В Мишневичском сельисполкоме выпускают свою газету «Эхо событий»

Общество

Мішневіцкі сельсавет: новы фармат інфармавання
Вясковая газета

У мінулым годзе ў Мішневіцкім сельвыканкаме пачала выпускацца мясцовая газета пад назвай “Рэха падзей”. На рускай і беларускай мовах, яна  карыстаецца папулярнасцю сярод мясцовых жыхароў.
“Ідэю стварэння мясцовай газеты нам падказала старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, – расказала старшыня Мішневіцкага сельвыканкама Г. У. Зязюлька. – Адразу зацікавіліся, падхапілі гэту думку і ўвасобілі ў жыццё. Цяпер адзін раз у квартал друкуем нашу газету.  Пакуль тыраж невялікі: 15-20 экзэмпляраў. Але жадаючых намнога больш, таму распаўсюджваем газету ў электронным варыянце”.
Газета “Рэха падзей” каляровая, выдаецца фарматам памеру А-4, друкуецца на звычайным прынтары. На чатырох старонках  – жыццё сельсавета, навіны, падзеі, праблемы людзей. Напрыклад, летам пісалі нават крытычны матэрыял пра тое, што вяскоўцам не было куды здаць яблыкі.
Галоўным рэдактарам газеты і яе карэспандэнтам з’яўляецца старшыня сельвыканкама. “Занатоўваю ў блакнот самыя важныя падзеі па сельсавеце, фатаграфую, а потым пра ўсё гэта пішу, – кажа Галіна Уладзіміраўна. – Як высветлілася, за тры месяцы збіраецца шмат цікавых навін і падзей. Іншы раз і не змяшчаюцца на старонках нашай газеты. Таму ў будучым плануем рабіць не чатыры старонкі, а шэсць”.
Чытаем пераднавагодні выпуск  “Рэха падзей”. На першай і другой старонках – цікавыя лічбы і факты па сельсавеце. Аказалася, на Новы год сустрэлі свой дзень нараджэння 17 жыхароў сельсавета,  самая старэйшая адзначыла 88 гадоў. Падарункі ад Дзеда Мароза атрымалі 128 дзетак, якія пражываюць у 79 сем’ях.
Уздымаюцца ў газеце і тыя пытанні, якія былі агучаны ў ходзе правядзення дня работы з насельніцтвам. Прычым, большасць з іх былі станоўча вырашаны, астатнія знаходзяцца на кантролі.
З газеты можна даведацца пра навядзенне парадку, пра рамонт воінскага захавання ў в. Валатоўкі: на замену памятных пліт затрачана 28,3 мільёна рублёў.
На трэцяй старонцы змешчаны матэрыял з фотаздымкамі “Памяць пакаленняў” – пра ўрачыстае мерапрыемства па перазахаванні астанкаў 9 загінуўшых салдат Вялікай Айчыннай вайны, якія былі знойдзены ў час пошукавай экспедыцыі ў в. Запалянка.
Апошняя старонка – святочная. Тут у вершаванай форме пададзены віншаванні і пажаданні прадпрыемствам і арганізацыям, якія знаходзяцца на тэрыторыі Мішневіцкага сельсавета.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №11 ад 10.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *