О бывшем начальнике милиции Михаиле Бородавко

Актуалии Закон Людзі і лёсы

“Ёсць прадаўжэнне міліцэйскай дынастыі. І я ганаруся гэтым”
Сярод начальнікаў Шумілінскага РАУС было ўсяго два палкоўнікі. Адзін з іх – Міхаіл Якаўлевіч Барадаўка. Былыя калегі пра яго згадваюць як пра чалавека моцнага духам, прынцыповага і патрабавальнага, эмацыянальнага па характары. Будучы начальнікам, ён заўсёды па-чалавечы адносіўся да супрацоўнікаў, гарой стаяў за сваіх калег. Разам з тым Міхаіл Якаўлевіч – добры і шчыры чалавек, клапатлівы муж, бацька і дзядуля.
На мінулым тыдні М. Я. Барадаўка адзначыў 70-годдзе. Павіншаваць яго прыйшлі дэлегацыя РАУС на чале з начальнікам А. Р. Дзмітрэнкам і старшыня ветэранскай арганізацыі І. А. Касцюк. Мы далучыліся да шчырых пажаданняў здароўя і дабрабыту і папрасілі згадаць юбіляра пра ягоныя міліцэйскія будні.
–  Міхаіл Якаўлевіч, чаму вы пайшлі працаваць менавіта ў міліцыю?
–  Я не мроіў міліцэйскай работай ні ў дзяцінстве, ні ў юнацтве. Пасля ваеннай тэрміновай службы ў войсках супрацьпаветранай абароны, куды трапіў практычна пасля заканчэння школы, мне, як члену Камуністычнай партыі, далі накіраванне ў Ленінградскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча войск супрацьпаветранай абароны на факультэт ваеннай журналістыкі. Але мне не хапіла ўсяго аднаго бала. Мой дзядзька, які тады працаваў міліцыянерам у Ленінградзе, параіў мне ісці паступаць у спецыяльную школу міліцыі на следчы факультэт. Так я стаў ленінградскім студэнтам.
–  А як апынуліся зноў у Беларусі?
–  Калі было размеркаванне, папрасіўся сюды сам. Сказаў, што хачу на радзіму, да бацькоў, якія жывуць у Мікіцісе. Праўда, прызначылі мяне на службу не зусім на радзіму: спачатку сем гадоў працаваў следчым у Верхнядзвінску, потым столькі ж намеснікам начальніка Міёрскага РАУС. І толькі ў 1984 годзе вярнуўся ў Шуміліна і ўзначальваў аддзел унутраных спраў на працягу дзесяці гадоў.
–  90-ыя гады – гэта складаны час, калі і крымінал працвітаў, і на дарогах было неспакойна.
–  Гэта сапраўды так. Часта прыходзілася спаць у кабінеце на крэсле ў прамым сэнсе гэтага слова. Нярэдка дзяжурылі па некалькі сутак запар, сядзелі ў засадах, каб высачыць злачынцаў, дзяжурылі на дарогах. А там усяго можна было чакаць. Неаднойчы прыпынялі машыны, у якіх везлі зброю. Можна сказаць, нашы супрацоўнікі штодзень рызыкавалі жыццём.
–  Ведаю, што ў той час калегі далі вам мянушку Віхор…
–  Я добра ведаў, як клічуць мяне за вочы. Мянушка дакладна перадавала мой характар – я ж халерык, не прывык сядзець на адным месцы і заўсёды з’яўляўся там, дзе мяне не чакалі. Да таго ж, у цяжкія гады перабудовы і трэба было быць “віхрам”, інакш бы аддзел не паспяваў раскрываць злачынствы.
– А якія з раскрытых спраў былі самымі цікавымі?
–  Іх вельмі многа. Гэта  і забойства дзяўчыны з Сураўнёў (справа Міхасевіча), і забойства полацкай 8-гадовай дзяўчынкі, якую прывезлі ў Мясаедаўскі лес. Ну, а яшчэ ўзяцце банды ў Тарасёнках, якая працяглы перыяд грабіла вясковыя магазіны і калгасныя касы, якая забіла чалавека ў Лявонаве. Помніцца, пасля раскрыцця гэтай справы згодна з загадам міністра ўнутраных спраў нашы супрацоўнікі атрымалі прэмію ў памеры месячнага аклада.
–  А што давала сілы?
– Узаемападтрымка і давер калег,  а таксама надзейны тыл. Маю на ўвазе сваю жонку і траіх дзяцей.
– А ці ёсць прадаўжэнне ў міліцэйскай дынастыі Барадавак?
– Вядома, і я вельмі ганаруся гэтым. Калісьці мой бацька працаваў у Міністэрстве дзяржаўнай бяспекі ў Віцебску. Ягоны родны брат, як я ўжо казаў, быў міліцыянерам у Ленінградзе. Дваццаць пяць гадоў у міліцыі служыў я. Сын Дзмітрый працуе міліцыянерам у Віцебску. А ў гэтым годзе акадэмію МУС у Мінску закончыў унук Алег, ён уладкаваўся ў Полацкі ГАУС. Хто ведае, можа праўнукі, якіх вельмі хачу дачакацца, таксама выберуць прадзедаву прафесію.
– Якім, на вашу думку, павінен быць чалавек, які сёння прыйшоў працаваць у міліцыю?
– Перш-наперш ён павінен усведамляць, куды ідзе, для чаго, і разумець: лёгка не будзе. Асноўныя крытэрыі міліцыянераў – адказнасць, добрая фізічная падрыхтоўка, уважлівасць да людзей, уменне іх выслухаць, зразумець і дапамагчы.
– А чым зараз, будучы на заслужаным адпачынку, жыве былы начальнік міліцыі?
–  Сваёй сям’ёй. Дзецьмі і ўнукамі. Толькі ў шаноўным узросце разумееш, што гэта і ёсць самае дарагое на свеце. Летам жыву на дачы, вырошчваю садавіну і гародніну.

Ларыса Зайцава.

Надрукавана ў №57 ад 25.07.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *