Ветерану Великой Отечественной войны Николаю Дмитриевичу Ткачеву — 90. Поздравляем!

Людзі і лёсы

Нарадзіўся ў шчаслівы дзень
5 студзеня споўнілася 90 гадоў ветэрану Вялікай Айчыннай вайны з Шуміліна Мікалаю Дзмітрыевічу Ткачову.
Ветэран вайны і працы лічыць, што ён нарадзіўся ў шчаслівы дзень, бо яму лёсам наканавана пражыць столькі гадоў і пры добрай памяці сустрэць важкі юбілей. А яшчэ ветэран удзячны лёсу за добрую жонку-прыгажуню, з якой разам жывуць вось ужо 61 год, за дзяцей і ўнукаў.
Мікалай Дзмітрыевіч добра памятае вайну. Яго і іншых юнакоў і дзяўчат з маленькай вёсачкі Рылькава, што была калісьці за Крупчынам, забралі ў Германію. Мікалай больш за год “працаваў на гаспадара” –  даглядаў жывёлу. Сапраўднай радасцю для ўсіх палонных было вызваленне ў пачатку 1945 года.
“Усіх нас адправілі на зборны пункт, а потым – на перадавую, – згадвае М. Д. Ткачоў. – У асноўным у штрафныя батальёны. Я трапіў на 2-гі Беларускі фронт, якім камандаваў К. К. Ракасоўскі. Далі вінтоўку, паказалі, як страляць, – і ў бой”.
Мікалай Дзмітрыевіч удзельнічаў у многіх баях на тэрыторыі Германіі. Згадвае, што тыя людзі, якія па розных прычынах траплялі ў штрафбат (палонныя, зняволеныя з савецкіх лагераў), змагаліся смела і мужна. “У нас была адна мэта: знішчаць ворага, – кажа ветэран. –  Вакол свісталі кулі, падалі абломкі будынкаў. А мы з клічам “За перамогу!” ішлі на прарыў…”.
У адным з баёў М. Д. Ткачоў быў цяжка паранены – куля прайшла каля самага сэрца. Амаль паўгода лячыўся ў шпіталі, там жа сустрэў і Перамогу.
Пасля вайны Мікалай Дзмітрыевіч амаль трыццаць гадоў адпрацаваў у ПМК-70  тынкоўшчыкам-мулярам. Большасць новабудоўляў 60-70-х гадоў прайшлі праз яго рукі. І зараз, калі Мікалай Дзмітрыевіч выбіраецца ў цэнтр Шуміліна, заўсёды звяртае ўвагу на тыя будынкі, якія ўзводзіў сваімі рукамі. Напрыклад, на адміністрацыйны будынак райспажыўтаварыства, на двухпавярхоўкі  па вуліцах Ленінскай і Юбілейнай. “Многа дамоў у той час будавалася і ў вёсках раёна, – згадвае М. Д. Ткачоў. – У Амбросавічах, Мішневічах, Башнях, Ляжнях і іншых вёсках будаваліся шматкватэрныя дамы”.  Мікалай Дзмітрыевіч заўсёды лічыў і лічыць зараз, што работа муляра-тынкоўшчыка – адна з самых важных і патрэбных.
З добрымі шчырымі словамі ў дзень юбілею да М. Д. Ткачова завітала старшыня раённай арганізацыі ветэранаў К. Ф. Палоўнікава.   Павіншаваць юбіляра і ветэрана працы ПМК-70 прыйшлі таксама начальнік аддзела па кадрава-прававой і ідэалагічнай рабоце прадпрыемства С. У. Мацвеева і старшыня прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства І. В. Іванова.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №5 ад 20.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *