«Ванну Клеопатры» предлагают в отделении реабилитационно-восстановительного лечения Шумилинской райбольницы

Здоровье Новости

Рэабілітацыйнае лячэнне. Вам ультрагук ці масаж?
У зімовыя месяцы, калі людзі часта хварэюць на бранхіт, ангіну і запаленне лёгкіх, аддзяленне рэабілітацыйна-аднаўляльнага лячэння райбальніцы – адно з самых запатрабаваных.
Год таму аддзяленне пераехала ў былы будынак радзільнага аддзялення. Тут зручней і прасторней, для кожнай працэдуры – асобны кабінет. У аддзяленні ў дзве змены працуюць чатыры медсястры, два масажысты, інструктар ЛФК, старшая медсястра, санітаркі.
Сярод найбольш распаўсюджаных – фізіяпрацэдуры. Звычайна доктар прызначае некалькі працэдур у комплексе. Часцей за ўсё гэта электрафарэз і ультрагук, святлолячэнне, кварц і парафін.
“Асабліва эфектыўна фізіялячэнне пры прастудных захворваннях, бранхіце, – гаворыць медсястра Ірына Дзягілева (на здымку). – Пры ангіне дапамагаюць УВЧ і інгаляцыі. І многія дзеці лепш згаджаюцца “падыхаць”, чым паласкаць горла”. У студзені ў сярэднім за дзень медсёстры рабілі больш за дзве сотні фізіяпрацэдур.
Пры болях у паясніцы і суставах, пры запаленні лёгкіх і іншых хваробах карысна будзе наведаць кабінет масажу. Масажысты Н. М. Баканава і Д. А. Сакалоўская прымаюць за дзень па 25 чалавек кожная. Плюс цяжка хворыя ў палатах. “Мы працуем без прастояў, – смяюцца масажысткі. – Кожнаму прызначаем канкрэтны час, калі прыйсці. Прычым, пасля пяці абавязковых сеансаў, што назначае доктар, многія жадаюць прадоўжыць масаж. Калі ласка, ёсць такія платныя паслугі”.
І не толькі гэтыя. “Больш за год аддзяленне прапануе водалячэнне: шкіпінарныя ванны (ад хандрозаў, павышанага і паніжанага ціску), хвойна-валяр’янавыя і хвойна-жамчужныя ванны, – расказала старшая медсястра аддзялення рэабілітацыйна-аднаўляльнага лячэння Р. Д. Каўгунова. – Ванна “Клеапатра” – для амаладжэння арганізму, душ Шарко – для тых, хто хоча пахудзець. За мінулы год жыхары раёна прынялі каля двухсот розных водных працэдур”.
Нямала пацыентаў і ў кабінеце лячэбнай фізкультуры. Як расказала інструктар ЛФК Н. І. Маскалькова, за дзень кабінет наведваюць да сарака чалавек. “Лячэбная фізкультура карысна пры любых захворваннях, – упэўнена Ніна Іванаўна. – Калі ёсць супрацьпаказанні, то яны часовыя. Практыкаванні ўмацоўваюць сардэчна-сасудзістую, дыхальную і нервовыя сістэмы, павышаюць імунітэт”.
У аддзяленні рэабілітацыйна-аднаўляльнага лячэння падчас  нашага наведвання было шматлюдна. Пацыенты прымалі прызначаныя працэдуры, запісваліся на платныя паслугі. А яны, раскрыем сакрэт, намнога дзешавейшыя, чым у санаторыях. Так што водныя працэдуры можна атрымаць не выязджаючы за межы раёна. Як расказаў галоўны ўрач райбальніцы К. Ф. Баканаў, раённыя медыкі плануюць пашырыць працэдуры водалячэння. У планах на гэты год – пакупка абсталявання для падводнага масажнага душа.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №7 ад 28.01.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *