Конкурс «Властелин села-2015» прошёл в Шумилинском районе

Актуалии Сельское хозяйство

“Уладар сяла-2015”
У суботу аграгарадок Мікіціха прымаў раённы агляд-конкурс рэспубліканскага сельскагаспадарчага маладзёжнага сямейнага праекта “Уладар сяла-2015”, ініцыятарам якога з’яўляецца  Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.
Упершыню конкурс прайшоў у 2007 годзе  ў Глыбоцкім раёне. Яркі, відовішчны праект адразу прыцягнуў увагу грамадскасці. За час існавання праекта  на розных яго этапах за званне “Уладар сяла”  змагаліся амаль тры тысячы маладых сем’яў.
На ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў адзначыў, што правядзенне гэтага конкурсу сімвалічна ў Год моладзі. “Уладар сяла” садзейнічае замацаванню спецыялістаў на сяле, павышэнню прэстыжу сям’і і сельскагаспадарчых прафесій, – падкрэсліў Анатоль Мікалаевіч. – Конкурс адраджае працоўныя дынастыі і папулярызуе лепшыя традыцыі беларускай вёскі”.
Удзел у конкурсе бралі сем’і Раманятавых з аграгарадка Слабада, Лазуковых з аграгарадка Мікіціха, Баранавых з аграгарадка Башні, Семкаў з аграгарадка Амбросавічы. Актыўнымі ўдзельнікамі конкурсу былі дзеці: Вікторыя і Аліна Раманятавы, Андрэй і Алёна Лазуковы, Валерый і Дзіяна Баранавы, Раман і Кацярына Семка.
Конкурс “Візітная карта сям’і” стаў своеасаблівым гімнам сям’і. Чым жыве вясковая сям’я? Чым займаюцца ў вольны час? Пра гэта ў сваіх візітоўках і расказалі канкурсанты. Пяшчотна і патаемна ў кожным выступленні гучалі словы прызнання ў каханні адзін да аднаго. Для гэтых маладых людзей сямейныя каштоўнасці – сэнс іх жыцця. “Ты клад для мяне. Ты наканаваны мне лёсам”, – казалі адзін аднаму Аляксандр і Марына Раманятавы. “Дадому як на свята. Мы заўсёды разам”, – чулася ад Сяргея і Алены Лазуковых. “Шчаслівым быць аднаму не магчыма”, – сцвярджалі Мікалай і Марына Баранавы. “Каханне. Дзеці. Дом. Узаемапавага”, – дэвіз Дзмітрыя і Раісы Семкаў.
Конкурс  “Вітаем па-беларуску” ўключыў у сябе сямейныя выставы кулінарных вырабаў і захапленняў маладых людзей. Свае выставы сем’і прэзентавалі ў тэатралізаванай форме. Кожны стол – адметны, але ўсіх канкурсантаў аб’яднала гасціннасць, ветлівасць – тое, што спрадвечна было ў беларускіх вёсках. Клёцкі ад Раманятавых, грыбы ад Лазуковых, рыба ў розных відах ад Баранавых, салата са шчаўя і крапівы ад Семкаў. Гэта кулінарнае багацце арганічна дапаўняла выстава хобі гаспадынь – вышыўка, вязанне, бісерапляценне.
Падчас конкурснага задання  “За дровамі” мужу і жонцы трэба было на хуткасць двухручнай пілой распілаваць бервяно на дзве часткі, пакалоць і скласці дровы. 

Гэты, як і яшчэ адзін конкурс – “Святочны воз”, у якім трэба было распрэгчы і  запрэгчы  каня, можна з упэўненасцю назваць данінай павагі да традыцый беларускай вёскі. З-за таго, што і двухручная піла, і калёсы страцілі сваю актуальнасць з-за тэхнічнага прагрэсу, конкурсы сталі для некаторых сем’яў складанымі.
Па-рознаму аднесліся сем’і да выпрабавання “Бульбашы”, у якім трэба было  перабраць бульбу на час. Калі Раманятавы і Лазуковы самі справіліся з заданнем, то ў Баранавых і Семка да агульнай работы падключыліся і дзеці.
У апошнім конкурсе “Сялянскія прысмакі”  трэба было прыгатаваць беларускія дранікі. І тут удзельнікі паказалі сябе з найлепшага боку, кожны рэцэпт – адметны. А па смакавых якасцях – адны дранікі лепш другіх.
Каму-каму, а журы не пазайздросціш, нялёгка было вызначыць пераможцу, бо ўсе сем’і заслугоўвалі перамогу. Але конкурс ёсць конкурс: вось і прыйшлося  намесніку начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкай, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў В. В. Юхнаўцу, старшыні Лаўжанскага сельвыканкама С. П. Кійко і першаму сакратару райкама ГА БРСМ А. Ю. Хмарыну вызначаць лепшых.

Перамогу ў конкурсе і званне “Уладар сяла-2015”, ўзяла сям’я Раманятавых. Самай творчай сям’ёй прызнана сям’я Лазуковых, самай працалюбівай сям’ёй стала сям’я Семкаў, намінацыя “Майстры на ўсе рукі” прысуджана сям’і Баранавых. Усе сем’і атрымалі каштоўныя падарункі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №40 ад 26.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *