Семья Лавриновичей из Шумилино побывала на выставке роботов и получила массу впечатлений

Семья

На сустрэчу з робатамі
Безумоўна,  кожны згадзіцца, што сучаснае жыццё немагчыма уявіць без тэхналогій. Гаджэты і разнастайныя тэхналагічныя навінкі акружаюць нас дома, на рабочым месцы, амаль паўсюль. І падчас мы ўжо не паспяваем сачыць за навукова-тэхнічным прагрэсам, але ён не спыняецца ні на хвіліну. І мы ў гэтым яшчэ раз пераканаліся, наведаўшы выставу робатаў і робататэхнікі, якая праходзіла ў Мінску. На выставе былі прадстаўлены робаты з розных краін свету. І кожны робат быў адметны сваімі асаблівымі здольнасцямі.
Напрыклад, робат Бакстэр з Амерыкі за некалькі хвілін можа навучыцца пазнаваць розныя аб’екты і  запамінаць розныя дзеянні, што робіць яго незаменным памочнікам, скажам, на заводзе. Японскі робат Паро занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса, як самы тэрапеўтычны робат у свеце. Ён з лёгкасцю можа замяніць хатняга гадаванца і стаць сапраўдным сябрам як дарослым, так і дзецям. Робат Сілбат быў распрацаваны, каб навучаць дзяцей з абмежаванымі здольнасцямі. Ён можа гуляць у развіваючыя гульні, распазнаваць эмоцыі, а таксама паўтараць рухі чалавека. Быў на выставе і робат-тэнісіст, які гуляе у тэніс не горш (а часам нават і лепш) за людзей. Робаты-танцоры выконвалі такія палымяныя танцы, што цяжка было ўстаяць на месцы, каб не пусціцца ў скокі разам з імі.
У робалабараторыі кожны жадаючы мог сабраць свайго робата з канструктару ці нават з простых кардонных каробак і скотчу. А надзеўшы шлем Окулус Рыфт (Oculus Rift), кожны мог апынуцца у віртуальным міры і адправіцца ў падарожжа па загадкавых мірах і краінах. Але асаблівай цікавасцю на выставе карыстаўся робат Тэспіян з Вялікабрытаніі. Ён сапраўды ўразіў  разнастайнымі ведамі і камунікабельнасцю. Тэспіян з лёгкасцю чытаў вершы, спяваў, размаўляў з наведвальнікамі выставы на розныя тэмы і нават жартаваў.
Гэтая выстава пакінула незабыўныя ўражанні і дала магчымасць нават зазірнуць у будучыню.
Міхаіл ЛАЎРЫНОВІЧ (вучань 2 “Б” класа СШ №1), Наталля ЛАЎРЫНОВІЧ.
Надрукавана ў №34 ад 05.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *