«Кулон» расскажет, о чём вы не хотите вспоминать

Закон Общество

А «Кулон» кажа, што вы парушалі..
Сёння на ўзбраенні работнікаў дзяржаўтаінспекцыі ёсць “Кулон” – пераносны камп’ютар са спецыяльнай праграмай, якая раскажа пра рэгістрацыю аўтамабіля, месца жыхарства вадзіцеля і парушэнні, якія ёсць на яго рахунку.
Падчас чарговага рэйду па дарогах раёна, на якім пабываў і карэспандэнт раённай газеты, інспектар дарожна-патрульнай службы Сяргей Калінковіч разам з дружыннікам ДАІ Аляксеем Кірпічэнкам     працавалі ў патрульным рэжыме. Дапамагаў ім “Кулон” і прыбор вымярэння хуткасці з відэафіксацыяй “Візір”.
“Часта вадзіцель не верыць, што ўсе ягоныя парушэнні Правілаў дарожнага руху ў нас як на далоні”, – гаворыць Сяргей Калінковіч.
Вадзіцель легкавушкі, якога сустрэлі на аўтатрасе ля вёскі Пушча, замест дазволеных 60 кіламетраў ехаў 80 – гэта пацвярджаў прыбор відэафіксацыі. Жыхар Полацкага раёна бажыўся, што падобных правапарушэнняў на працягу года ў яго не было. Аднак “Кулон” паказаў, што каля шасці месяцаў таму мужчына парушыў хуткасны рэжым на тэрыторыі свайго раёна. З “Кулонам” не паспрачаешся. На месцы быў складзены адміністрацыйны пратакол, які накіраваны ў аддзяленне ДАІ па месцы жыхарства парушальніка. Згодна са змяненнем у заканадаўстве вадзіцелю пагражае штраф ад 5 да 15 базавых велічынь.
У Мішневічах спынілі механізатара на МТЗ. Нават па знешняму выгляду было відаць, што ён нецвярозы. Так і ёсць: алкатэст паказаў 1,85 праміле. Вяскоўцу пагражае штраф каля мільёна рублёў і пазбаўленне правоў кіравання на тры гады. Такое ж пакаранне – жыхару райцэнтра, які ў нецвярозым стане ехаў на ўласнай іншамарцы па райцэнтры.
Усяго падчас рэйду было выяўлена дзесяць парушальнікаў Правілаў дарожнага руху, два з іх ехалі з непрышпіленымі рамянямі бяспекі, тры парушылі хуткасны рэжым, астатнія – правілы стаянкі. Дарэчы, за суткі дзяжурства інспектары дарожна-патрульнай службы спыняюць каля двух дзесяткаў парушальнікаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №8 ад 1.02.2011 года



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *