Самая маладая даярка Шумілінскага раёна працуе ў Мішневічах

Молодёжь Сельское хозяйство Экономика

Самая маладая даярка працуе  ў  Мішневічах
Кубак кавы для бадзёрасці – і а шостай гадзіне раніцы на ранішнюю дойку. Так пачынаецца дзень у самай маладой даяркі раёна Надзеі Зарываевай, якая працуе на ферме Мішневічы. Надзеі 21 год.
А там чакаюць паўсотні кароў. “Кожную трэба падмыць, здаіць першыя струмені ў конаўкі”, – кажа Надзея. Так калісьці рабіла яе мама Вера Васільеўна, якая працавала на гэтай жа ферме. Так робіць і дачка. “Я на ферме адразу пасля школы, – кажа маладзіца. – Спачатку працавала разам з маці, вельмі была задаволена, калі даверылі асобную групу. Работа мне падабаецца. Тым больш, што год таму на нашай ферме зрабілі малакаправод, цяпер не трэба падымаць цяжкія вёдры з малаком”.
Прыемна слухаць, як Надзея расказвае пра сваю работу. Шчыра, цёпла, ад душы. Бачна, што жанчына любіць жывёлу і старанна яе даглядае. “Каровы – жывёлы разумныя.  Яны адчуваюць мой настрой і рэагуюць на яго, – пераканана Надзея. – Таму стараюся кожнай рагулі сказаць ласкавае слова”.
Як расказалі сталыя даяркі фермы Мішневічы, Надзея распазнае па знешнім выглядзе не толькі кожную карову ў сваёй групе, але ўвогуле на ферме. Асабліва любіць Бландзінку (такую мянушку дала сама) – ласкавую і ручную. Калі тая ўбачыць летам на полі сваю “гаспадыню”, то абавязкова бяжыць да яе, бо ведае: для яе ў Надзеі знойдзецца кавалачак хлеба.
Дырэктар КУСГП “Мішневічы” М. Г. Цікавенка хваліць Надзею Зарываеву  за добрую работу і працавітасць. “Гаспадарцы пашанцавала на такую даярку, ёй давяраюць групу раздою, – кажа Міхаіл Герасімавіч. – За мінулы год у Надзеі быў самы лепшы паказчык па надоях малака – яна надаіла 180 тон. У той жа час на ферме Кардэкі надаілі толькі 170 тон”.
…Пасля вячэрняй дойкі, калі рабочае месца прыбрана і кароў выгналі на прагулку, Надзея Зарываева спяшаецца дадому. Там яе чакае сям’я – муж і трое дзетак.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №31 ад 19.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *