Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Пажар

18 лютага ў РАНС паведамілі пра пажар у Мікалаеўскай аптэцы. Агонь утаймавалі выратавальнікі з г. п. Ула. У аптэцы пашкоджаны сцены, дахавае перакрыццё і тавары. Папярэдняя прычына пажару – парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасеткі і электраабсталявання.
Злачынцы знойдзены
Раённая газета пісала пра крадзеж з паштовага аддзялення сувязі ў Обалі, дзе прапалі прадукты на 1,9 мільёна рублёў. Нядаўна злачынцы знойдзены – імі аказаліся двое жыхароў Полацка. Як высветлілася, на рахунку мужчын абрабаваныя паштовыя аддзяленні і ў іншых раёнах вобласці.
*  *  *
Са склепа жыхара Обалі некалькі тыдняў таму прапала бульба і закаткі. Міліцыянеры знайшлі злачынцу: на чужое дабро паквапіўся мясцовы непрацуючы жыхар. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
*   *   *
У міліцыю звярнулася пенсіянерка з Віцебска. Яе дачу ў в. Баранькі абрабавалі: вырвалі дзвярны прабой і ўкралі газавы балон, металічныя сані, асабістыя рэчы. Па гарачых слядах злачынцу знайшлі, ім аказаўся ўраджэнец нашага раёна. Мужчына затрыманы, украдзенае канфіскавана і вернута гаспадыні.
Абрабавалі магазін
Прадавец магазіна № 20 райспажыўтаварыства, што ў Обалі, паведаміла ў міліцыю пра крадзеж. На прылаўках недалічыліся спіртнога, цыгарэт, каўбас, фаршу, масла, цукру, макароны і круп. Агульны ўрон склаў 5,3 мільёна рублёў. Узбуджана крымінальная справа, злачынца вышукваецца.

Са зводак ДАІ
Прафілактыка ДТЗ

З 14 лютага па 31 сакавіка на тэрыторыі Віцебскай вобласці праводзіцца комплекс дадатковых мерапрыемстваў па прафілактыцы дарожна-транспартнага траўматызму сярод пешаходаў, у якіх прымаюць удзел не толькі  супрацоўнікі ДАІ, але і міліцыя грамадскай бяспекі.
У гэтым годзе ў вобласці зарэгістравана 55 ДТЗ (загінуў 21 чалавек, у тым ліку дзесяць пешаходаў; паранены 42 чалавекі, сярод іх 20 пешаходаў). У нашым раёне адбылося 4 ДТЗ, у якіх 4 чалавекі паранены. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 65 пешаходаў, веласіпедыстаў, возчыкаў гужавога транспарту, якія ў цёмны час сутак не мелі пры сабе святловяртальных элементаў.
Занос
Жыхар Віцебска, які ехаў на службовым аўтамабілі ВАЗ, пры выбары хуткасці не ўлічыў слізкую дарогу. У выніку аўтамабіль “занесла”, ён выехаў на сустрэчную паласу руху, дзе сутыкнуўся з “Опелем”. Абедзве машыны пашкоджаны. На віцябляніна складзены адміністрацыйны пратакол, які накіраваны для далейшага разгляду па месцы жыхарства парушальніка.
Без страхоўкі
На вуліцы Цітова ў Віцебску на аўтамабілі “Лада” (машына з расійскімі нумарамі) затрыманы жыхар а.-г. Светласельскі. На аўто не было абавязковага дагавору грамадзянскай адказнасці. За гэта мужчыну прыйдзецца заплаціць штраф  памерам у 3,6 мільёна рублёў.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №15 ад 24.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *