Свиней держать можно, но очень сложно

Вопрос-Ответ Сельское хозяйство

Як трымаць свіней па правілах
Нядаўна работнікі райветстанцыі ва ўсіх сельвыканкамах правялі вучобу па правілах утрымання на прыватных падворках свіней. На вучобу былі запрошаны старэйшыны вёсак і мясцовыя дэпутаты, якім раздалі памяткі з ветсанправіламі – пра іх яны павінны расказаць сваім землякам.
Напэўна, усе вяскоўцы  ведаюць, што ў раёне дазволена трымаць свіней любых парод (выключэнне складаюць толькі парсюкі-вытворнікі і свінаматкі).  Але дзеля прафілактыкі перасцярога не перашкодзіць: перад пастаноўкай жывёлы і пасля забою ў хлеўчуках рэкамендуецца зрабіць дэзінфекцыю. Пажадана круглы год змагацца з грызунамі (з дапамогай пастак ці атруты), якія з’яўляюцца пераносчыкамі многіх інфекцый.
“На вуліцы свіней трымаць забаронена, – кажа намеснік начальніка райветстанцыі А. П. Бяляеў. – Больш таго, кожная гаспадарчая пабудова павінна быць агароджана, а гаспадар павінен мець зменнае адзенне і абутак, у якіх будзе хадзіць толькі ў хляўчук. Побач не перашкодзіць зрабіць рукамыйнік: вымыў рукі – і пайшоў карміць жывёлу. Ля ўваходу ў хлеў рэкамендуецца пакласці дэзінфекцыйны дыванок. Яго няцяжка зрабіць сваімі рукамі:  дастаткова збіць невялікі драўляны кораб, пакласці ўнутр мешкавіну, напоўненую апілкамі, а зверху рэгулярна паліваць любым дэзінфекцыйным сродкам”.
Работнікі райветстанцыі папярэджваюць вясковых гаспадароў, каб тыя не куплялі несертыфікаваны камбікорм. Ён  можа быць няякасным і выклікаць розныя хваробы. Самы надзейны – гэта грануляваны камбікорм, які пры вырабе падвяргаецца тэрмічнай апрацоўцы, упэўнены начальнік райветстанцыі І. У. Галуза.  Астатнія кармы, у тым ліку і муку, пажадана запарваць, а не даваць сырымі.
І апошняе. Пасля наведвання лясоў  работнікі райветстанцыі рэкамендуюць жыхарам раёна вымыцца і пераапрануцца. Гэта прафілактычная мера, каб не занесці якую-небудзь інфекцыю да дамашняй жывёлы.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №29 ад 14.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *