Агрогородок Кривое Село строится и развивается

Актуалии Сельское хозяйство

Строительство жилого дома в Кривом Селе

З обальскай цэглы
У Крывым Сяле непадалёк ад калгаснай майстэрні разгарнулася будаўніцтва двух жылых дамоў. Тут кожны дзень працуюць будаўнікі з ПМК-70. І на мінулым тыдні мы былі сведкамі іх работы – няпростай, улічваючы, што на вуліцы зіма. На вялікагрузнай машыне з Обальскага керамічнага завода прывезлі ліцавую цэглу. Рабочыя ўручную разгружалі машыну, а муляры ўзводзілі сцены новага дома. Спачатку клалі блокі, а абліцоўку рабілі цагляную. “Раней мы прымянялі сілікатную цэглу, якую прывозілі з Магілёва, а цяпер аддаём перавагу обальскай, – патлумачыў дырэктар ПМК-70 А. П. Быкаў – яна  не горшая, чым магілёўская, ды і нам выгадна – меншыя транспартныя расходы”.
Пры ўзвядзенні фундамента прымяняюць супрацьмарозную дабаўку. На будаўніцтва аднаго дома адводзіцца тры месяцы. Але спецыялісты ПМК-70 плануюць пабудаваць чатыры дамы (а для двух з іх яшчэ і фундамент не залівалі) за паўгода. У новых дамах па тры жылыя пакоі, санвузел і кацельня. Прычым, кацельню робяць камбінаванай – у перспектыве з пераводам на прыродны газ.
Кожны здадзены пад ключ дом, як расказаў А. П. Быкаў, будзе каштаваць 200-210 мільёнаў рублёў. А навасёламі стануць перш за ўсё маладыя сем’і, механізатары і жывёлаводы з “Прыдзвінскага”.
Рамонт ФАПа зацягнулі
У аграгарадку Крывое Сяло вядзецца рэканструкцыя фельчарскага акушэрскага пункта. Тут поўнасцю адрамантавалі дах, зрабілі перапланіроўку. Направа і налева ад агульнага калідора кабінеты – для прыёму пацыентаў, а таксама для дзіцячага ўрача, для акушэркі, калі яны па графіку прыязджаюць на ФАП.
Рамантуюць Крывасельскі ФАП спецыялісты прыватнага прадпрыемства “Шуміліна-гандальбуд”. Давялі да ладу працэдурны і фізіякабінет, зрабілі санвузел, прыгожае фае.
“Пафарбавалі ў кабінетах сцены, а на калідоры выклалі іх пліткай, – расказаў рабочы “Шуміліна-гандальбуд” Сяргей Лабачоў. – Абтынкавалі фасад будынка”. Зрабілі і кацельню на дравах. У кабінетах стала значна цяплей. Засталося закончыць сцяжку падлогі, зрабіць падвясную столь.
Але ж да будаўнікоў шмат прэтэнзій. “Вельмі зацягнулі работу, – гаворыць галоўны урач раёна К. Ф. Баканаў. – Згодна з графікам, ФАП павінны былі здаць да 1 кастрычніка мінулага года. Здаецца, і фінансаванне было своечасовым, а яшчэ і зараз многа работы. Дапамагалі і нашыя рабочыя – устанаўлівалі сантэхніку. Прэтэнзіі толькі да тэрмінаў, па якасці рамонт вядзецца добра”.
Дарэчы, на фельчарска-акушэрскі пункт, плануюць завесці і новае абсталяванне.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №4 ад 18.01.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *