Адкуль назва пайшла

Актуалии

Для вёскі Ваўчкі далёкія продкі выбралі нізкую мясціну, дзе раслі ваўчкі або буякі — невысокія ягадныя кусты з пладамі цёмна-сіняга колеру і кіславатыя на смак. Яны злёгку кружаць галаву чалавеку, які іх паспытаў. У падобным кутку з’явіўся калісьці цяпер ужо былы хутар Пяніца. Ад хмельных ягад займеў ён такую назву.
Вёскі Гараватка, Гаравыя, Грабянцы і Грабніца (грэбень — прадаўгаватая і хвалістая вяршыня гары), Грудзінава (грудок — верх гары), Гарэлая Града пабудаваліся на ўзгорках. Лабатка, Лабейкі. Вёскі, магчыма, заснавалі людзі лабастыя, з грунтоўным розумам, даволі прагматычныя ў сваіх гаспадарчых разліках. Але трэба ўлічваць, што лобным продкі называлі месца высокае, адкрытае, добра бачнае адусюль. На такім звычайна ставілі царкву.
Доўгая Ніва, Крывое Сяло. Назвы перадаюць контуры колішніх прыродных аб’ектаў.
Хмялеўскія Ляжні. Ад дарогі-ляжнёўкі, замошчанай бярвеннямі. Ля вёскі Калышкі пралягала ў даўні час зімовая дарога, якую назначалі для арыентавання спецыяльнымі знакамі — калкамі. У Масцішчах быў мост, пабудаваны на палях — бярвеннях, забітых у грунт.
Вусы. Не ад вусатага мужчыны назва, а ад дарогі, якая паблізу ра-біла невялікі паварот і сапраўды нагадвала вусы. Нярэдка людзі будаваліся там, дзе поле рогам уразалася ў балоцістае поле альбо сенажаць. Так і атрымала вёска Вуглы адпаведную назву. Першыя хаты ў вёсцы Тупічына сяляне паставілі там, дзе дарога спыняла свой бег.
Назва вёсак Гарадок, Гарадзішча і Гародна дазваляюць сцвярджаць, што маюць яны даволі паважны ўзрост. Бо ўзніклі ля гарадзішчаў — старажытных умацаваных паселішчаў. Тэрмін ад стараславянскага “гарадзіці” — агароджваць. На Беларусі захавалася каля 1000 гарадзішчаў. Найбольш пашыранымі яны былі яшчэ ў жалезным веку. Гарадзішча паблізу аднайменнай вёскі з’явілася, як даводзяць археолагі, у першым тысячагоддзі, яно ўзвышаецца над мясцовасцю на сем метраў. У старажытнасці продкі ўмацоўвалі яго кальцавым валам і глыбокім ровам.
Кардон. Вёска на правым беразе Заходняй Дзвіны, на якой пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, што адбыўся 1772 годзе, пралягала да 1793 года дзяржаўная мяжа. Бешанковічы тады засталіся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, а Шуміліншчына перайшла да Расійскай імперыі. Слова “кардон” паходзіць ад французскага “кардэ” — вяроўка. Яе і сапраўды нагадвае пакручастая лінія дзяржаўнай мяжы. Да 1939 года з Кардонам суседнічала вёсачка Граніца. Таксама была памяткай гістарычных падзей, якія змянілі гістарычны лёс нашых продкаў на зыходзе ХVIII стагоддзя.
Ляхавiчы, Мазурына, Мазуры. Назвы сведчаць пра этнічныя працэсы, што адбываліся на нашай зямлі ў мінулым. Ляхамі продкі называлі выхадцаў з Польшчы. Слова “лях” з’явілася ў ІІ стагоддзі. Паходзіць яно , як лічаць даследчыкі, ад старажытнага “мыдзяне”, утворанага ад “ляда” — поле. Польшча і ёсць краіна палёў. Мазуры — буйная этычная група польскага этнаму. Гэта жыхары Мазавецкага рэгіёна, што займае паўночна-ўсходнюю частку Польшчы.    Іх гаворка паслужыла асновай для стварэння польскай літаратурнай мовы. Гэта яны ўзбагацілі сусветную музычную культуру славутым танцам “мазурка”.
Ад польскага слова “краля” ўкаранілася назва вёскі Кралькі. У перакладзе гэта каралева. Слова ўжываецца з пэўным іранічным падтэкстам. Так кажуць пра жанчыну, якая занадта, звыш меры аздабляе сябе рознымі ўпрыгожваннямі.
(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *