З блакнота Аліны Пятровай: «Сукенка»

Духоўнае Общество

З блакнота Аліны Пятровай: «Сукенка»

Па вуліцы ішла дзяўчына – светлыя валасы, лёгка забраныя ў касу, адкінуты назад, на нагах красоўкі, на плячах скураная касуха, а з-пад курткі лёгка ўзлятаў падол светлай сукенкі ў гарох. І гэта было так міла, так па-вясноваму, што прахожыя міжволі ўсміхаліся, пазіраючы ёй услед.
Вясна спявае оду сукенцы. У гэтым сезоне яшчэ гучней. І штаны, чорныя усёзацьмяваючыя штаны, якія так палюбіліся нашым жанчынам, паціху адсоўваюцца ў цень. На радасць мужчынам, на радасць самой прыродзе, якая ладзіла жаночую фігуру менавіта пад сукенку, каб падкрэсліць талію, бёдры, прыадкрыць ножкі.
Асабіста я нічога не маю супраць джынсаў і іншых відаў штаноў у жаночым гардэробе, і сама актыўна нашу. Але часта ўспамінаю карціну, якая ўрэзалася ў памяць. На раённай сцэне – свята, у намінантах, якіх запрашаюць падняцца на сцэну, пераважна жанчыны. Ля падмосткаў – малады чалавек падае ім руку, дапамагае падняцца і сысці са сцэны. І дамы (пераважна паважанага ўзросту і такога ж целаскладу) адна за адной займаюць месца ў цэнтры сцэны: адна ў чорных штанах, другая, трэцяя… Усяго дзевяць жанчын у чорных штанах. Сумнае відовішча.
Гэта было гадоў дзесяць таму. З таго часу татальнае зацьменне чорнымі штанамі паціху рассеялася, і жанчыны зноў вяртаюцца да галоўнага і самага пераможнага элемента свайго гардэроба – сукенкі.
Мода зараз вельмі дэмакратычная, у плане фасонаў, фактуры, колераў і нават кошту сукенак – безліч варыянтаў. Клетка, гарох, кветкі, манахром – модна. Прамое, пышнае, з рукавом і без – калі ласка. Белае, чорнае, блакітнае, ружовае, бэж – вітаецца. І нават актуальная даўжыня мідзі – не бясспрэчнасць. Хто будзе супраць, калі стройная дзяўчына выйдзе сустракаць вясну ў міні-сукенцы? Усе прагаласуюць за, мужчыны – стопрацэнтна.
І няпраўда, што карпулентным жанчынам лепей падыходзяць чорныя штаны. Якраз наадварот: сукенка ўпрыгожыць і поўненькіх, і худзенькіх, і ўсіх астатніх. Няма тоўстых жанчын, гаварыла знакамітая Фаіна Ранеўская, ёсць маленькае адзенне.
На маёй памяці яшчэ жыве час, калі ў гардэробе жанчыны былі толькі сукенкі і спадніцы. Не, недзе ў Амерыцы і Еўропе ўжо шырыліся рады модніц у фасоністых штанах, а ў нас жанчыны разглядалі такі элемент адзення толькі як спяцоўку, калі ты, напрыклад, Праскоўя Ангеліна і садзішся за руль трактара.
У нашых мам і бабуль не было гардэробных пакояў, забітых да адказу сукенкамі, спадніцамі, блузкамі і тымі ж штанамі. Памятаю маміны дзве выхадныя сукенкі, пашытыя мадысткай (трэба сказаць, вельмі ўмелай) з суседняй вёскі: валошкавая аднатонная, адразная па таліі з пышнымі рукавамі і крэп-жаржэтавая з геаметрычным малюнкам. А побач з сукенкамі, упакаваная ў шаўковую панчоху, вісела карычневая спадніца плісэ.
У нашым сямейным альбоме захавалася фатаграфія 70-х гадоў, зробленая ў святочны дзень Тройцы, калі да нас прыязджала багата радні. На фотаздымку пяць сямейных пар (мой тата і яго браты з жонкамі); мужчыны ўсе ў касцюмах, а перад імі ў першым радзе – жонкі, усе ў святочных сукенках за калена, а паверх сукенак – двухбортныя жакеты з шырокімі плячыма. Усё, як раіць сёння знакаміты эксперт моды Эвеліна Хромчанка, што сапраўды сведчыць пра цыклічнасць моды і пра тое, што сукенку з п’едэстала ніхто не здымаў. І не здыме. А штаны? Штаны, як трапна заўважыў нехта з вялікіх, лепш за ўсё пасуюць жанчыне, калі яны ідуць побач.
Апублікавана ў №33 ад 30.04.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *