Золата і ўбоства ўсмешкі

Духоўнае

Золата і ўбоства ўсмешкі
Любіў і люблю ўсмешлівых людзей. З імі цёпла, яны могуць развеяць тваю нудоту.
Твой настрой людзі заўважаюць. Заўважаюць, як толькі ты змяніўся. Хаця стан задуменнасці лічу ўсё ж неабходным у жыцці, важна пабыць сам-насам з думкамі, паразважаць аб тым, хто ты, чаго з’явіўся на гэты свет і што ад яго чакаеш. Ад яго ці ад каго яшчэ – усё роўна ведаю, што стан задуменнасці, элегія, нават журба для чалавека патрэбны. Можа, для маладых і не так важна, а для людзей майго пакалення – проста нібы глыток вады ў спёку.
Усмешка ішла са мной поруч. І самая шчаслівая з іх, вядома, ад свайго дзіцяці, а зараз – ад унучак. Можа, нават іх першыя ўсмешкі найбольш і цешаць маё сэрца. Але згадваю і не такія – не самыя шчырыя,  затое нацягнутыя і нават здзеклівыя. Быў час, калі давялося сядзець у крэсле рэдактара газеты.  Краіна рыхтавалася да выбараў у  Вярхоўны Савет. Вядома ж, газета як рупар ва ўсе часы была ў такі момант месцам паломніцтва і званкоў. Тады была дастойная альтэрнатыва. Хапала думак, спрэчак і людзей неардынарных, а часам адыёзных. Зачасціў у рэдакцыю адзін з адыёзных. Працягвае мне сваю перадвыбарную платформу і кажа: ”Каб было слова ў слова”.  Бачу яго твар з усмешкай, вострай і нейкай нядобрай, хачу давесці, што праграмы павінны быць аднолькавыя ва ўсіх кандыдатаў, і заўважаю, як мяняецца твар у майго субяседніка, як робіцца ён кпліва-здзеклівы.  І бачу яшчэ ўзмах ягонай рукі, у якой шлем ад матацыкла, і не паспяваю скеміць, што да чаго, як гэты шлём апускаецца мне на галаву…
Гэты выцятак шлемам помню. Як і ўсмешку. Помню людзей з поснай усмешкай, хмурнай і непрыветлівай, помню сытыя ўсмешкі, і з той жа нахабнасцю, што і мой візаві са шлемам. Іх было няшмат, сытых усмешак, але адзін выпадак засеў у маёй памяці. Перад вачыма паўстае худы, дробны дзядзька, які  падруліў на шыкоўным аўто пад самы ганак вясковага магазіна. Вылез і, не зачыняючы дзверцу, прабегся вачыма па шыльдзе на дзвярах. Шыльда ці паперка, якая мацавалася на ёй, неяк сумела яго ці, можа, здзівіла. Ён сеў у машыну, і яна рэзка ўзяла з месца. Неўзабаве пад’язджаў ужо да крамы з поўным салонам людзей.
За той час, што яго не было, захацелася пачытаць і мне гэтую паперку. Падышоў: “У продажы чорная ікра, сёмга, фарэль, омуль. Цэны смешныя.”
– Адкуль усё гэта? – пытаюся ў прадаўца.
Аказалася, у вёску заехаў чалавек з Забайкалля. На сваёй машыне, да сваякоў, і прывёз усякіх прысмакаў. Вось скінуў, каб прадала.
Салон людзей закупіў усю партыю. Вяскоўцы, хутчэй за ўсё, нават і не паспелі пакаштаваць далікатэсаў. Помню, як выносіў той высахлы  дзядзька са сваімі хаўруснікамі з вясковай крамы торбы рыбы і бляшанкі з ікрой. Таннай. І на твары ў гэтага “алігарха”  жыла, не, проста крычала ўсмешка сытага, не шчаслівага, а менавіта сытага чалавека.
Ёсць усмешка спапяляючая, ёсць хітрая, ёсць недарэчная, мудрая і паблажлівая – тысячы  ўсмешак-настрояў і адценняў. Заўсёды чакаю ўсмешкі ад жанчыны, усмешкі абаяльнай, трохі какетлівай (толькі трохі, і не ўсмешкі какоткі), па душы  ўсмешка  таямнічая і загадкавая. А ўвогуле, што ні настрой, то і ўсмешка. Аднаго не пераношу: чалавека-манекена, які не ўсміхнецца, які ходзяць, як мумія. Гэтакая панурасць, ваўкаватасць стварае ў мяне цяжкі настрой, ты адчуваеш сябе разгубленым і гнятлівым.
Усмешка доўжыць чалавечае жыццё. І тваё жыццё, і тых, хто з табою побач.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў № 9 ад 03.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *