Юрий Москальков: Шумилинский РУЭС делает ставку на модернизацию

Актуалии Экономика

Фармат работы дыктуе час

Раённы вузел электрычнай сувязі ў стане мадэрнізацыі вытворчасці знаходзіцца пастаянна. Сфера камунікацыйных тэхналогій развіваецца настолькі хутка, што нават на хвіліну прыпыніўшыся ці супакоіўшыся на дасягнутым, можна беспаваротна спазніцца ўсюды. Засвоіўшы і ўвёўшы ў дзеянне нейкую тэхналогію, раённыя сувязісты ўжо плануюць нешта новае. Такі фармат работы дыктуе час, які не збіраецца збаўляць хады, ва ўсялякім разе ў сферы інфармацыйных тэхналогій.
“Для нас важна, каб мы маглі задаволіць любыя запыты нашага кліента, – кажа начальнік РВЭС Юрый Маскалькоў. – Так не павінна быць, што чалавек просіць падключыць яму тую ці іншую паслугу, а мы не можам гэтага зрабіць з-за адсутнасці тэхнічных магчымасцяў”. Сёння жыхары раёна могуць карыстацца ўсімі сэрвісамі, якія існуюць у гэтай сферы. Прычым, робіцца ўсё магчымае, каб і вяскоўцы не адчувалі нейкай абдзеленасці ні ў плане спектра паслуг, ні ў плане якасці іх аказання ў параўнанні з гарадскімі.
Наш раён заўжды быў лідарам, калі гаворка ішла пра ўкараненне новых тэхналогій. Лічбавыя станцыі прыйшлі на змену аналагавым (а, між іншым, ёсць раёны, дзе па-ранейшаму працуюць у старым фармаце); такая задача, як ліквідацыя маральна і фізічна састарэлага праваднога радыё, вырашалася ў нас прасцей і хутчэй, чым дзе (для таго, каб арганізаваць якасную трансляцыю радыё, была пабудавана новая станцыя ў Мішневічах); мы былі першымі ў вобласці сярод сельскіх раёнаў, калі ў 2014 годзе ўзяліся за ўкараненне  тэхналогіі GPON. Усё гэта вынік работы маладога, запаленага сваёй справай, граматнага калектыву, які лёгка адгукаецца на ўсе веянні ў сферы сучасных тэхналогій.
Мадэрнізацыя існуючай сеткі сувязі працягваецца. Літаральна днямі была скончана першая чарга будаўніцтва ў Шуміліне. У першым квартале будзе завершана і другая і трэцяя чарга. Вялікая работа праведзена летась па Обалі, ёсць планы па далейшай мадэрнізацыі сеткі сувязі гэтага гарадскога пасёлка.
Мадэрнізацыя, на якую пайшоў ужо не адзін мільярд рублёў (да дэнамінацыі), вядзецца за кошт сродкаў прадпрыемства. Гэта значыць, што абаненту не трэба аплачваць ні расходныя матэрыялы, ні работу, ні новае абсталяванне, ён проста згаджаецца на тое, што Белтэлекам дасць паслугу вышэйшай якасці. Усе новыя паслугі і прапановы прадуманы і скампанаваны такім чынам, што любы кліент можа выбраць для сябе аптымальны варыянт. “Мы прадастаўляем доступ да сеткі, а кліент сам выбірае, якімі сэрвісамі яму карыстацца, –  заўважае Юрый Рыгоравіч. – Прапаноў, акцый, скідак заўжды багата. Гэта такія брэнды, як “ЯСНА”, “Разумны дом” і многія іншыя”.
Асабліва актыўнай у плане засваення інфармацыйнай прасторы, вядома, застаецца моладзь, якая чула рэагуе на ўсе новаўвядзенні і не хоча нічога прапусціць. Дарэчы, усе новыя сэрвісы работнікі РВЭС найперш выпрабоўваюць на сабе.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №9 ад 31.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *