Студотряды работают на реконструкции ферм в Шумилинском районе

Актуалии Молодёжь

“Раз, два – узялі!”
Усе мы калісьці былі студэнтамі і памятаем тыя часы, калі дапамагалі калгасам. Але працавалі ўсё больш на ўборцы ўраджаю. А вось навучэнцы Віцебскага політэхнічнага каледжа (трыццаць чалавек) прыехалі на Шуміліншчыну дапамагаць будаваць на фермах даільныя залы.
Студэнты працуюць у “Шумілінскім райаграсэрвісе”, “Ульскім” і “Прыдзвінскім”. Разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК В. В. Юхнаўцом, галоўнымі спецыялістамі ўпраўлення райсельгасхарчу А. А. Аўтушка і В. А. Емяльянавым карэспандэнт раённай газеты наведала студэнтаў, якія працуюць на ферме Светласельская.
Дзесяць хлопцаў (яны вучацца на электрыкаў) па камандзе “Раз, два – узялі!” спрытна ўстанаўлівалі ў будучай даільнай зале  латкі  для сістэмы гноевыдалення (на здымку). “А ўвогуле наш студэнцкі атрад “Радзіма”  займаецца рознымі работамі, – кажа выкладчык Я. В. Казлоўскі. – Хлопцы працуюць рознарабочымі – дапамагаюць рабіць апалубку, сцяжку, падносяць будаўнічыя матэрыялы. Усе студэнты – першакурснікі, якія паступілі ў каледж пасля заканчэння ліцэя. Прынялі нас тут добра: па дагаворы, заключаным з “Шумілінскім райаграсэрвісам”, мы маем бясплатнае харчаванне і пражыванне”. Удакладнім: абеды гатуюць у “Блюзе” і прывозяць адтуль прама на месца работы. А жывуць у гасцініцы  камунгасу. Шкада, што там няма гарачай вады.
Дзяніс Куксо, камісар студэнцкага атрада, расказаў, што будуць працаваць на ферме цэлы месяц. Спадзяюцца зарабіць не менш як па паўтара мільёна рублёў.
У “Ульскім” навучэнцы політэхнічнага каледжа на ферме Кардон дапамагаюць будаўнічай брыгадзе ПМК-70.  Яшчэ дзесяць хлопцаў з гэтага ж каледжа накіраваны ў “Прыдзвінскі”. “Студэнтаў пасялілі ў інтэрнаце, кормім тры разы, – кажа дырэктар гаспадаркі У. І. Дзятлаў. –   Размеркавалі хлопцаў на дзве групы: адна з іх працуе на ферме Свярдлы, а другая разбірае старыя склады на зернетаку.  Рабяты здорава нам дапамагаюць, бо сваіх рабочых рук не хапае”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №74 ад 20.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *