Спайсы и уголовная ответственность за наркотики

Закон Здоровье Общество

Спайсы, якія нясуць смерць
Дэкрэт № 6 узмацняе адказнасць за наркотыкі

Наркотыкі нясуць небяспеку не толькі таму, хто іх ужывае. Яны ўяўляюць вялікую пагрозу для грамадства і дзяржавы ў цэлым. Барацьба з імі вядзецца непрымірымая. Яна пастаянна ўзмацняецца. Дэкрэт № 6 “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”, які ўступіў у сілу з 1 студзеня 2015 года,  узмацніў крымінальную адказнасць за злачынствы ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў і меры адміністрацыйнай адказнасці за ўжыванне наркатычных сродкаў. За незаконныя з мэтай збыту  выраб, перапрацоўку, набыццё, захоўванне, перавозку або перасылку наркатычных сродкаў пагражае абмежаванне волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі. За збыт наркотыкаў арганізаванай групай пагражае пазбаўленне волі да 20 гадоў. Такі ж тэрмін “свеціць” за выраб ці перапрацоўку наркотыкаў у лабараторных умовах”.
Да крымінальнай адказнасці за збыт наркотыкаў  прыцягваюцца падлеткі з 14 гадоў.
Дэкрэтам прадугледжана, што юрыдычныя асобы, індывідуальныя прадпрымальнікі, якія арганізуюць правядзенне дыскатэк, работу культурна-забаўляльных клубаў, павінны сачыць, каб у гэтых установах не было ўжывання, збыту і распаўсюджвання наркатычных сродкаў. У адваротным выпадку пагражае штраф ад 20 да 50 БВ.
“Таксама Дэкрэтам № 6 прадугледжана, што за з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап’янення  пагражае штраф  у памеры ад 5 да 10 базавых велічынь, – кажа старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх А. М. Селязнёва. – Калі ў стане наркатычнага ап’янення чалавек знаходзіцца на рабочым месцы,  то штраф ад  8 да 12 базавых велічынь”.

Небяспечны наркотык
Курыцельныя сумесі аднесены да асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў.  “Гэта толькі на першы погляд здаецца, што спайсы расліннай вытворчасці, – кажа оперупаўнаважаны групы па наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі РАУС  Р. В. Бруеў. – Дакладней кажучы, за аснову бяруцца расліны. Напрыклад, звычайныя лекавыя рамонкі  ці падбел. Але потым гэтыя травы апрацоўваюцца рознымі хімічнымі рэчывамі, якія валодаюць моцным псіхатропным і таксічным эфектам і з’яўляюцца адным з самых небяспечных наркотыкаў. Дарэчы, гэтымі ж рэчывамі апрацоўваюць кавалачкі паперы – так званыя “маркі”. Прычым, кожны раз гэтыя хімічныя рэчывы розныя, больш удасканаленыя. Таму не ведаеш, якім чынам яны падзейнічаюць на чалавечую псіхіку і арганізм у цэлым”.  У нашым раёне выпадкі ужывання спайсаў не выяўлены. Але трывожыць тое, што Шуміліна знаходзіцца паміж двума буйнымі гарадамі – Віцебскам і Полацкам, дзе вучацца студэнты, жывуць родзічы і сябры. На жаль, няма ўпэўненасці ў тым, што курыцельныя сумесі не з’явяцца ў маладзёжным асяродку нашага раёна. Тым больш, што сітуацыя ў вобласці трывожная. Па дадзеных упраўлення наркакантролю і супрадзеяння гандлю людзьмі УУС Віцебскага аблвыканкама рост злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркотыкаў у 2014 годзе павялічыўся: летась зарэгістравана 645 такіх выпадкаў (у тым ліку 227 – за збыт наркатычных сродкаў), а ў 2013 годзе  – 434 выпадкі (96 – за збыт). Прычым, у агульным аб’ёме незаконнага абароту прыкладна 40% займаюць курыцельныя сумесі. На думку спецыялістаў, асноўны паток спайсаў ідзе з Масквы, Смаленска, Санкт-Пецярбурга і Пскова.

“Прыглядайцеся да сваіх дзяцей”
Ведаць пра небяспеку спайсаў важна і патрэбна кожнаму чалавеку. Асабліва падлеткам. Менавіта ім у пераходным узросце хочацца паспрабаваць усяго новага і невядомага, кажа нарколаг райбальніцы Т. У. Іванова. У мінулым годзе Таццяна Уладзіміраўна пабывала ў многіх школах раёна з прафілактычнымі гутаркамі.  Чытачам раённай газеты, у каго ёсць дзеці-падлеткі, Таццяна Уладзіміраўна раіць: “Прыглядайцеся да сваіх дзяцей. Калі ў іх падазроныя паводзіны, тэрмінова біце трывогу. Падазрэнне могуць выклікаць кашаль, сухасць у роце, мутны або чырвоны бялок вачэй, парушэнне каардынацыі. У карыстальнікаў спайсаў затарможаная размова і мысленне, могуць з’яўляцца беспрычынныя прыступы смеху ці рэзкія перапады настрою. У тых, хто пачынае ўжываць курыцельныя сумесі, з’яўляецца раздражняльнасць, дзіця ўхіляецца ад сур’ёзных размоў, пазбягае кантакту з бацькамі. Падлетак пачынае прапускаць школу, падманвае дарослых. Размаўляючы па тэлефоне, уходзіць у іншы пакой. А яшчэ пастаянна просіць грошай, залазіць у даўгі, з дома пачынаюць прападаць рэчы.

У бездань
Нарколагі папярэджваюць: залежнасць ад спайсаў з’яўляецца пасля адной-двух зацяжак. Потым павялічваецца частата ўжывання, затым – доза. Разгон  бездань вельмі хуткі. І вось чалавек не можа без курыцельнай сумесі, становіцца ад яе залежным.
Важна ведаць, што алкаголь, нават піва, правакуе дзеянне наркотыкаў. Чалавек “дурэе”, у яго адключаецца вестыбулярны апарат, губляецца прасторавая і часовая арыентацыя, адключаецца мозг. Чалавек перастае быць чалавекам. Ці патрэбна вам гэта?

“Паляталі…”
Як правіла, тыя, хто ўжывае наркотыкі, адчуваюць на пэўным этапе лёгкасць і эйфарыю. Але спайсы, на думку нарколагаў, па форме залежнасці мацней за гераін. Дэградацыя асобы і шызафрэнія, рак галаўнога мозга ці дыхальных шляхоў, іншыя хваробы развіваюцца хутчэй.  “Нават першая доза курыцельных сумесяў можа аказацца смяротнай, –  кажа   Р. В. Бруеў. –  Асабліва для падлеткаў”. Згадваецца выпадак у Гарадоцкім раёне, калі падлеткі знайшлі спайсы, закручаныя ў 50-тысячную купюру. Пакурылі. Пасля гэтага хлопцы (дарэчы, адзін з іх быў з нашага раёна) апынуліся ў рэанімацыі – можна сказаць, ім пашанцавала. Зарэгістраваны падобныя трагічныя выпадкі ў Віцебску, Полацку, іншых гарадах.  Усяго за мінулы год з перадазіроўкай наркатычных сродкаў у бальніцах вобласці пралячыліся 93 чалавекі (прычым, большая частка з іх ужывала курыцельныя сумесі).
“Самае страшнае, што пры ўжыванні спайсаў з’яўляюцца галюцынацыі, – кажа Руслан Васільевіч. – І падлеткі могуць пакалечыць адзін аднаго. Напрыклад, у Мінску хлопец “выйшаў з акна шматпавярховага дома”, бо яму захацелася палятаць. А ў Гомелі трое падлеткаў “за кампанію” накурыліся спайсаў, пасля чаго двое выкалалі трэцяму вочы…”

Злачынная групоўка
Спайсы  – гэта не далёкае ці недасягальнае. Яны могуць апынуцца побач з кожным з нас, лічаць спецыялісты ўпраўлення наркакантролю і супрадзеяння гандлю людзьмі УУС Віцебскага аблвыканкама. І ў якасці прыкладу прыводзяць злачынную групоўку, якую раскрылі ў Віцебску ў мінулым годзе. Трое маладых людзей займаліся вырабам і распаўсюджваннем наркотыкаў праз інтэрнэт. У групоўцы былі распрацаваны рэцэпты вырабу спайсаў, была свая  рэклама, скідкі пастаянным пакупнікам, бясплатныя пробныя дозы – навічкам. Адзін займаўся фасоўкай доз, другі вёў перапіску, трэці  адказваў за фінансы, а чацвёрты адвозіў спайсы да спажыўцоў. Устаноўлена, што злачынная групоўка прадавала за дзень да кілаграма курыцельных сумесяў.
А нядаўна ў Віцебску злавілі навучэнца аднаго з каледжаў, які распаўсюджваў спайсы. Супраць хлопца ўзбуджана крымінальная справа.

Парады псіхолага
Псіхолаг райбальніцы І. А. Сальнікава для моладзі нашага раёна падрыхтавала псіхалагічныя рэкамендацыі, якія дапамогуць адмовіцца ад спакусы паспрабаваць курыцельныя сумесі.
“Не кранайцеся наркотыкаў, не бярыце іх у рукі, не кладзіце ў кішэню ці ў сумачку, не прыносьце дадому, не хавайце і не перадавайце іншым. Не рабіце гэтага ні пад якім выглядам, ні з цікаўнасці, ні з пачуцця таварыскасці, ні ў адзіночку, ні ў групе не прымайце іх, не спрабуйце, не нюхайце, – раіць Ірына Аляксандраўна.   –  Трэба памятаць, што дарослы – гэта чалавек самастойны, незалежны, які ўмее выбіраць і адмаўляцца. Умейце сказаць ”не!” Вось некаторыя парады:
1. Назаві прычыну адмовы.  Напрыклад: “Я і без гэтага сябе добра адчуваю”.
2. Будзь гатовы да рознага роду прымусаў. Варта адысці ад людзей, якія прапаноўваюць наркотыкі.
3. Зрабі гэта проста для сябе. І не тлумач прычыны, проста скажы “не”.
4. Трэба мець любімую справу. Калі ты заняты, гэта і будзе прычынай адмовы ад наркотыкаў.
5. Пазбягай небяспечнай сітуацыі. Ты можаш ведаць, хто ўжывае наркотыкі. Старайся быць як мага далей ад гэтых людзей.
6. Сябруй з тымі, хто вядзе здаровы лад жыцця. Трэба памятаць, што круг сяброў мы выбіраем самі”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №11 ад 10.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *