Шумилинские новости

Новости

Маладзёжная палата аб’яўляе конкурсы
Па рашэнні прадстаўнічага органа моладзі нашага раёна сярод вучняў школ аб’яўляюцца конкурсы на лепшы лагатып Маладзёжнай палаты Шумілінскага раёна.  Таксама абвешчаны конкурс на лепшы турысцкі маршрут па Шумілінскім раёне.
Свае прапановы трэба накіроўваць у аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і ў райкам ГА БРСМ. Пераможцы конкурсаў атрымаюць прызы і магчымасць рэалізаваць свае ідэі ў жыццё.
Сяргей ПАЎЛАЎ.

Дызель аднавілі
Прыемная навіна для шумілінцаў:  з 3 красавіка аднавілі дзённы дызель да Віцебска. Праўда, хадзіць ён будзе ўсяго тры разы на тыдзень: па пятніцах, суботах і нядзелях. Як нам расказалі работнікі чыгуначнай станцыі, дызель Віцебск-Шуміліна адыходзіць з абласнога цэнтра ў названыя вышэй дні ў 11.55, прыходзіць у Шуміліна ў 13.02. А ў 13.27 дызель Шуміліна-Віцебск зноў адпраўляецца ў абласны цэнтр.

Новая тэхніка
ААТ “Лаўжанскае” атрымала  па лізінгу дзевяць новых трактароў. “Цяпер на машынным двары гаспадаркі  шэсць новых МТЗ-82, два МТЗ-1221 і адзін трактар МТЗ-3022. Усе яны будуць як нельга дарэчы да пасяўной”, – расказаў намеснік начальніка райсельгасхарчу В. В. Багатка.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

“Прыгарадны цягнік”
З мэтай забеспячэння грамадскага парадку, асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян у цягніках рэгіянальных ліній, на чыгуначных станцыях і прыпыначных пунктах з 31 сакавіка па 4 красавіка праходзяць спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы  “Прыгарадны цягнік”. Як паведаміў першы намеснік начальніка Віцебскага АУС на транспарце падпалкоўнік міліцыі Вадзім Глячкоў, падчас мерапрыемстваў супрацоўнікі аддзялення арганізуюць максімальнае суправаджэнне прыгарадных цягнікоў.
У мінулым годзе супрацоўнікамі Віцебскага аддзялення ўнутраных спраў на транспарце да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты больш чым 300 правапарушальнікаў. Асноўны від злачынстваў у прыгарадных цягніках – крадзяжы (76% ад агульнай колькасці).
Супрацоўнікі міліцыі нагадваюць, што ў цягніках забараняецца распіваць алкагольныя, слабаалкагольныя напіткі, піва (за парушэнне – штраф да 8 БВ) і курэнне (штраф  – да 4 БВ).
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

Першыя ролі
27 сакавіка, у Міжнародны дзень тэатра, у раённым цэнтры культуры прайшоў спектакль «Наперад, кацяня» ў пастаноўцы дзіцячай тэатральнай студыі. Кіраўнік студыі – Вераніка Саладухіна.
Сваёй ігрой дзеці дэманстравалі гледачам ідэі ўсёпераможнай сілы дабрыні і сумленнасці. Сяброўства, любоў і ўзаемадапамога – гэта самае важнае ў жыцці, ва ўзаемінах. Гэта тое, што абяцае ўсім нам шчасце і гармонію ў душы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №26 ад 03.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *