С февраля увеличены государственные дотации на питание детей в детских садах и школах

Актуалии Образование

Здаровае харчаванне – здаровыя дзеці
Многія бацькі заўважылі, што харчаванне дзяцей ў дзіцячых садах значна палепшылася. Як патлумачыла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі К. Д. Галуза, у лютым была зацверджана Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якая істотна змяніла сістэму харчавання ва ўстановах адукацыі.
Нормы на харчаванне не пераглядаліся некалькі гадоў, і інфляцыя паступова з’ела магчымасць задавальняючага харчавання. Таму неабходнасць павелічэння выдаткаў на дзіцячае харчаванне наспела.
У дашкольных дзіцячых установах дзённая грашовая норма на харчаванне павялічылася амаль удвая: для дзяцей 1-3 гадоў – з 2090 да 4160 рублёў, 3-6 гадоў – з 2740 да 5390 рублёў. Пры гэтым для бацькоў плаціць за дзіцячы сад трэба не намнога больш, паколькі бацькоўская плата зменшана з 60% да 40%.
Трэба заўважыць, што  не дазволена вольна траціць грошы.  Скажам, купляць дарагія цукеркі, пірожныя, вэнджаныя каўбасы, нешта дарагое і не вельмі карыснае. Грошы павінны ісці на збалансаванае здаровае харчаванне.
Загадчыца шумілінскага дзіцячага сада №4 З. А. Зазыба расказала, што павелічэнне грашовых нормаў дазволіла забяспечыць паўнацэннае харчаванне дзяцей. “Калі раней мы маглі выканаць натуральныя нормы на 60-65%, забяспечыць фізіялагічную патрэбу дзяцей ў бялках, вугляводах, тлушчах і калорыях на 60-70%, то цяпер па ўсіх гэтых паказчыках выконваем на 100%. На стале дзяцей з’явілася больш мяса, рыбы, тварагу, фруктаў, сокаў. У дзяцей стаў сытны полудзень”, — з задавальненнем тлумачыла Зінаіда Аляксееўна.
У школах, па-першае, харчаванне арганізавана па ўзроставых групах: 6-10 (1-4 класы), 11-13 (5-7 класы) і 14-17 (8-11 класы) гадоў, адпаведна ўстаноўлена і грашовая норма на аднаго вучня: да 2400, да 2730 і да 2950 рублёў у дзень (раней было 1750 рублёў незалежна ад узросту).
Па-другое, пашырыўся пералік катэгорый дзяцей, якія могуць харчавацца бясплатна. Акрамя сельскіх школьнікаў і вучняў пачатковых класаў гарадскіх школ, бясплатна могуць харчавацца дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, з сем’яў, дзе адзін з бацькоў – інвалід I ці II групы, з сем’яў у сацыяльна небяспечным становішчы, дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія навучаюцца ў спецыялізаваных ці інтэграваных класах, некаторыя іншыя катэгорыі.
Права ўключаць дзяцей у спісы на бясплатнае харчаванне перададзена ва ўстановы адукацыі. Бясплатным чатырохразовым харчаваннем забяспечаны дзеці, якія знаходзяцца ў школьных інтэрнатах у гімназіі і Мішневіцкай СШ. Гэта дазволіла істотна павялічыць ахоп дзяцей, асабліва ў гарадскіх школах, гарачым харчаваннем. “Стала больш падстаў для вызвалення ад платы за харчаванне. У выніку з 40 да 107 павялічылася колькасць дзяцей, што атрымліваюць бясплатныя абеды”, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Шумілінскай СШ №1 Г. М. Масюкова.
Шмат робіцца, каб абеды вучняў былі больш таннымі. Школы і дзіцячыя сады вырошчваюць гародніну, нарыхтоўваюць закаткі, варэнне, суха-фрукты. Уласныя запасы дазвалялі некаторым школам арганізаваць двухразовае харчаванне для асобных катэгорый дзяцей, бясплатнае харчаванне ў суботу.
Каб атрымліваць танную і якасную прадукцыю, аддзел адукацыі райвыканкама заключыў дагаворы на прамую пастаўку прадукцыі з ААТ “Малако”, “Вітконпрадукта”, Віцебскага мясакамбіната, Полацкага КХП, Гарадоцкай птушкафабрыкі, райспажыўтаварыства, у віцебскага вытворцы купляюць чай, у Полацку – сокі.
Праўда, ёсць і складанасці ў арга-нізацыі харчавання. У прыватнасці, гарадскія ўстановы адукацыі вымушаны закупляць прадукцыю ў райспажыўтаварыстве. А яно не заўсёды забяспечвае спажыўцоў таннай беларускай гароднінай, асабліва пад вясну. Так, у гандлі замест беларускай капусты па 1680 рублёў за кілаграм з’явілася польская коштам больш за 4000 рублёў.
Як вядома, здаровыя дзеці – здаровая нацыя. Таму дзяржаўны клопат аб дзецях з’яўляецца не дэкларацыяй, а рэальнай палітыкай.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №21 ад 22.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *