Знакомтесь: рекордсмен Беларуси Артём Рисовцев

Молодёжь Спорт, туризм

Рэкардсмен Беларусі
З 8 па 11 студзеня ў спарткомплексе “Стайкі” прайшоў чэмпіянат Беларусі па класічным паўэрліфцінгу.
(Паўэрліфцінг (анг. powerlifting) – сілавы від спорту, які заключаецца ў пераадоленні супраціўлення максімальна цяжкой для спартсмена вагі. Паўэрліфцінг таксама называюць сілавым трохбор’ем. У спаборніцтвы ўваходзяць тры практыкаванні: прысяданне са штангай на спіне, жым штангі лежачы і цяга штангі.).
На спаборніцтвы былі заяўлены амаль 400 спартсменаў у трох узроставых групах. На чэмпіянаце ўстаноўлена і зафіксавана больш чым 100 рэкордаў Беларусі. Сярод рэкардсменаў і наш зямляк Арцём Рысаўцаў. Арцём устанавіў рэкорд Беларусі па суме (575 кг) у вагавой катэгорыі да 105 кг сярод спартсменаў да 18 гадоў.
Арцём Рысаўцаў летась закончыў СШ №2, зараз ён студэнт Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-педагагічнага каледжа. Паўэрліфцінгам займаецца гады чатыры: у трэнажорную залу прывёў дзядзька. “Фактычна маім першым трэнерам стаў Юрый Абраменка, – расказвае хлопец. – Юрый дапамагаў, падказваў”.
Калі вучыўся ў школе, Арцём займаўся паўэрліфцінгам для сябе, каб проста быць у добрай фізічнай форме. Як сам расказвае, удзельнічаў у некалькіх абласных спаборніцтвах, але высокіх вынікаў не паказаў.
Не кінуў юнак спорт і ў Віцебску, пайшоў трэніравацца ў спарткомплекс “Камсамолец”. Зноў-такі, трэніраваўся толькі для сябе, а не для спаборніцтваў. “У канцы мінулага года прапанавалі паўдзельнічаць у чэмпіянаце Беларусі па паўэрліфцінгу, – расказвае Арцём. – Адчуваў, што няблага гатовы да спаборніцтваў – вось і згадзіўся”.  На чэмпіянаце выступленне 17- гадовага цяжкаатлета стала адным з галоўных адкрыццяў спаборніцтваў. Фактычна першы раз удзельнічаў у такіх прэстыжных спаборніцтвах і адразу – абсалютны чэмпіён Беларусі па жыме лежачы (150 кг), першае месца ў жыме лежачы ў вагавой катэгорыі звыш 93 кг, першае месца ў сілавым трохбор’і. Плюс да ўсяго ўстанавіў нацыянальны рэкорд па суме практыкаванняў.
Арцёму Рысаўцаву  неўзабаве споўніцца 18, а гэта – новая ўзроставая катэгорыя. “Нічога страшнага, – усміхаецца цяжкаатлет. – Буду трэніравацца – будзе вынік і ў новай узроставай групе. Хачу выканаць нарматыў кандыдата ў майстры спорту. Мажліва, паспрабую сябе ў цяжкай атлетыцы – алімпійскім відзе спорту. А гэта ўжо зусім іншыя перспектывы…”
Аляксандр Шэдзько.
Надрукавана ў №7 ад 27.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *