Информационные группы Шумилинского райисполкома выступили в трудовых коллективах

Актуалии Общество Президент

Дзеля міру і развіцця
Дзень інфармавання ў маі прысвечаны Пасланню Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, з якім кіраўнік краіны выступіў 29 красавіка. А. Р. Лукашэнка падвёў вынікі развіцця краіны ў мінулым годзе, акрэсліў асноўныя напрамкі работы на бягучы год і на перспектыву.

У ліку галоўных падзей 2015 года кіраўнік Беларусі назваў святкаванне 70-годдзя Перамогі, выбары Прэзідэнта краіны і перспектывы развіцця нашай рэспублікі на бліжэйшыя пяць гадоў. Плануецца правесці буйныя нарады, на якіх вызначацца асноўныя напрамкі рэформаў аграпрамысловага комплексу, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, адукацыі. Галоўнае дасягненне нашай краіны – мір і стабільнае развіццё, мы павінны берагчы і ўдасканальваць нашы станоўчыя бакі. Менавіта гэтая тэма стала прадметам размовы ўчора, калі ў працоўных калектывах прайшлі сустрэчы з інфармацыйнымі групамі райвыканкама.
У актавай зале ПМК-70 сабраліся будаўнікі перад пачаткам працоўнага дня. Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама В. А. Емяльянаў выступіў па асноўнай тэме дня інфармавання.
Пракурор раёна С. У. Зайцаў  далажыў пра крымінагенную сітуацыю, акцэнтаваў увагу прысутных на неабходнасць адказнага стаўлення да сваёй маёмасці, каб папярэдзіць яе крадзеж.
Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А. І. Сасновіч засяродзіў увагу на прафілактыцы пажараў. Сёлета  ў раёне адбылося 11  пажараў, у агні загінулі 4 чалавекі. Ён звярнуў увагу на бяспеку дзяцей: па рэспубліцы ў пажарах загінулі 8 дзетак, асноўная прычына – пакіданне дзяцей бацькамі без нагляду.
Дырэктар УП ЖКГ І. К. Штуро расказаў пра новаўвядзенні ў сферы ЖКГ: рамонт пад’ездаў за кошт жыхароў дамоў,  уборка пад’ездаў і двароў,  адключэнне каналізацыі ў неплацельшчыкаў паслуг і іншае. Да яго было шмат пытанняў па гарачай вадзе ў сельскай мясцовасці, кошце паслуг лазні і інш. Будаўнікоў цікавілі перспектывы работы – ці будуць ў раёне будавацца новыя дамы, у тым ліку і арэнднае жыллё. Па гэтым пытанні далі станоўчы адказ: плануецца будаўніцтва шматпавярховага дома ў мікрараёне “Вецярка”, а вось арэнднага  жылля пакуль у планах няма. Размова атрымалася дынамічнай і зацікаўленай, бо пытанні ставіліся жыццёвыя.
*  *  *
Група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай правяла дзень інфармавання ў калектыве РУП “Шумілінская райплемстанцыя”.
З  дакладам па азначанай тэме выступіла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. У. Хамаганава
Дапоўніла выступленне Ірына Мікалаеўна Новікава, якая спынілася на асноўных першачарговых задачах, якія зараз рашае раён. На першым плане, безумоўна,  сельскагаспадарчыя клопаты. Поўнасцю завершана сяўба зерневых і зернебабовых,  рапсу,  ідзе сяўба кукурузы, аднагадовых траў, бульбы.
Востра стаіць праблема вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, у прыватнасці, малака. Толькі чатыры гаспадаркі на сённяшні дзень дояць больш за 10 кг на карову, сярэдні раённы паказчык – 8,8 кг.
На жаль, цяжкае фінансавае становішча некалькіх сельгаспрадпрыемстваў не дазваляе поўнасцю разлічыцца з запазычанасцю па выплаце заработнай платы работнікам.
Нялёгкія часы перажывае прамысловасць. Знізілі рэалізацыю прадукцыі ОКЗ, “ІСК Поіск”, “Славянскі прадукт”, у стадыі банкруцтва знаходзіцца “Вежа”. Практычна рэарганізаваны льнозавод шляхам далучэння да ААТ “Прыазёрны мір”. Разам з тым захавана сацыяльная галіна раёна і сфера паслуг, раён будуецца, хаця і не ў такіх вялікіх аб’ёмах, як раней.
Выступілі перад работнікамі райплемстанцыі начальнік РВЭС Ю. Р. Маскалькоў, супрацоўнік ДАІ РАУС В. М. Бурлакоў, намеснік начальніка РАНС І. П. Маскалькоў, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. М. Саковіч. Кожны па сваім накірунку дзейнасці расказаў пра планы і здабыткі, асноўныя задачы, якія ставіць жыццё і якія даводзіцца вырашаць на дадзеным этапе.
Напрыканцы сустрэчы да ўдзельнікаў інфармацыйнай групы паступіла некалькі асабістых пытанняў ад работнікаў племстанцыі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №39 ад 22.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *