Беларуска Дар’я Блашко выйграла спрынт дзяўчат на ЮЧС па біятлоне ў «Раўбічах»

Новости Тема недели

Па выніках першых дзён чэмпіянату свету ў скарбонцы ўзнагарод украінскай зборнай два залатыя медалі

Перамогу ў індывідуальнай гонцы на 10 км з чатырма агнявымі рубяжамі для дзяўчат да 19 гадоў атрымала ўкраінская біятланістка Ганна Крыванос з вынікам 30 мін 09,1 сек. Нарвежка Інгрыд Ландмарк Тандрэвалд, якая заняла 2-е месца, прайграла чэмпіёнцы 18,8 сек (2 мін  штрафу). Бронзавым прызёрам спаборніцтваў стала расіянка Лізавета Капліна (+28,7 сек; 2). Лепшай з квартэта беларусак стала Хрысціна Мазурына. Яна заняла 12-е месца, уступіўшы пераможцы гонкі 2 мін 20,9 сек (2).

Яшчэ адно золата ўкраінскай зборнай прынесла Юлія Журавок у індывідуальнай гонцы юніёрак (да 21 года) на 12,5 км з чатырма агнявымі рубяжамі. Пры ідэальна дакладнай стральбе яна паказала час 37 мін 54,1 сек. Украінская спартсменка ў барацьбе за першынство толькі дзве дзясятыя секунды выйграла ў сярэбранага прызёра полькі Кінгі Мітарай. Бронзавую ўзнагароду чэмпіянату заваявала прадстаўніца Казахстана Галіна Вішнеўская (+30,1 сек; 1 штрафная мінута).

Расійскі біятланіст Кірыл Стральцоў выйграў індывідуальную гонку юнакоў на 12,5 км з чатырма агнявымі рубяжамі. Ён паказаў вынік 35 мін 04,8 сек. Дацкі біятланіст Андэрс Эміл Шылеруп прадэманстраваў ідэальную дакладнасць у стральбе, але заняў 2-е месца, прайграўшы пераможцу 4,7 сек. Замкнуў прызавую тройку яшчэ адзін расійскі біятланіст Ігар Шацько (+15,6 сек; 2 промахі). Лепшым з квартэта беларусаў стаў Раман Шынкевіч, які стартаваў пад 48-м нумарам. У выніку з трыма промахамі ён заняў 8-е месца (+1 мін 05,4 сек).

Француз Арыстыд Бегу перамог у індывідуальнай гонцы юніёраў (да 21 года) на 15 км з чатырма агнявымі рубяжамі. Трыумфатар біятлоннай класікі юніёраў паказаў вынік 39 мін 12 сек і ні разу па ходзе спаборніцтваў не прамахнуўся на стрэльбішчы. Уладальнікам сярэбранай узнагароды стаў расіянін Аляксандр Дзядзюхін. Ён таксама быў бездакорны ў стральбе, уступіўшы чэмпіёну толькі 3,8 сек. Не зарабіў штрафу на агнявых рубяжах і нарвежац Вемунд Гурыгард, які замкнуў прызавую тройку, але яго пройгрыш Арыстыду Бегу больш значны — 1 мін 27,1 сек.

Лідар зборнай Беларусі Віктар Крыўко пасля нядрэннага стартавага разгону зарабіў адразу дзве штрафныя мінуты на першай «лёжцы», чым сур’ёзна ўскладніў сабе задачу барацьбы за ўзнагароды. Зрэшты, не звяртаючы ўвагу на лакальную няўдачу, ён выклаўся максімальна і тры наступныя стралковыя сесіі прайшоў чыста. Пасля фінішу Крыўко ненадоўга стаў лідарам, але быў выцеснены з тройкі прызёраў на 6-е месца (+2 мін 25,1 сек).

Другі нумар беларускай каманды Максім Варабей пачатковы адрэзак дыстанцыі адпрацаваў лепш за ўсіх сярод калег па камандзе. Медальныя перспектывы беларус страціў на трэцім агнявым рубяжы, калі адправіў дзве кулі міма цэлі. Стральба на «0» на чацвёртым рубяжы прадэманстравала байцоўскія якасці спартсмена, аднак не дапамагла яму заняць месца вышэйшае за 8-е (+2 мін 32,6 сек). Яшчэ два айчынныя біятланісты выступілі менш ярка. Алег Літвінскі размясціўся на 37-м радку падагульняючага пратакола (+6 мін 45,1 сек; 3 штрафныя мінуты), а Уладзіслаў Мядзюха — на 72-м (+11 мін 50,9 сек; 9). Усяго да фінішу дабраліся 93 страляючыя лыжнікі.

Сакалоўскі: на юніёрскім чэмпіянаце свету ў «Раўбічах» беларусы яшчэ могуць прыбавіць

У індывідуальнай гонцы на 15 км у мужчын (да 21 года) гаспадары юніёрскага чэмпіянату свету ў «Раўбічах» мелі самыя рэальныя шанцы на медалі. Адразу два беларусы Віктар Крыўко і Максім Варабей аказаліся ў дзясятцы мацнейшых, і, на думку трэнераў, біятланісты яшчэ не да канца раскрылі свой патэнцыял.

Трэнер маладзёжнай зборнай Беларусі Сяргей Сакалоўскі, які адказвае за падрыхтоўку спартсменаў да 21 года, праведзенай гонкай застаўся задаволены. «Удача была побач. Крыху расстроіліся ўсёй камандай, але, з іншага боку, шанцуе мацнейшым. Віктару Крыўко не хапіла аднаго дакладнага выстралу, пасля першай стральбы мы зрабілі папраўку, і далей ён зрабіў усё цудоўна. На апошнім крузе Віктар выклаўся поўнасцю, трэнеры падцягвалі яго, ён прыбавіў на трасе і да апошняга прэтэндаваў на ўзнагароду. Віця сказаў, што мог бы дабавіць, але паверце майму вопыту трэнера, гэта ўжо эмоцыі, ён выклаўся поўнасцю. Максіму Вараб’ю не пашанцавала яшчэ больш. У пачатку гонкі ён ішоў лепш за Крыўко, ні разу не прамахнуўся пасля двух агнявых рубяжоў, але два промахі ў другой стральбе лежачы, адзін з якіх самастрэл. Максім засмуціўся, але я, як трэнер, наадварот, бачу патэнцыял, юнакі павінны яшчэ больш сканцэнтравацца. Крыўко і Варабей сёння ўбачылі, што не ўступаюць самым моцным біятланістам у сваім узросце», — расказаў Сяргей Сакалоўскі.

Беларуска Дар’я Блашко выйграла спрынт дзяўчат на ЮЧС па біятлоне ў «Раўбічах»

Дар’я Блашко прынесла беларускай камандзе першую ўзнагароду, і адразу вышэйшай вартасці, чэмпіянату свету-2015 па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў, які праходзіць у спарткомплексе «Раўбічы». Сёння беларуска перамагла ў спрынтарскай гонцы дзяўчат (да 19 гадоў) на 6 км з двума агнявымі рубяжамі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Дар’я, якая стартавала пад 21-м нумарам, вельмі ўпэўнена выступала ў скарацечнай дысцыпліне. Ёй удалося злучыць хуткае перамяшчэнне па дыстанцыі і беспамылковую стральбу. Прычым і на «лёжцы», і на «стойцы» 19-гадовая беларуска не страчвала лішніх секунд, дзейнічаючы як вопытная спартсменка. Пасля першага візіту на стрэльбішча яна займала трэцюю пазіцыю, а пасля другога захапіла лідарства, якое нікому не аддала. Яе пераможны час 16 мін 26,4 сек. Сярэбраным прызёрам спаборніцтваў стала аўстрыйка Юлія Швайгер. Яна таксама не зрабіла промаху на агнявых рубяжах, але прайграла пераможцы 5,5 сек. Нарвежка Інгрыд Ландмарк Тандрэвалд з адным промахам замкнула прызавую тройку (+6,2 сек). Для спартсменкі са Скандынавіі гэта ўжо другая ўзнагарода чэмпіянату пасля серабра індывідуальнай гонкі дзяўчат на 10 км.

Што датычыцца Дар’і Блашко, то ў гэтым сезоне яна ўжо выступала сярод дарослых біятланістак на этапах Кубка IBU. Да яе медальнага поспеху лепшым рэзультатам беларускіх страляючых лыжнікаў у першыя два дні чэмпіянату было 6-е месца Віктара Крыўко ў індывідуальнай гонцы юніёраў (да 21 года) на 15 км.

Рэальныя шанцы на траплянне ў лік прызёраў сённяшняга дзявочага спрынту мелі яшчэ дзве беларускія спартсменкі з чатырох. Дзінара Алімбекава, якая ішла на дыстанцыю ў апошняй групе пад 73-м нумарам, паказала ідэальную работу на агнявых рубяжах. Пасля другой стралковай сесіі яна займала прамежкавае другое месца следам за сяброўкай па камандзе Дар’яй Блашко, аднак не змагла ўтрымаць гэтай перавагі, спыніўшыся за крок ад п’едэстала на 4-й пазіцыі (+11,1 сек). Адзін промах на першай «лёжцы» Ганны Сола перашкодзіў гэтай біятланістцы ўключыцца ў барацьбу за ўзнагароды. Да апошніх метраў дыстанцыі яна спрабавала навярстаць упушчанае, але ўсё, што змагла зрабіць, гэта падзяліць 5-е месца з расіянкай Лізаветай Каплінай. Абедзве яны прайгралі пераможцы 17,6 сек, прычым Капліна таксама не закрыла адну мішэнь. Чацвёртая прадстаўніца Беларусі ў гонцы Хрысціна Мазурына пры двух промахах стала 25-й (+1 мін 55,2 сек). Увесь квартэт гаспадынь трасы заваяваў права выступіць у гонцы праследавання на 7,5 км, якая ў дзяўчат пройдзе 22 лютага.

Сёння ж узнагароды спрынту на 7,5 км разыграюць спартсмены юнацкай узроставай групы (да 19 гадоў). Беларусь будуць прадстаўляць Антон Смольскі (13-ы стартавы нумар), Раман Шынкевіч (40), Вадзім Радзюк (54) і Павел Паплаўскі (77).

Дар’я Блашко: гэты медаль для ўсёй нашай краіны

Дар’я Блашко, выхаванка СДЮШАР «Дынама», адкрыла лік залатым медалям для зборнай Беларусі на юніёрскім чэмпіянаце свету па біятлоне ў «Раўбічах».

Беларуска Дар’я Блашко стала чэмпіёнкай свету ў спрынтарскай гонцы на 6 км сярод дзяўчат (да 19 гадоў). Пасля фінішу пераможца не ўтойвала сваіх эмоцый і падзялілася ўражаннямі: «Калі два дні таму было значна складаней, стральба не ўдалася, не ўсё атрымалася ў гэтым кампаненце, то сёння ўсё інакш. Уся наша каманда спрацавала цудоўна. Пасля першага агнявога рубяжа крыху ўступала саперніцам, але потым трэнеры вялі, падказвалі, асабліва калі адстралялася без промахаў. Усім дзякуй!»

Чэмпіёнка адзначыла асаблівую ролю трэнераў, якія прымалі ўдзел у падрыхтоўцы да старту. «Усе намечаныя трэнерамі планы выкананы, праведзены сур’ёзны аб’ём работы. Разам з трэнерам Уладзімірам Махлаевым вялі карпатлівыя трэніроўкі. Для таго, каб я выйграла, многае зрабіла Анжаліка Кацюга, якая займалася са мной фізічнай і тэхнічнай падрыхтоўкай. Як паказаў спрынт, у гэтым напрамку мы спрацавалі здорава», — расказала Дар’я Блашко.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *