Этот «кит» поможет шумилинским коммунальникам в борьбе с неплательщиками

Общество Экономика

“Кіт” для неплацельшчыкаў
У кватэрах мы карыстаемся вадой, электрычнасцю.  Узімку заўсёды дома цёпла. Гэтыя паслугі нам, спажыўцам, прадстаўляе камунгас. А з нас патрабуецца своечасовая аплата за аказаныя паслугі. Толькі вось некаторыя плаціць за кватэру лічаць непатрэбным. “У нас амаль 9 тысяч асабістых рахункаў, – расказвае юрысконсульт УП ЖКГ Аляксей Шчарбакоў. – Дзесьці ў 1,5 тысячы спажыўцоў ёсць запазычанасці за кватэру больш чым за два месяцы. Прыкладна ў 250 гаспадароў запазычанасць ад 6 месяцаў да трох год”.
Зараз запазычанасць перад камунгасам складае больш чым 380 млн. рублёў. Гады два назад сума даўгоў дасягала 600 млн., планамерная сістэматычная работа з даўжнікамі знізіла гэтую лічбу амаль у два разы. Спецыялісты ўпэўнены, што пасля завяршэння ацяпляльнага сезона людзі паціху пачнуць разлічвацца з даўгамі.  А асабліва “забыўчывых”  “падштурхнуць” да аплаты. “Камунгас імкнецца любымі спосабамі паменшыць колькасць неплацельшчыкаў, – кажа Аляксей Шчарбакоў. – Размаўляем, пераконваем. Выпісваем прадпісанні. Калі гэта не дапамагае, адключаем электрычнасць, ваду”.
Асабліва злосных неплацельшчыкаў не палохала адключэнне вады і электрычнасці. За вадой можна схадзіць да суседзяў ці ў калонку, а электрычнасць – непатрэбная “раскоша”, бо няма ні тэлевізара, ні халадзільніка. Галоўнае, туалет, дакладней, каналізацыя працуе.  Але так было раней. Нядаўна ў камунгасе набылі сістэму “КІТ” для перакрыцця каналізацыі. Цяпер камунгасаўцы могуць адключаць каналізацыю ў асобных кватэрах, прычым робіцца гэта без доступу ў кватэру, з даху дома. У камунгасе адзначаюць, што такая сістэма коштам у 80 млн. рублёў у вобласці выкарыстоўваецца ўпершыню. “Мяркуем, што сістэма “КІТ” неўзабаве акупіцца, – падсумоўвае Аляксей Шчарбакоў. – Адключэнне каналізацыі ў кватэрах неплацельшчыкаў – эфектыўны сродак, ён прымусіць разлічыцца з даўгамі. Да таго ж, за зняцце заглушкі трэба заплаціць 200 тысяч  рублёў”.
Нядаўна карэспандэнт раённай газеты адправіўся з брыгадай камунгасаўцаў на адключэнне паслуг у неплацельшчыкаў. Напярэдадні УП ЖКГ вынесла 20 прадпісанняў, і толькі адзін грамадзянін пагасіў доўг.
Накіроўваемся на вуліцу Ленінская. Доўг у гаспадыні звыш аднаго мільёна рублёў. Ніхто не адкрывае. “Нармальная з’ява, – тлумачыць юрысконсульт камунгасу. –  Многія неплацельшчыкі не адкрываюць дзверы. Відаць, лічаць, што такім спосабам пазбегнуць адключэння”. Праўда, пасля  адключэння ад электраэнергіі выйшаў сужыцель гаспадыні, які пачаў упрошваць не заглушваць каналізацыю: “Мы ўжо заплацілі частку доўгу, у бліжэйшы час разлічымся поўнасцю…”
Трымаем шлях на вуліцу Юбілейная. “З  сям’ёй К. працуем вельмі шчыльна, – расказвае Аляксей Шчарбакоў. – Летась быў суд аб іх высяленні, тады яны пачалі выплачваць доўг, таму і не былі выселены. Пасля судовага пасяджэння аплаты зноў спыніліся. Адключаны ад вады, электрычнасці. Тут адназначна будзем ставіць заглушку на каналізацыю. У гэтым доме ўзрасла колькасць спажытай электраэнергіі, якая не фіксуецца, ёсць падазрэнні, што К. самавольна падключыліся”. І сапраўды, сям’я К. з падвала падвяла электрычнасць. Такім чынам, яны да свайго доўгу ў  пяць мільёнаў дадалі і штраф у памеры 2,5 млн. рублёў. Калі рыхтаваўся матэрыял да друку, з камунгасу паведамілі, што “КІТ” сваю справу зрабіў: К. пачалі разлічвацца і ўнеслі адзін мільён рублёў.
У суседнім доме дзверы адкрыў малады мужчына. Ён усё разумее, па яго словах, “няма грошай, бо завіс у крэдытах у камерцыйных банках”. Абяцаў уладкавацца на працу і пачаць разлічвацца за кватэру. Камунгасаўцы пайшлі насустрач: у кватэры адключана толькі электраэнергія (на здымку).
Накіроўваемся ў дамы ля “Вецярка”. Брыгада накіроўваецца адключаць паслугі, а юрысконсульт УП ЖКГ ідзе на прадпрыемства, каб папярэдзіць пра адключэнне. Такія рашучыя крокі камунгасаўцаў далі плён: жанчына адразу жа заплаціла за камунальныя паслугі.
Здзівіў той факт, што сярод неплацельшчыкаў ёсць і жыхары новых дамоў у мікрараёне СШ № 2. Дарэчы, яны былі адключаны ад электраэнергіі.
Падчас рэйду ад каналізацыі былі адключаны тры кватэры, ад электрычнасці – 15, ад вады – 4 . “Непрыемная работа, – падсумоўвае Аляксей Шчарбакоў. –  Імкнёмся пры адключэнні ўлічваць усе нюансы. Так, напрыклад, сёння зусім не была адключана адна кватэра. Там пражываюць з маці двое малых дзетак. Маці далі апошні тэрмін. Камунгас заўсёды імкнецца ісці на кампраміс, так, калі даўжнік поўнасцю разлічыўся з асноўным доўгам, то можа быць спісана пеня. А калі не робіцца аніякіх крокаў, то неплацельшчыка чакае жыццё без вады, электрычнасці і каналізацыі. А калі і пасля гэтага не стануць плаціць – чакае высяленне з кватэры праз суд”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №34 ад 05.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *