Доска Почёта Шумилинского района: тренер Солопаев

Актуалии Общество Спорт, туризм

Трэнер Салапаеў
Прозвішча трэнера па біятлоне Генадзя Мікалаевіча Салапаева  ў 2010 годзе занесена на раённую Дошку гонару.
У спартыўным асяроддзі Шуміліншчыны Г. М. Салапаеў з’явіўся параўнальна нядаўна: у 2002 годзе трэнер заўважыў на раённых лёгкаатлетычных стартах Алену Марусаву і Алу Талкач. Пачаў з імі займацца. І хутка дзяўчаты “выстралілі” спачатку на абласным, а затым і на рэспубліканскім узроўнях. На сённяшні дзень майстар спорту па біятлоне Ала Талкач трывала ўвайшла ў асноўны склад нацыянальнай зборнай Беларусі, выступае з лепшымі біятланістамі свету на этапах кубку свету. На падыходзе ў зборную і яшчэ адна наша зямлячка – Марыя Колесень.
З 2008 года ў нашай ДЮСШ адкрылася аддзяленне па біятлоне. І тут, дзякуючы таленавітаму трэнеру, пачалі “ўспыхваць” новыя біятлонныя зорачкі: Ганна Сола з Язвіна вучыцца ў Наваполацкай школе алімпійскага рэзерву, уваходзіць у склад зборнай Беларусі свайго ўзросту. Спецыялісты адзначаюць спартыўны талент і іншых выхаванцаў Генадзя Салапаева: Кірыла Цюрына, Уладзіслава Марудава, Дар’і Барысавай.
Генадзь Салапаеў сапраўдны энтузіяст сваёй справы, чалавек, які бязмежна ўлюблёны ў біятлон. Усё гэта – з дзяцінства. Менавіта ў Мішневіцкай школе, дзе вучыўся, ён палюбіў лыжы. І гэтае захапленне стала справай усяго жыцця. Закончыў Віцебскі тэхнікум фізічнай культуры, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт. З 90-х гадоў працуе ў спартыўным клубе “Спартак”, які пазней быў рэарганізаваны ў спартыўную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерву “Алімпіец”. Выхаваў чатырох майстроў спорту, адзін з якіх – майстар міжнароднага класа. Генадзь Мікалаевіч упэўнены, што галоўныя спартыўныя перамогі яго выхаванцаў наперадзе…
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №3 ад 14.01.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *