Тэма тыдня: Моладзь Беларусі: адкрыты дыялог

Тема недели

У Мінску 19-20 студзеня ў фармаце адкрытага дыялогу «Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня» прайшоў 42-і з’езд БРСМ. У маштабным форуме, які праходзіць раз у тры гады, прынялі ўдзел 1 тыс. дэлегатаў з’езда з усёй краіны, а таксама госці і запрошаныя — усяго каля 3 тыс. чалавек. У першы дзень работы з’езда стартавала патрыятычная акцыя «Мы помнім і ганарымся», прысвечаная 70-годдзю Вялікай Перамогі. Акцыя прадоўжыцца па ўсёй Беларусі вахтамі памяці, мітынгамі, фестывалямі і форумамі, сустрэчамі з ветэранамі. 20 студзеня ў Палацы Рэспублікі адкрылася выстаўка патрыятычнай фатаграфіі «Разам дом пабудуем», на якой прадстаўлены найбольш яркія моманты з жыцця арганізацыі.
Цэнтральным мерапрыемствам з’езда стаў адкрыты дыялог «Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня», у фармаце якога прайшлі сустрэчы дэлегатаў з’езда з кіраўніком дзяржавы, прадстаўнікамі кіраўніцтва і творчымі дзеячамі рэспублікі.
На з’ездзе падведзены вынікі работы арганізацыі, а таксама выбудавана стратэгія развіцця на бліжэйшыя гады. Першым сакратаром ЦК ГА БРСМ выбраны Андрэй Белякоў, выбраны Цэнтральны камітэт у складзе 27 чалавек, унесены змяненні і дапаўненні ў статут арганізацыі і зацверджаны новы ўзор маладзёжнага білета — у выглядзе банкаўскай карткі. БРСМ прынята рашэнне накіраваць прэмію Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» на стварэнне маладзёжнага патрыятычнага цэнтра на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. У год высокай палітычнай адказнасці, якім будзе для ўсёй краіны 2015-ы, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі мае намер прыняць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні кампаніі па выбарах Прэзідэнта. Да 70-годдзя Перамогі БРСМ плануе рэалізаваць рэспубліканскі патрыятычны праект «Кветкі Вялікай Перамогі!». Сімвал праекта — кветка яблыні з чырвона-зялёнай стужачкай — сведчанне працвітання і поспеху суверэннай незалежнай Беларусі за апошнія 20 гадоў. У планах БРСМ на 2015 год рэалізацыя шэрага праектаў грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі, падтрымка маладзёжных ініцыятыў, забеспячэнне занятасці моладзі, у тым ліку развіццё студатрадаўскага руху.
У заключны дзень форуму ў яго рабоце прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У сваім выступленні ён даў ацэнку дзейнасці БРСМ, закрануў асноўныя праблемы, якія хвалююць сучасную моладзь. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў рэспубліканскі патрыятычны праект «Кветкі Вялікай Перамогі!» і ўручыў пераходны сцяг, заснаваны ўказам Прэзідэнта, студэнцкаму будаўнічаму атраду «Дзвіна» імя Героя Савецкага Саюза В.І.Яронькі, які прызнаны лепшым па выніках 2014 года.
Лукашэнка: дзяржава зробіць усё для рэалізацыі мер па паляпшэнні становішча моладзі
Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на 42-м з’ездзе Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць таго, што моладзь адкрыта ў шырокім складзе намячае стратэгію дзеянняў БРСМ, ацэньвае работу кіраўніцтва арганізацыі і актыву.
«Нашы з вамі рэгулярныя стасункі — гэта добры прыклад таго, як павінны будавацца адносіны дзяржавы і грамадскіх арганізайцый», — адзначыў Прэзідэнт.
«Гэта рэальная магчымасць выказаць сваю пазіцыю па актуальных пытаннях жыцця, данесці ад імя моладзі прапановы і быць пачутымі. А для дзяржавы — гэта добрая пляцоўка, каб разумець, чым жыве моладзь, і знаходзіць найлепшыя формы ўзаемадзеяння на карысць нашай Радзімы», сказаў ён.
Цікава пачуць, як мысліць моладзь, што лічыць важным і карысным для краіны. «І калі ў нас дыялог, то важна, каб і вы мяне не толькі паслухалі, але і пачулі, аб’ектыўна ацанілі ўсё тое, што робіцца ў нашай маладой суверэннай дзяржаве для вас, для паспяховага сучаснага і ўпэўненай будучыні», — сказаў Прэзідэнт.
Ён таксама падкрэсліў, што сёння ва ўсім свеце, Беларусь не з’яўляецца выключэннем, запатрабаваны моцныя, самастойныя, мэтанакіраваныя людзі. Яны патрэбны ўсюды — на вытворчасці і ў палітыцы, у бізнесе і ў навуцы, у адукацыі і дзяржкіраванні. Гэта рухавік прагрэсу, ад энергіі і моцы якога залежыць дынаміка развіцця грамадства.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Беларусь — адна з нямногіх дзяржаў, дзе маладзёжнаму руху ўдзяляецца асаблівая ўвага. Як кіраўнік дзяржавы я стаўлю ў шэраг першарадных стратэгічных задач фарміраванне такога маладога пакалення, якое складала б ядро нашай працавітай, адукаванай і здаровай нацыі».
«Дзяржава ніколі не пакіне маладых людзей сам-насам са сваімі праблемамі, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Мы гатовы выбудоўваць нашы адносіны з моладдзю на поўным узаемным даверы. Дзяржава зробіць усё для рэалізацыі канкрэтных мер, накіраваных на паляпшэнне становішча моладзі ў краіне».
На думку Прэзідэнта, адказнасць, самастойнасць, ініцыятыва павінны стаць галоўнымі рысамі пакалення моладзі, а разам з ім — і ўсёй краіны. У сваю чаргу дзяржава, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, не здымае з сябе задачы стварэння неабходных умоў для самарэалізацыі і адукацыі моладзі. «Дзяржава па-ранейшаму будзе стаяць на яе абароне, дапамагаць у адаптацыі да сучасных умоў, каб мы ўсе разам змаглі пайсці далей, да больш высокай якасці жыцця», — заявіў Прэзідэнт.
Падтрымка маладых сем’яў застанецца адным з прыярытэтаў палітыкі Беларусі — Лукашэнка
«Трэба сумленна прызнаць, што ў нечым з гэтымі прыярытэтамі мы нават перагнулі палку, імкнучыся, можа, залішне, папярэдзіць, падстрахаваць або засцерагчы ад цяжкасцей маладога чалавека, які ўступае ў дарослае і самастойнае жыццё. А жыццё не падманеш. Калі не прывучыць сябе да пераадолення меншых цяжкасцей, з вялікімі ніколі не справішся», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў рэгіёнах будзе нарошчвацца будаўніцтва жылля, а ў Мінску скарачацца. «Менавіта з наяўнасцю жылля сямейная моладзь часта звязвае рашэнне мець дзяцей. Нехта з асуджэннем скажа, што гэта вельмі прагматычна. Я адкажу: так, прагматычна. Але і патрыятычна таксама, паколькі гэта залог таго, што дзеці будуць абаронены ад бытавой неўладкаванасці, забяспечаны ўмовамі для нармальнага росту і развіцця», — лічыць Прэзідэнт.
«Згодна з сацыялагічнымі апытаннямі, дзеля будучага сваёй сям’і і дзяцей моладзь гатова да ўнутранай міграцыі. Гэта вельмі добры знак, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Прыход у Беларусь новых тэхналогій прымушае ацаніць тыя перавагі, якія з’яўляюцца ў маладых людзей у рэгіёнах пры наяўнасці там дастойнай і цікавай работы. Здаровая экалогія, крокавая даступнасць работы і сацыяльных аб’ектаў. А самае галоўнае — магчымасць хутчэй вырашыць жыллёвае пытанне».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым у маладога пакалення ўзважанае і сур’ёзнае стаўленне да нараджэння і выхавання дзяцей. Паводле яго слоў, менавіта для гэтай сацыяльна адказнай большасці прызначана новая праграма дзяржаўнай падтрымкі «Вялікая сям’я», якую запусцілі з пачатку 2015 года.
«З дабрабыту сем’яў складваецца дабрабыт нацыі. Толькі такая формула здольна забяспечыць нам працвітанне», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка: нацыянальная культура, мова і гісторыя робяць беларуса беларусам, а не проста «тутэйшым»
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў эпоху глабалізацыі нацыянальныя культуры не страчваюць актуальнасці.
«Ёсць шырока распаўсюджанае меркаванне: у сучасным свеце няма месца нацыянальным культурам, а ім на змену прыходзіць адна — глабальная. Думаю, што гэта не так. У кожнага народа ёсць уласная сістэма каардынат, вектар развіцця, зададзены яго гістарычным вопытам і нацыянальнай культурай. Праз іх прызму мы ўспрымаем свет. Ці ўключаемся мы ў эканамічныя альянсы, ці пераймаем тэхналогіі, ці далучаемся да сусветнай культуры, мы ўсё роўна ўсё прапускаем праз сябе. І гэта дае магчымасць нам перажыць, засвоіць, калі хочаце, глабалізацыю, узяць ад яе толькі тое, што нас умацоўвае», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«Культура — вось што робіць беларуса беларусам, а не проста «тутэйшым», у якой бы кропцы зямнога шара ён ні знаходзіўся. Не толькі наша багацейшая спадчына: літаратура, музыка, архітэктура — але і мова, якую мы павінны ведаць, гісторыя, якую мы павінны помніць, і каштоўнасці, якія мы павінны шанаваць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На думку Прэзідэнта, інтэграцыйныя працэсы, сустрэчы з людзьмі іншых традыцый, іншага сацыяльнага вопыту пабуджаюць больш уважліва ўглядацца ў саміх сябе. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым успомніў чэмпіянат свету па хакеі, які ў маі мінулага года ўпершыню прайшоў у Беларусі. «Мы паўсталі перад гасцямі як самабытнейшы еўрапейскі народ. Нашы адкрытасць і дружалюбнасць, спакой і гасціннасць прымусілі не толькі здзіўляцца прыезджых, але і ў нас саміх выклікалі гордасць і самапавагу. І ў гэтым вялікая заслуга вас — моладзі, тых дзяўчат і хлопцаў, якія запісаліся ў валанцёры і зрабілі ўсё, каб госці даведаліся пра Беларусь і яе жыхароў з найлепшага боку», — сказаў кіраўнік дзяржавы, падзякаваўшы за гэта моладзі.
Прэзідэнт Беларусі падтрымаў праект БРСМ «Кветкі Вялікай Перамогі!»
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі на 42-м з’ездзе грамадскага аб’яднання прадставіў праект «Кветкі Вялікай Перамогі!» і ўручыў Прэзідэнту Беларусі яго сімвал — кветку яблыні з чырвона-зялёнай стужачкай.
Прэзідэнт падтрымаў гэту ініцыятыву моладзі. Рэспубліканскі патрыятычны праект «Кветкі Вялікай Перамогі!» будзе рэалізаваны ў год 70-годдзя Перамогі. Яго сімвалам выбрана кветка яблыні як сведчанне працвітання і поспеху суверэннай незалежнай Беларусі за апошнія 20 гадоў.
«Пераможны май 1945 года асацыіруецца з вялікім пачуццём усенароднай радасці, гонару і шчасця, з водарам квітнеючых яблынь, якія, здавалася б, сама прырода падарыла народу-пераможцу як сімвал адраджэння і ўсенароднага свята, — адзначылі ў саюзе моладзі. — Яблыневы цвет — гэта сімвал вясны, адраджэння, пачатку новага жыцця, што як мага лепш перадае агульнанародную радасць розных пакаленняў у сувязі з Днём Вялікай Перамогі. Вобраз квітнеючага яблыневага саду сімвалізуе ўрадлівасць, дабрабыт, дынамічнае развіццё, поспех і працвітанне суверэннай незалежнай Беларусі за апошнія 20 гадоў. Стужачка ў кветках нацыянальнай сімволікі падкрэслівае гістарычную значнасць Дня Перамогі ў нашым грамадстве, яго вялікую ролю ў станаўленні і развіцці краіны».
Праект прадугледжваецца зрабіць дабрачынным, кветачныя бутаньеркі раздаваць паўсюль за сімвалічную грашовую ўзнагароду. Выручаныя сродкі будуць сабраны на рахунку праекта для аказання адраснай дапамогі ветэранам.
Арганізатары спадзяюцца, што праект знойдзе свой водгук у сэрцах беларусаў, стане штогадовым і агульнанацыянальным.
Лукашэнка: рэальныя партнёры дзяржавы ў захаванні стабільнасці — маладзёжныя групы патрыятычнай накіраванасці
«Ва ўмовах, калі супраць суверэнных дзяржаў пачынаюць выкарыстоўвацца розныя паліттэхналогіі з апорай на раздзіманне пратэстнага руху, агрэсіўнага нацыяналізму, мы бачым рэальнымі партнёрамі дзяржавы ў захаванні яе стабільнасці менавіта маладзёжныя групы патрыятычнай накіраванасці, якія не прымаюць дэструктыўныя паводзіны», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі беражліва і настойліва выбудоўваецца сістэма ўзаемадзеяння дзяржавы і моладзі. «Цяпер адносіны ўлады да моладзі нагадваюць час, калі дзеці выходзяць з-пад бацькоўскага крыла. Кожны з бацькоў, я ў гэтым упэўнены, жадае, каб яго сын ці дачка дабіліся ў жыцці поспеху, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Не важна, у якой сферы і на якой пасадзе, галоўнае — адбыцца як прафесіянал і як чалавек. Тое ж самае і ў краіне. Ёй аднолькава неабходны інжынеры і ўрачы, рабочыя і бізнесмены, аграномы і механізатары, ваенныя і артысты. Дрэнны для Беларусі той, хто нічога не робіць або робіць у абход закону».
Прэзідэнт сказаў, што засмуціць нядобразычліўцаў:
«Не спадзявайцеся — развіццё нашага падрастаючага пакалення мы ні ў якім выпадку не пусцім на самацёк, не зробім яго беспрытульным. Мы бачым на прыкладзе іншых дзяржаў, што можа адбыцца, калі не займацца  развіццём і вольным часам моладзі».
Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, Беларусь, перш за ўсё вуснамі маладога пакалення, павінна дакладна і зразумела сказаць усім замежным тэатралам ад палітыкі: «Ваша драматургія на вуліцах і плошчах гарадоў свету — штучна створаны і запушчаны сцэнарый. У Беларусі ў гэтым пераканаліся. Мэта нашых нядобразычліўцаў — зрабіць моладзь той разбуральнай сляпой сілай, якая дапаможа прарвацца да ўлады замежным стаўленікам і пажывіцца за кошт будучых пакаленняў, за кошт абрабавання краіны. Гэтыя выклікі і пагрозы трэба не проста бачыць, але і рашуча ім процістаяць».
Лукашэнка: ні адна дзяржава сёння не адчувае сябе абароненай ад спроб умяшання ва ўнутраныя справы і тэрарызму
«Адна з важнейшых задач моладзі — гатоўнасць да абароны сваёй Радзімы. Гэта не пафасная фраза, а патрабаванне жыцця. На жаль, ХХІ стагоддзе так і не прынесла чалавецтву збавення ад кашмараў вайны, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Тое, што адбываецца ў свеце і ўжо ў непасрэднай блізкасці ад нашых граніц, практычна ля парога нашага дома, прымушае ўспомніць урокі гісторыі і запаветы пакалення пераможцаў аб неабходнасці як зрэнку вока берагчы Айчыну, ахоўваць свет і спакой на роднай зямлі».
Прэзідэнт адзначыў, што маладзёжныя праекты, у тым ліку па захаванні памяці аб подзвігу ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, сёння як ніколі важныя. «Страціўшы гэту Вялікую Перамогу, страціўшы тое, што мы не павінны страціць, — страцім будучыню. Таму вашы дзеянні, звернутыя ў сярэдзіну мінулага стагоддзя, як ніколі важныя і актуальныя для нашага грамадства сёння. Таму яны атрымліваюць падтрымку ўлад і будуць атрымліваць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў зале прысутнічаюць маладыя людзі ў пагонах. «Яны выбралі адну з самых небяспечных і самых патрэбных прафесій, без якой не можа быць нармальнага жыцця, нармальных умоў для працы і развіцця ні ў адной дзяржаве. І гэта таксама праяўленне патрыятызму — рыхтаваць сябе да барацьбы за сваю зямлю, за сваіх дзяцей, за свае сем’і», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
«Дзяржава заўсёды будзе рабіць усё, каб абаронца Радзімы быў сапраўднай гордасцю народа. Але і кожны з нас незалежна ад роду сваёй дзейнасці абавязаны ўнесці ўклад ва ўмацаванне дзяржавы і прымнажэнне яе нацыянальных багаццяў. Тады народ Беларусі можа быць упэўнены ў сваёй здольнасці абараніць суверэнітэт і незалежнасць краіны», — адзначыў Прэзідэнт.
Лукашэнка: моладзі няма неабходнасці ехаць за мяжу, каб дабіцца поспеху
Кіраўнік дзяржавы ў сваім выступленні закрануў тэмы адукацыі і кадравай палітыкі. «Сённяшні тэхналагічны ўклад робіць свет даступным і ў пэўным сэнсе аднолькавым. Выраўноўваюцца магчымасці атрымання адукацыі і арганізацыі вытворчасці, укаранення найноўшых спосабаў лячэння і доступаў інфармацыі, правядзення даследаванняў і арганізацыі гандлю, — сказаў Прэзідэнт. — Таму, каб дабіцца камерцыйнага поспеху, навуковага прызнання, нарэшце, проста сямейнага дабрабыту, няма неабходнасці ехаць за акіян. Для гэтага не трэба нават пераязджаць з глыбінкі ў сталіцу. Усюды патрабуецца максімальнае ўкладанне ўласнай працы і настойлівасць у дасягненні мэты. Важна, каб кожны з вас як мага раней зразумеў і прыняў гэту простую ісціну».
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ён ні ў якім разе не адгаворвае моладзь ад уласцівага юнацтву жадання пабачыць свет. «Паедзьце і паглядзіце, вучыцеся, калі гатовы, асвойвайце новае, пераймайце карыснае. Але наўрад ці вас чакаюць там з распасцёртымі абдымкамі. Там даўно прывыклі лічыць грошы і проста так нічога не робяць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. «Не цешце сябе, што там вы знойдзеце нешта асаблівае, ісціну ў апошняй інстанцыі, — сказаў Прэзідэнт. — Сёння няма сусветных цэнтраў, дзе акумуляваліся б веды. Веды рассеяны паўсюль і ствараюцца кожнае імгненне адначасова ў розных кропках зямнога шара, у тым ліку ў навуковых цэнтрах і ўніверсітэтах Беларусі. З-за гэтага змяняецца ўся ранейшая сістэма адукацыі, асабліва вышэйшай. Той, хто хоча застацца першым у сваёй сферы, у прафесіі, не перастае вучыцца ўсё жыццё».
Прэзідэнт канстатаваў, што змяняецца і роля дзяржавы ў сістэме адукацыі. «Мы павінны прадаставіць і забяспечыць кожнаму маладому чалавеку якасную базавую адукацыю, а таксама выхаванне — тое, што стане фундаментам яго асобаснай сталасці. Далей — персанальны выбар і індывідуальны шлях развіцця, шлях да вашага дабрабыту і шчасця. Ужо сёння наймальнік глядзіць не толькі на дыплом, але і на дадатковыя веды і вопыт, якія выпускнік набыў, працуючы над сабой: курсы, трэнінгі, школы, стажыроўка, навуковыя даследаванні, самастойная работа», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Здавалася б, да такой сістэмы адукацыі маладое пакаленне гатова лепш, чым папярэдняе. У той жа час маладыя людзі ва ўзросце да 30 гадоў складаюць трэцюю частку беспрацоўных, зарэгістраваных у органах службы занятасці, а гэта больш за 55 тыс. чалавек. «У чым прычына — у недахопе ведаў або ў завышаных патрабаваннях кіраўнікоў?» — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы. Ён думае, што ў неапраўданых запатрабаваннях саіскальнаў. Работы ў краіне хапае, вось толькі «зялёныя» выпускнікі ВНУ хочуць усё і адразу. Не хочуць працаваць на нізавых пасадах, лічаць, што ім належыць максімальна магчымая зарплата. Напрыклад, малады юрыст не хоча разумець, якія страты можа панесці кампанія, калі складаць шматмільённы кантракт будзе ён, а не яго больш вопытны калега. Юны інжынер хоча адразу атрымліваць зарплату генеральнага дырэктара, але не задумваецца, колькі таму давялося пераадолець цяжкіх прыступак на шляху да кіраўніцтва прадпрыемствам.
«Нічога нікому не даецца адразу, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Нельга выехаць на шырокую дарогу, не пераадолеўшы старту, не разагнаўшы аўтамабіль, недзе нават не забуксаваўшы. Скажу прама: адукацыя — гэта, калі хочаце, усяго толькі вадзіцельскае пасведчанне, а здольнасць стаць лепшым спецыялістам, ісці ўверх па кар’ернай лесвіцы, да матэрыяльнага дабрабыту — гэта прафесіяналізм вадзіцеля, які выпрацоўваецца гадамі».


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *