К Пасхе в Обольской школе подготовили выставку

Образование Общество

Планаў больш, чым вольнага часу
Той, хто перад каталіцкім Вялікаднем падчас бацькоўскай суботы наведаў Обальскую школу, пераканаўся: тут вучацца творчыя дзеці, працуюць творчыя настаўнікі. Адна з іх – Таццяна Пятроўна Баброва – і з’явілася ініцыятарам стварэння гэтай выставы. Вязаныя рэчы, склееныя, выразаныя, вышытыя, намаляваныя – усё так ці інакш было звязана з тэмай вясны і абуджэння.
Былі на выставе і сувеніры, зробленыя рукамі Таццяны Пятроўны. Жанчына некалькі гадоў запар займаецца тэхнікай ніткавага дызайну або ніткаграфікай. “Гэта адзін з відаў прыкладнога мастацтва – графічная тэхніка, калі выбраны вобраз ствараецца на цвёрдай аснове, напрыклад, на кардоне, пры дапамозе каляровых нітак”, – тлумачыць Таццяна Пятроўна.  –  Дызайн ніткавага перапляцення прыдумалі англічане яшчэ ў 17 стагоддзі”.
“На кардоне ў паслядоўнасці прадуманага малюнка прабіваю  дзірачкі, потым падбіраю патрэбную гаму каляровых нітак і вышываю, – кажа Т. П. Баброва. – Гэта так званая матэматычная вышыўка, бо выкарыстоўваюцца прыёмы запаўнення пустога вугла, акружнасці, дугі ці спіралі. Даспадобы прыйшлася менавіта гэта творчасць, бо па спецыяльнасці я настаўніца матэматыкі”. Але цяпер жанчына працуе выхавальніцай у Обальскім прытулку. І ў перапынках паміж абавязковымі заняткамі ці падрыхтоўкай дамашніх заданняў  Таццяна Пятроўна дае дзецям азы творчасці. Да Новага года, напрыклад, разам рабілі цацкі на ёлку.
У дамашняй калекцыі Т. П. Бабровай – прыгожыя карціны і пано. На большасці з іх – кветкі, дрэвы, садавіна. Вышывае не толькі на кардоне, але і на звычайных аднаразовых пластмасавых талерачках. Атрымліваецца арыгінальнае святочнае пано.
Са сваімі ідэямі Таццяна Пятроўна прыйшла ў свет творчасці ўпарта і рашуча. І цяжка знайсці чалавека, які б паспаборнічаў з ёю у плане эстэтычнага афармлення, адзначае дырэктар Обальскай школы І. А. Чарнічэнка. Сцяна ў кабінеце дырэктара ўпрыгожана матылямі, якія зрабіла з дызайнерскай паперы Таццяна Пятроўна, на сталах школьнай сталоўкі – рознакаляровыя букецікі крокусаў, зробленыя са звычайнай гафрыраванай паперы. У метадычным кабінеце – таксама кампазіцыя Т. П. Бабровай, сваю ідэю вертыкальнага азелянення яна прапанавала і ў камп’ютарным цэнтры школы.
У Таццяны Пятроўны багатая фантазія, у яе многа ідэй і планаў. Іх значна больш, чым вольнага часу. Зараз жанчына асвоіла новы від мастацтва – стужкавую вышыўку. Прычым, узоры для будучых карцін  прыдумвае сама. Работы не проста яркія і прыгожыя, але надзвычай каларытныя, арыгінальныя і кампазіцыйна разнастайныя.
Літаральна кожны дзень Таццяна Пятроўна імкнецца навучыцца чамусьці новаму. Пляменніцы да будучага вяселля рыхтуе папяровыя сардэчкі – для ўпрыгожвання залы. Сяброўцы вышывае карціну –  падарунак на дзень нараджэння. “Люблю зрабіць адмысловы падарунак сваім родзічам, – кажа жанчына. –  Звычайна гэта становіцца сюрпрызам”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №28 ад 10.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *