцца што-небудзь, калі і не лёсавызначальнае, то хаця б проста незвычайнае, неспадзяванае, але вельмі прыемнае.
Усім зразумела, што 2014 год ужо састарэў, што не ўсе ускладзеныя на яго спадзяванні спраўдзіліся, не ўсе з’едзеныя пад бой курантаў пажаданні здарыліся. Цяпер уся надзея на год новы, на яго моц, на яго неперасягнутыя магчымасці. А на што ж яшчэ спадзявацца, не на сябе ж?..
Які настрой перапаўняе народ у пераднавагодні месяц, нам падказваюць вынікі апытанняў, разме-шчаных ў нашай групе УКантакце. Да прыкладу, на пытанне “Якую ёлку вы будзеце ўпрыгожваць на Новы год?”, палова рэспандэнтаў адказала, што толькі жывую, і амаль палова (42,9%) – што штучную (і прыгожа, і праблем аніякіх). Калі не браць пад увагу 7,1% тых, хто ёлку наогул ставіць не будзе, то, спраецыраваўшы гэты вынік на ўсіх шумілінцаў, можна зрабіць выснову, што штучныя ёлкі адваявалі сабе права нараўне з ляснымі раздзяляць з намі свята. Здаецца, яшчэ зусім нядаўна перавага была за жывымі прыгажунямі, што напаўняюць дом непаўторным навагоднім водарам.
Яшчэ адно апытанне паказала, што мы ў абсалютнай большасці святкаваць Новы год будзем дома з сям’ёй (53,3%). За рэстаран і паездку на мора не прагаласаваў ніводны чалавек. Па 6,7% рэспандэнтаў выказаліся за тое, каб зусім не святкаваць Новы год ці аддаць перавагу святкаванню Нараджэння Хрыстова. Для некаторых больш важныя менавіта пераднавагоднія прадчуванні, само свята яны любяць не вельмі (13,3%). Таксама стала вядома, што некаторыя ўжо вызначыліся з карпаратывамі, “заказалі” Дзедаў Марозаў са Снягуркамі для дзяцей на дом і не збіраюцца аспрэчваць традыцыю салаты “аліўе” на навагоднім стале.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №97 ад 16.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *