Тэма тыдня: Чэмпіянат свету па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў у «Раўбічах»

Новости Тема недели

На плошчы Дзяржаўнага сцяга ў Мінску 18 лютага адбылося ўрачыстае адкрыццё чэмпіянату свету-2015 па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў.

У ходзе цырымоніі арганізатары пастараліся здзівіць гасцей і ўдзельнікаў сусветнага форуму яркім, з прымяненнем сучаснай светлавой тэхнікі, маляўнічым шоу. З прывітальным словам да ўдзельнікаў і балельшчыкаў спаборніцтваў звярнулася намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Качанава. Афіцыйна адкрыў чэмпіянат свету сярод юнакоў і юніёраў першы віцэ-прэзідэнт Міжнароднага саюза біятланістаў Віктар Майгураў.

Права правядзення чэмпіянату свету па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў Беларусь атрымала ў лютым 2013 года рашэннем Міжнароднага саюза біятланістаў (IBU). Спаборніцтвы праходзяць сярод юнакоў і дзяўчат (да 19 гадоў), а таксама юніёраў і юніёрак (да 21 года). На юніёрскім сусветным форуме ў «Раўбічах» будзе разыграна 16 камплектаў медалёў, па 4 у індывідуальнай гонцы, спрынце, праследаванні і эстафеце.

Першыя старты на чэмпіянаце свету ў «Раўбічах» адбыліся 18 лютага. На дыстанцыю ў індывідуальнай гонцы на 10 км выйшлі дзяўчаты (да 19 гадоў), потым юнакі (да 19 гадоў) разыгралі ўзнагароды ў тым жа відзе праграмы на дыстанцыі 12,5 км. 19 лютага юніёры вызначалі  лепшага ў індывідуальнай гонцы на 15 км, дзяўчаты — на 12,5 км. 20 лютага юнакі і дзяўчаты (да 19 гадоў) стартуюць у спрынтарскіх гонках на 7,5 і 6 км адпаведна. Спрынтарскія дысцыпліны ў юніёраў (10 км) і юніёрак (7,5 км) адбудуцца 21 лютага. А 22 лютага юнакі (10 км), дзяўчаты (7,5 км), а таксама юніёры (12,5 км) і юніёркі (10 км) выявяць мацнейшых у гонках праследавання. 23 і 24 лютага адбудуцца эстафетныя гонкі. У дзяўчат і юніёрак дыстанцыя будзе 3х6 км, у юнакоў — 3х7,5 км, у юніёраў — 4х7,5 км.

Тэлеканал «Беларусь 5» пакажа ўсе гонкі сусветнага форуму ў прамым эфіры.

Лукашэнка: беларускія лыжнікі і біятланісты павінны рыхтавацца ў «Раўбічах», а не за мяжой

Напярэдадні правядзення чэмпіянату Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы» наведаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы стаў на лыжы і асабіста праверыў якасць трас. «Не ведаю, што вам яшчэ патрэбна. Калі б у Расіі былі такія ўмовы, яны былі б рады», — адзначыў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што ў «Раўбічах» створаны ўсе ўмовы для спартсменаў. «Нават з лішкам. Такіх трас нідзе няма», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Трасы выдатныя для лыжнікаў і біятланістаў. Фрыстайл — калі ласка, акрабатыка — няхай скачуць. Усё павінна быць зроблена, і няхай займаюцца. Ніякіх Аўстрый, тут павінны рыхтавацца! З таго ўзроўню, на якім мы знаходзімся па лыжах, ды і па біятлоне, — тут. Дойдуць да ўзроўню Домрачавай, адправім на леднікі», — сказаў Прэзідэнт. «Больш паўтараць не буду!» — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў напаўняльнасці «Раўбічаў». «Тут кожны дзень, я вас папярэджваю, павінны тысячы чалавек быць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. «І майце на ўвазе: для вас пачаўся новы этап з 1 студзеня гэтага года. Павінен быць вынік. Для гэтага ёсць усё», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выкананні яго даручэнняў па рэканструкцыі і здачы ў эксплуатацыю спартыўных аб’ектаў у рэспубліканскім цэнтры «Раўбічы». У прыватнасці, у 2010-2014 гадах тут былі рэканструяваны акрабатычны схіл для фрыстайла, медыка-аднаўленчы цэнтр, лыжаролерная траса, біятлонны стадыён і стрэльбішча, інжынерныя сеткі і кацельня, а таксама ў цэлым праведзена добраўпарадкаванне ўсяго комплексу. У 2015 годзе будзе ўведзена ў эксплуатацыю футбольнае поле з універсальным пакрыццём для хакея на траве, тэніса, футбола, у 2016 годзе запланавана завяршэнне будаўніцтва крытага басейна і гасцініцы.

Правядзенне чэмпіянату свету па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў у «Раўбічах» дасць магчымасць павялічыць экспарт спартыўных паслуг — Шамко

«Дзякуючы мадэрнізацыі, пашырэнню магчымасцей комплексу мы фактычна ў два разы павялічылі аб’ём пазабюджэтных сродкаў, якія зарабляе аб’ект. У 2014 годзе гэта было Br13 млрд, а ў бягучым плануем зарабіць да Br26 млрд», — паведаміў міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко. Пры гэтым ён падкрэсліў, што мадэрнізацыя «Раўбічаў» — гэта, перш за ўсё, сацыяльны праект, і асноўная яго задача ў падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву, правядзенні спаборніцтваў.

Мадэрнізацыя комплексу, у якую былі ўкладзены немалыя бюджэтныя сродкі, павінна даць максімальны эфект, дадаў міністр. «Сёння мы вядзём размову, што комплекс «Раўбічы» прызначаны не толькі для падрыхтоўкі лыжнікаў. Мы тут можам праводзіць трэніроўкі для нацыянальнай каманды па кулявой стральбе, настольным тэнісе. Акрамя таго, плануем у бягучым годзе арганізаваць падрыхтоўку па гульнявых відах спорту — баскетболе, валейболе, гандболе. Дзякуючы новым спартыўным збудаванням на тэрыторыі комплексу, насычэнню дадатковымі магчымасцямі і канцэнтрацыі нагрузкі па падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву, створаны максімальныя ўмовы для развіцця іншых відаў спорту», — сказаў міністр.

З 17 па 25 лютага ў «Раўбічах» пройдзе чэмпіянат свету па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў. На думку міністра, правядзенне спаборніцтваў такога ўзроўню стане для комплексу своеасаблівай прэзентацыяй, што ў сваю чаргу дасць магчымасць павялічыць экспарт спартыўных паслуг. Вырашальную ролю ў гэтым павінны адыграць таксама добрая інфраструктура, зручнае размяшчэнне цэнтра, плюс сам брэнд «Раўбічы», вядомы не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў далёкім замежжы.

Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы» быў здадзены ў эксплуатацыю ў лютым 1974 года. Цэнтр прызначаны для трэніровак і спаборніцтваў па біятлоне, лыжных гонках і лыжным дваябор’і, скачках на лыжах з трампліна, слаламе, канькабежным спорце, фрыстайле, снаўбордзе. Спарткомплекс прымаў чэмпіянаты свету па біятлоне ў 1974, 1976, 1982 і 1990 гадах, чэмпіянаты Еўропы па біятлоне ў 1998 і 2004 гадах, Кубак свету па лыжных гонках у 1991 годзе, этапы Кубка Еўропы па фрыстайле ў 1995 і 2006 гадах. За правядзенне чэмпіянату свету па біятлоне ў 1982 годзе спарткомплекс «Раўбічы» адзначаны залатым знакам UIPMB. У 1996 годзе Міжнародны саюз біятланістаў прысвоіў спарткомплексу катэгорыю А, выдаўшы ліцэнзію на правядзенне спаборніцтваў вышэйшага ўзроўню без якіх-небудзь выключэнняў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *