3 марта — Всемирный день дикой природы

Экология

Заказнік  «Казьянскі»  захапляе  таямніцамі
Паняцце “дзікая прырода” (wild) паходзіць ад старажытна-кельцкага выразу, які абазначае “незалежныя, самастойныя землі”.  Дзікая прырода існуе сама па сабе і сама для сябе.
Сучасная ідэя дзікай прыроды – гэта ідэя выратавання ўсёй прыроды на Зямлі, якая захавалася. Недастаткова абараняць тыя нешматлікія ўчасткі свабоднай прыроды, ёй неабходна адводзіць вялікія тэрыторыі. Таму выдзяляюцца “месцы свабоды”, асабліва ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі – нацыянальныя паркі, заказнікі, запаведнікі, помнікі прыроды – тэрыторыі з унікальнымі эталоннымі ці іншымі каштоўнымі прыроднымі комплексамі і аб’ектамі, якія маюць асаблівае экалагічнае, навуковае ці эстэтычнае значэнне. У Беларусі выдзелены чатыры віды асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый – запаведнікі, заказнікі, нацыянальныя паркі і помнікі прыроды.
Пастановай Савета Міністраў ад  11 лістапада 1999 года на тэрыторыі нашага раёна створана дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова “Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Казьянскі”. Ён створаны для захавання ўнікальных ландшафтаў Беларускага Паазер’я з комплексам рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін. Адзін з унікальных комплексаў заказніка – Обальскае балота. Гэты прыродны комплекс, ахове якога надаецца асаблівая ўвага “Агульнаеўрапейскай стратэгіяй у вобласці біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці”.  Галоўныя славутасці Обальскага балота – гэта ўнікальны градава-азёрны комплекс, чырванакніжныя драпежныя птушкі і кулікі, унікальныя калоніі шызых чаек. Ёсць і чырванакніжныя расліны – вярба чарнічная, журавіны драбнаплодныя,  марошка прысадзістая, расіца прамежкавая і інш.
Адной з задач заказніка з’яўляецца экалагічная адукацыя насельніцтва і прапаганда аховы навакольнага асяроддзя. Важна разумець каштоўнасці “дзікай прыроды”. З гэтай мэтай распрацаваны наступныя турыстычныя маршруты:
– універсальны маршрут  “Таямніцы Казьяншчыны”;
– экалагічны маршрут “Спадчына Казьяншчыны” (уключае тры экскурсіі – “Батанічныя помнікі прыроды мясцовага значэння”, “Батанічныя помнікі прыроды мясцовага і рэспубліканскага значэння (рэспубліканскага – дубовая векавая алея, мясцовага – векавая драбналістая ліпа)”, “Археалагічныя помнікі рэспубліканскага значэння (крэпасць “Казьяны”, крывіцкія курганы)”);
– турыстычны маршрут “Обальскія катамараны”;
– пяць турыстычных маршрутаў па праекце “Обальскае балота”: “Чысцікі – царства балотных кулікоў”, “Вочы балот – азёры”, “Рэшткавыя балоты – нашчадкі белых ледавікоў”, “Усход-захад: зялёны профіль прыгажосці” і “Таямніцы лясных астравоў”.
С. ІЛЬІНЕЦ, галоўны спецыяліст Рэспубліканскага ландшафтнага
заказніка “Казьянскі”.
Надрукавана ў №17 ад 03.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *