Старейшина деревни Березница Э. А. Лазуко всю жизнь помогает людям

Общество

Усё жыццё дапамагае людзям
“З’ездзіце да старэйшыны ў Беразніцу, – параіла карэспандэнтам раённай газеты дырэктар ААТ “Ляжні” В. В. Яцко. – Эма Аляксандраўна Лазука добразычлівы чалавек, яна ўсё жыццё дапамагае людзям. Жыве з усімі ў згодзе і паразуменні”.
І вось мы адчыняем дзверы цёплай вясковай хаты. Чысціня і ўтульнасць. Насустрач выходзіць жанчына, ветліва запрашае прысесці. Пагаварыць пра вёску і яе жыхароў – гэта для Эмы Аляксандраўны нібыта бальзам на душу. У Беразніцы жанчына жыве пяцьдзясят гадоў, ведае тут кожнага чалавека і ягоных родзічаў, кожную сцяжынку. Справа ў тым, што Эма Аляксандраўна многа гадоў працавала фельчарам. За сваё жыццё многа каму дапамагала. І дапамагаць – гэта яе стыль жыцця. Раней – як медыка, цяпер – як старэйшыны. Калі людзі аказалі давер, то трэба яго апраўдваць, лічыць жанчына.
“Талковы старэйшына ў вёсцы – гэта заўсёды добры памочнік, –  кажа старшыня Дабейскага сельвыканкама І. І. Шалахава. – Вось і Эма Аляксандраўна ўдзельнічае ў падворных абходах, дапамагае вышукваць родзічаў памерлых, каб аформіць ці прадаць дом. Старэйшына хоча, каб у вёсцы заўсёды быў парадак, б’е трывогу, калі, напрыклад, неабкошаныя абочыны ці небяспечна нахілілася дрэва. І заўсёды клапоціцца за грамадскае. Нядаўна сіламі сельвыканкама адрамантавалі накрыўку на вясковым калодзежы. Здаецца, дробязь, а людзі вельмі ўдзячныя”.
Сёння Э. А. Лазука вельмі хвалюе, што пастарэла вёска, асунулася, што няма ў пенсіянераў маладзецкага спрыту-імпэту. Сама Эма Аляксандраўна стараецца не здаваць пазіцый: трымае карову, саджае агарод, дапамагае ўнукам і праўнукам.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №5 ад 20.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *