В Шумилино состоялся районный слёт пионеров

Актуалии Общество

Дзіцячая краіна карысных спраў
19 мая  ў Шумілінскай СШ №1 прайшоў V раённы злёт піянераў. Падобныя сустрэчы, паводле статуту грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”, праходзяць кожныя два гады. Па колькасці дэлегатаў было відаць, што піянерская арганізацыя жыве і дзейнічае.
Усяго ў нашым раёне 14 піянерскіх дружын,  якія аб’ядноўваюць 1220 піянераў  Піянерская арганізацыя сёння – вясёлы, жывы агеньчык, які здольны захапіць за сабой і дзяцей, і дарослых, яна дапамагае дзецям знайсці сваё месца ў грамадстве, уносіць канкрэтны ўклад у выхаванне  дзяцей і падлеткаў.
На рахунку раённай піянерскай арганізацыі багата карысных спраў. Піянерскія дружыны працуюць па раённай праграме дзейнасці “Піянер”, якая ўключае ў сябе такія кірункі як “Мая Радзіма – Беларусь”, “Школа грамадзянскага станаўлення”, “Край, у якім я жыву”, “Мая арганізацыя” і інш.
Традыцыйныя справы ёсць у кожнай піянерскай дружыны: у Шумілінскай СШ №1, напрыклад, піянерская гульня “Я – асоба”, акцыя “Мы помнім вашы імёны”, у Шумілінскай СШ №2 – гульня-падарожжа “Па краіне ведаў”, у Амбросавіцкай школе – піянерская лінейка  “Яго імя носіць наша дружына”.
Сёлетні год – год 70-га юбілею Вялікай Перамогі –  адказны для кожнага піянера. У раёне працуюць 14 атрадаў “Міласэрнасць”, у полі зроку піянерскіх дружын знаходзіцца каля 50 помнікаў і вайсковых пахаванняў. Сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны,  запіс іх успамінаў, аказанне шэфскай дапамогі – адзін з асноўных накірункаў кожнай піянерскай дружыны.
Штогод піянеры актыўна ўдзельнічаюць у Вясеннім тыдні дабра: піянерскія дружыны арганізоўваюць збор цацак, рэчаў, школьных прылад для дзяцей Обальскага сацыяльнага прытулку.
Пра гэта і пра  іншыя піянерскія справы   расказала ў сваёй справаздачы старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” Т. М. Мураўёва.
Пасля выступлення старшыні піянерскай арганізацыі хвалюючы момант наступіў для ўчарашніх акцябрат: ва ўрачыстай атмасферы яны паўтараюць словы піянерскай клятвы. Урачыста, ганарова разлятаюцца па актавай зале словы “Клянуся! Клянуся!”. Пасля клятвы піянерскія гальштукі павязваюць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мянькова, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” Т. М. Мураўёва і ганаровы піянер В. М. Касцюк.
Дапоўнілі піянерскі злёт канцэртныя нумары, якія падрыхтавалі піянеры з СШ №1.
Завяршыўся V раённы піянерскі збор уручэннем грамат, падзяк лепшым піянерскім дружынам, лепшым піянерам і педагогам-арганізатарам школ.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №39 ад 22.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *