У Шумілінскім раёне ўмеюць і кадрылю танцаваць, і клёцкі гатаваць, і гасцей сустракаць

Актуалии Культура

У Шумілінскім раёне ўмеюць і кадрылю танцаваць, і клёцкі гатаваць, і гасцей сустракаць
Спецыялісты Міністэрства культуры, Дзяржаўнага ўніверсітэта культуры, галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, дырэктары абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці – не кожны дзень мы сустракаем такіх ганаровых гасцей. Але чаго палохацца, нам ёсць што паказаць, многія шумілінскія творчыя калектывы ведаюць не тое што ў вобласці, але і за яе межамі. І запрасіць гасцей ёсць куды.
У Лаўжанскім сельскім цэнтры культуры і вольнага часу было ажыўлена. У фае аформлены стэнд пра славутых людзей  і дасягненні Лаўжанскага сельсавета, красуецца выстава майстроў-рамеснікаў, юныя цымбалісткі рэпеціруюць свае эцюды, а дзяўчаты ў нацыянальных уборах папраўляюць перад люстэркам какошнікі – ім падаваць хлеб на ручніку.
Дэлегацыю сустракаюць на ўваходзе караваем і спевамі народнага сямейнага ансамбля “Забава”. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. Ф. Мацвяйчук расказвае пра цэнтр культуры і вольнага часу, пра іншыя ўстановы культуры раёна, пра творчыя дасягненні.
На другім паверсе Цэнтра, у бібліятэцы этнаграфіі і культуры – “круглы стол”. Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, які прымае ўдзел у семінары, расказвае пра Шумілінскі раён, пра яго людзей і багацці. За “круглым сталом” ідзе гаворка па тэме семінара – стратэгіі развіцця ўстаноў клубнай сістэмы Рэспублікі Беларусь у сучасных умовах. Пасля пасяджэння ўсіх запрашаюць у канцэртную залу, на сцэне – “Кадрыля” ў выкананні ўдзельнікаў клуба “Ветэран”.
Семінары каштоўныя тым, што людзі на практыцы могуць бачыць і пераймаць вопыт іншых устаноў. І скажам без лішняй сціпласці, што ў Шумілінскім раёне ёсць чаму павучыцца. Гэта ўдзельнікі семінара яшчэ раз падкрэслілі пасля наведвання Шумілінскага дома рамёстваў, дзе яны пазнаёміліся з майстрамі і майстэрнямі, паглядзелі лялечны спектакль “Ямеля” ўзорнага лялечнага тэатра “Батлейка”, прынялі ўдзел у прэзентацыі страў народнага клуба аматараў беларускай нацыянальнай кухні “Разынка”.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №28 ад 10.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *