Будаўніцтва БелАЭС ідзе па графіку

Тема недели

Пытанняў з пастаўкамі абсталявання для БелАЭС з Украіны няма — Баркун

Намеснік генеральнага дырэктара, начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва РУП «Беларуская АЭС» Андрэй Баркун удакладніў, што частка абсталявання вырабляецца ва Украіне згодна з дагаворам з прадпрыемствам «Сілавыя машыны», у тым ліку вентылятарны агрэгат, кандэнсатарныя электрапомпы. «Сёння выраб ідзе ў адпаведнасці з графікам, пастаўкі плануюцца ва ўстаноўленыя тэрміны. Звестак аб тым, што штосьці можа сарвацца, ад генпадрадчыка няма», — адзначыў Андрэй Баркун.

Акрамя таго, дадаў намеснік гендырэктара, у Краматорску вырабляюць загатоўкі абсталявання для БелАЭС, у тым ліку карпусы рэактара. Яны ўжо дастаўлены ў мінулым годзе ў Валгадонск для далейшай вытворчасці. Таксама генпадрадчык працуе з Запарожскім трансфарматарным заводам. Тэрмін пастаўкі абсталявання ад гэтага прадпрыемства — з мая 2015 па лістапад 2016 года.

Тым не менш, як падкрэсліў Андрэй Баркун, у выпадку непрадбачанай сітуацыі ва Украіне ёсць расійскія заводы, якія могуць выпусціць усё неабходнае.

На будаўніцтве БелАЭС асвоена каля 15 працэнтаў ад агульнага аб’ёму фінансавання па праекце

«У грашовым выражэнні з пачатку будаўніцтва выкананне склала каля 15 працэнтаў ад агульнага аб’ёму па праекце, або $1,29 млрд», — адзначыў Андрэй Баркун.

Як паведамлялася, агульны кошт Беларускай АЭС не павінен перавысіць $11 млрд. Паміж урадамі Беларусі і Расіі заключана пагадненне аб прадастаўленні крэдыту на будаўніцтва БелАЭС. Плануецца, што крэдыт пакрые 90 працэнтаў усіх работ па будаўніцтве станцыі.

Андрэй Баркун удакладніў, што цяпер на астравецкай пляцоўцы вядзецца трэці этап праекта — асноўнага ўзвядзення будынкаў і збудаванняў атамнай электрастанцыі. «Сёння мы працуем на 71 аб’екце БелАЭС. Усяго ж, згодна са зводным каштарысным спісам, будзе пабудавана 128 аб’ектаў атамнай станцыі рознай значнасці», — дадаў ён. Што датычыцца 2015 года, то будаўніча-мантажныя работы на пляцоўцы БелАЭС будуць весці на 102 асноўных і дапаможных аб’ектах. За гэты год плануецца зманціраваць 50 тыс.т арматуры і армавырабаў, укласці 360 тыс. куб.м бетону.

Беларуская АЭС — праект па будаўніцтве атамнай электрастанцыі тыпу АЭС-2006, які рэалізуецца за 18 км ад Астраўца (Гродзенская вобласць). БелАЭС будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2400 (2х1200) МВт. Генеральным праекціроўшчыкам і генеральным падрадчыкам з’яўляецца аб’яднаная расійская кампанія ААТ «НІАЭП» — ЗАТ «АБЭ». У адпаведнасці з генеральным кантрактам на будаўніцтва станцыі першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2018 годзе, другі — у 2020 годзе.

Узвядзенне БелАЭС ажыццяўляецца ў поўнай адпаведнасці з дырэктыўным графікам генеральнага кантракта ад 18 ліпеня 2012 года. План будаўніча-мантажных работ на 2014 год выкананы на 100 працэнтаў. У мінулым годзе зманціравана 40 тыс.т арматуры і ўкладзена 290 тыс. куб.м бетону. Усяго з пачатку будаўніцтва зманціравана 49,7 тыс.т арматуры (32,9 працэнта ад усяго аб’ёму) і ўкладзена 342,2 тыс. куб.м бетону (31,7 працэнта).

Вучэбна-трэніровачны цэнтр БелАЭС плануецца адкрыць да канца 2015 года

У 2015 годзе адной з першачарговых задач, якія будуць вырашацца на будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі, з’яўляецца ўзвядзенне вучэбна-трэніровачнага цэнтра. «Першачарговым аб’ектам бягучага года з’яўляецца вучэбна-трэніровачны цэнтр, што звязана са стварэннем эксплуатуючай арганізацыі і асноўнай яе функцыяй — падрыхтоўкай і камплектаваннем, падтрыманнем кваліфікацыі персаналу. Мы хочам да канца 2015 года мець свой вучэбна-трэніровачны цэнтр з поўнамаштабным трэнажорам», — падкрэсліў Анатоль Бондар. Ён адзначыў, што цяпер выпускнікі беларускіх ВНУ праходзяць навучанне на трэнажорах у Новаваронежскім, Іванаўскім і іншых вучэбных цэнтрах.

Паводле яго слоў, будаўніцтва ўласнага вучэбна-трэніровачнага цэнтра неабходна для таго, каб навучаць спецыялістаў канкрэтна для праекта, па якім будуецца Беларуская атамная электрастанцыя: «Мы хочам рыхтаваць спецыялістаў, якія будуць дасканала ведаць нашы энергаблокі, іх фізіку, канкрэтнае абсталяванне».

Бондар: для навучання кіруючага персаналу атамнай станцыі неабходна 3-4 гады

«Пакуль мы запрашаем замежных спецыялістаў, каб потым на іх вопыце навучыць уласныя кадры. Напрыклад, персанал блочнага шчыта кіравання па асобнай тыпавой праграме рыхтуецца 3-4 гады. Узяўшы спецыялістаў з нашых беларускіх ЦЭЦ і ДРЭС, да другога блока мы маем магчымасць, пераняўшы вопыт запрошаных замежных спецыялістаў, падрыхтаваць сваіх», — адзначыў Анатоль Бондар.

Ён расказаў, што ў першую чаргу запрашаюцца спецыялісты з Расіі, паколькі праект, па якім будуецца Беларуская АЭС, з’яўляецца расійскім, і расіяне маюць вопыт работы на аналагічных будуемых энергаблоках.

Таксама Анатоль Бондар канстатаваў, што для работы на БелАЭС разглядаюцца і ўкраінскія атамшчыкі. Ён нагадаў: доля атамнай энергетыкі ў энергасістэме Украіны ў цэлым складае 48 працэнтаў. «Інакш кажучы, мы маем суседа, у якога да атамнай энергетыкі павышаная ўвага. Рэйтынг нашай АЭС ва ўкраінскіх спецыялістаў вельмі высокі, і нават конкурс ёсць — да 3-5 чалавек на вакантныя месцы высокакваліфікаваных спецыялістаў. Але гэта датычыцца толькі асобных пазіцый. І толькі першага блока. Для другога будзем рыхтаваць нацыянальныя кадры», — падкрэсліў галоўны інжынер.

Адносна спецыялістаў з Ігналінскай АЭС, Анатоль Бондар падкрэсліў, што ніякіх забарон няма, але ў іх у асноўным вопыт работы на рэактарах папярэдняга пакалення. «У нас па канструкцыі, па прынцыпе дзеяння, па ўсіх эфектах рэактыўнасці зусім іншага тыпу рэактары. Па гэтым напрамку вядзецца развіццё атамнай энергетыкі ва ўсім свеце», — дадаў ён. Таму калі будзе магчымасць узяць спецыялістаў, маючых вопыт работы на аналагічных беларускаму аб’ектах, то перавага будзе аддадзена ім.

Чарговая місія МАГАТЭ ў Беларусь запланавана на першую палавіну 2015 года

«Чарговая місія МАГАТЭ запланавана на першае паўгоддзе. Акрамя таго, ужо літаральна паслязаўтра да нас прыязджаюць спецыялісты міжнароднага агенцтва з дэпартамента гарантый па абмене вопытам за перамяшчэннем ядзерных матэрыялаў», — расказаў галоўны інжынер прадпрыемства.

Ён адзначыў, што ў Беларусі з МАГАТЭ наладжана канструктыўнае і цеснае ўзаемадзеянне на ўзроўні Мінэнерга, Дзяржатамнагляда і РУП «Беларуская АЭС» як эксплуатуючай арганізацыі. «Ідзе пастаянная работа на ўзроўні сустрэч, праверак, семінараў. На астравецкую пляцоўку прадстаўнікі агенцтва прыязджаюць прыкладна раз у квартал для абмеркавання розных пытанняў, у тым ліку падрыхтоўкі персаналу», — канстатаваў Анатоль Бондар.

Мінэнерга поўнасцю задаволена работай расійскага генпадрадчыка па збудаванні АЭС кампаніяй «Атамбудэкспарт» — Міхадзюк

Міністэрства энергетыкі Беларусі поўнасцю задаволена работай расійскага генпадрадчыка па збудаванні АЭС — кампаніяй «Атамбудэкспарт». Праблем ва ўзаемаадносінах заказчыка будаўніцтва першай Беларускай атамнай станцыі і генпадрадчыка няма. Аб гэтым паведаміў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк.

Будаўніцтва ажыццяўляецца ў адпаведнасці з графікам. Сёння работа ідзе на двух энергаблоках. Фінансаванне праекта забяспечана. На пляцоўцы працуюць расійскія і беларускія будаўнікі, больш як 3 тыс. чалавек. У адпаведнасці з планам выканання работы, колькасць будаўнікоў плануецца нарасціць да канца 2015 года.

Беларускі бок сумесна з генпадрадчыкам (ЗАТ «Атамбудэкспарт») на пастаяннай аснове праводзіць каардынацыйныя нарады (штабы), на якіх разглядаюцца пытанні ходу рэалізацыі праекта, узнікаючыя аператыўныя пытанні, якасці будаўніцтва, тэхнікі бяспекі, прымаюцца неабходныя рашэнні. Персанал генпадрадчыка і падрадных арганізацый забяспечаны добраўпарадкаваным жыллём.

Узнікаючыя пры збудаванні АЭС пытанні, звязаныя са змяненнем макраэканамічнай сітуацыі ў Расіі, бакамі рэгулююцца.

Паводле ацэнак спецыялістаў, будаўніцтва Беларускай АЭС можа быць прызнана ўзорным па многіх крытэрыях, перш за ўсё дзякуючы адкрытаму супрацоўніцтву і ўзаемаразуменню, дасягнутаму паміж заказчыкам і падрадчыкам.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *