Депутаты Шумилинского районного Совета подвели итоги 2014 года, очертили задачи на 2015 год

Актуалии Президент

Эканоміка – эканомія і аптымізацыя
Чарговая дзявятая сесія раённага Савета дэпутатаў, на якой былі падведзены вынікі адыходзячага года, зацверджаны планы на год надыходзячы, адбылася 23 снежня. У рабоце сесіі бралі ўдзел старшыня райвыканкама У. П. Куранны, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. У. Шыцько, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Р. В. Вінакураў.
Адкрываючы пасяджэнне, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава адзначыла, што ў 2014 годзе ўдалося рашыць многія пытанні і дасягнуць пэўных вынікаў, стварыць базу для больш высокіх паказчыкаў 2015 года. Трэба заўважыць, сказала Ірына Мікалаеўна, што ў аднолькавых умовах розныя арганізацыі спрацавалі па-рознаму: адны выканалі ўсе даведзеныя заданні, другія маглі б мець і лепшыя вынікі. А магчымасць рашаць у раёне больш пытанняў дае толькі эфектыўная работа ўсіх арганізацый.
Са справаздачай раённага выканаўчага камітэта аб выкананні асноўных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2014 годзе і прагнозных паказчыках на 2015 год выступіў старшыня райвыканкама У. П. Куранны.  Дэпутатам быў прадстаўлены падрабязны аналіз работы вытворчай галіны раёна, развіцця сацыяльнай сферы, дэмаграфічнай сітуацыі ў адыходзячым годзе.
Кіраўнік раёна вызначыў асноўныя задачы работы прадпрыемстваў і арганізацый раёна ў 2015 годзе.  Так, у прамысловым комплексе прадоўжыцца рэалізацыя мер, накіраваных на выпуск высакаякаснай і запатрабаванай на рынку прадукцыі, эфектыўнае выкарыстанне вытворчага і працоўнага  патэнцыялу. У прыватнасці, у першай палове надыходзячага года завяршыцца мадэрнізацыя цэха №2 Обальскага керамічнага завода, што дазволіць нарасціць аб’ёмы прадукцыі, у тым ліку інавацыйнай, павысіць яе канкурэнтаздольнасць. Прагназуецца рост экспарту тавараў на ўзроўні 103%, экспарту паслуг –118%.
У сельскай гаспадарцы стаіць задача вырасціць у 2015 годзе 38400 тон збожжа, 3531 тону рапсу, 6000 тон бульбы, надаіць 23770 тон малака, вырабіць 11394 тоны прадукцыі  жывёлагадоўлі і птушкі. Аграрыям раёна неабходна забяспечыць рост валавой прадукцыі на ўзроўні 108%. Пэўны задзел для гэтага зроблены ў 2014 годзе: пасеяны 231,3 тысячы га азімых зерневых культур і 44,5 тысячы га азімага рапсу.
Будзе весціся абнаўленне асноўных фондаў, на наступны год прагназуецца рост замежных інвестыцый парадку 0,5 мільёна долараў. Прадоўжыцца работа па энергазберажэнні і выкарыстанні мясцовых відаў паліва: мэтавы паказчык па энергазберажэнні запланаваны на ўзроўні “мінус 7%”, доля мясцовых відаў паліва складзе не менш за 23%.
Важнейшая асаблівасць прагнозу на 2015 год – рост дабрабыту і паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва. Асноўная задача – забеспячэнне фінансавай стабільнасці суб’ектаў гаспадарання, павышэнне эфектыўнасці гаспадарчай дзейнасці, эканомія рэсурсаў усіх відаў.
Даклад аб раённым бюджэце на 2015 год прадставіла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама дэпутат па Кіраўскай выбарчай акрузе №2 А. С. Сідарэнка. Асноўнымі крыніцамі даходаў раённага бюджэту будуць: падаходны падатак з фізічных асоб (51,3%), падатак на дабаўленую вартасць (14,3%), падаткі на зямлю і нерухомасць (12,5%), плацяжы з выручкі па асобных рэжымах падаткаабкладання (6,9%), кампенсацыі расходаў дзяржавы (5,8%).
Агульная сума даходаў раённага бюджэту складзе 251 142,2 млн. руб, удзельная вага ўласных даходаў складзе 39,6%, датацыі з рэспубліканскага бюджэту – 59,5%.
Расходы раённага бюджэту запланаваны ў суме 251 042,2 млн. руб.  Бюджэт захавае сацыяльную накіраванасць. У агульных расходах выдаткі на ахову здароўя складуць 16,1%, на адукацыю – 40,1%, на культуру – 7%, вырастуць выдаткі на фізічную культуру і спорт, сацыяльную палітыку. На жыллёва-камунальную гаспадарку запланавана 57 385,5 млн. руб (27%).
Як заўважыла А. С. Сідарэнка, з-за абмежаванасці сродкаў бюджэту, не ўдалося ў поўнай меры ўлічыць усе прапановы раённых службаў і пастаянных камісій. Напаўняльнасць казны раёна залежыць ад паспяховай работы рэальнага сектара эканомікі.
У абмеркаванні асноўных пытанняў парадку дня сесіі выступілі дэпутаты раённага Савета, кіраўнікі найбольш паспяховых прадпрыемстваў раёна: старшыня пастаяннай камісіі па бюджэце і эканамічным развіцці, дэпутат па Амбросавіцкай акрузе №19, дырэктар РВУ “Шумілінарайгаз” С. А. Дзмітрыенка; старшыня пастаяннай камісіі па прамысловасці, будаўніцтву і ЖКГ,  дэпутат па Юбілейнай акрузе №6, дырэктар ПМК-70 А. Ю. Крыўко; дэпутат па Дабейскай акрузе №18 дырэктар ААТ “Прыазёрны мір”  А. М. Пытко;  старшыня пастаяннай камісіі па пытаннях сацыяльнай палітыкі, дэпутат па Светласельскай акрузе №28, дырэктар раённай гімназіі Л. У. Маладзечкіна.
Выступіў на сесіі дэпутат Палаты прадстаўнікоў У. У. Шыцько, які заўважыў, што 2015  год будзе няпросты, таму ўсім трэба настройвацца на аптымізм і добрасумленную работу, на пошук рэзерваў, каб выканаць намечаныя планы.
Р. В. Вінакураў адзначыў гатоўнасць кадраў раёна да рашэння пастаўленых задач. У сваю чаргу, Руслан Васільевіч абяцаў дэпутацкую падтрымку ў фінансаванні будаўніцтва ліўневай каналізацыі ў райцэнтры.
Падводзячы вынікі абмеркавання, У. П. Куранны нагадаў пра Дэкрэт Прэзідэнта краіны №5, які ўступае ў дзеянне з 1 студзеня і прадугледжвае персанальную адказнасць кіраўнікоў і работнікаў за вынікі работы, акрэсліў найбольш актуальныя пытанні, якія патрабуюць рашэння ў наступным годзе.
Былі прыняты адпаведныя рашэнні, прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і раённы бюджэт на 2015 год сталі законам.
На сесіі былі ўстаноўлены стаўкі падаткаў на зямлю і падаткаў на нерухомасць на 2015 год, а таксама прыняты рашэнні аб фінансавай падтрымцы сельгасарганізацый раёна, унесены ўдакладненні ў раённы бюджэт на 2014 год.
Па прапанове старшыні раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай дэпутаты зацвердзілі план работы раённага Савета на 2015 год. У план уключаны пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай і правядзеннем святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі, з работай завяршальнага года пяцігодкі, з правядзеннем Года моладзі, з арганізацыяй выбараў Прэзідэнта краіны.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №100 ад 31.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *