Традиционный новогодний шахматный турнир на призы газеты «Герой працы» прошёл в Шумилино

Актуалии Спорт, туризм

С. Кузьмініч і М. Радайкін

Пра “драму” эндшпіля і каварны цэйтнот

Два выключна шахматныя тэрміны — эндшпіль і цэйтнот — у загаловак уведзены невыпадкова. Сёлетні шахматны турнір на прызы газеты “Герой працы” быў багаты на цікавыя канцоўкі гульні і не раз шахматысты траплялі ў крыўдную сітуацыю, калі блізкі да перамогі, а не хапае часу. Але гэта не драбяза: па 15 хвілін на партыю даецца спартсмену згодна з рэгламентам. Упаў сцяжок, закончыўся час — прайграў.                                   Не абышлося без хібаў не толькі ў аўтсайдэраў, але і ў лідараў шахматнай “гонкі”. Першы тур (а кожны з 10 удзельнікаў павінен быў згуляць па 9 тураў) прынёс хуткую перамогу Дзмітрыю Шэўчыку. Сапернік, Аляксандр Разуменка, захапіўся гульнёй на левым флангу і празяваў імклівую атаку Дзмітрыя. Вельмі ўпартай была гульня паміж Уладзімірам Любімавым з Обалі і шумілінскім шахматыстам Уладзімірам Грыбавым. Партыя дайшла да эндшпіля, і многія стоена сачылі, як маланкава цокалі кнопкі шахматнага гадзінніка, як перамяшчаліся  фігуры, як  пешка казачна станавілася  ферзем. Уладзіміру Грыбаву не хапіла, па-мойму, і часу на роздум, і трохі фартуны, ён, акрамя ўсяго, дапусціў і тактычны промах.                                                                                                                                            Гэта была першая, цяжкая і самая, бадай, усцешаная перамога Уладзіміра Любімава. На турніры ў шахматыста гульня ў далейшым не ішла. Не выратавала сітуацыю і перамога над Алегам Далімаевым: Уладзімір Мікалаевіч апынуўся ўнізе турнірнай табліцы. Затое ў Алега Пятровіча  турнір увогуле склаўся вельмі ўдала: тры партыі запар ён перамог, і нават пасля шасці тураў ён дзяліў трэцяе месца з маладым шахматыстам Генадзем Шкундзеравым. А пасля ўступіў партыю Дзмітрыю Шэўчыку і ў выніку заняў пятае месца. У Дзмітрыя — трэцяе, хаця не скажаш, што ён згуляў турнір удала.                                                                                                         Увогуле парадаваў Сяргей Кузьмініч з Амбросавіч. Асабліва бліскучай была ў яго партыя з Аляксандрам Марцінайцісам. Сяргей Васільевіч ахвяруе туру і пераходзіць у такую масіраваную атаку, што сапернік неўзабаве здаецца.                                                                                                                       Ну, і асаблівых слоў пахвалы заслужылі, вядома, лідэры турніру — Мікалай Радайкін і Уладзімір Грыбаў. Уладзімір Іванавіч, нягледзячы на прыкрае паражэнне ў першым туры, аддаў затым палову ачка Генадзю Шкундзераву і ў апошняй партыі згуляў унічыю з Мікалаем Дзмітрыевічам, а ў астатнім — перамогі. У лідара Мікалая Радайкіна атрымлівалася ледзь не ўсё: і дэбюты, і эндшпілі, яму хапала часу і на абдумванне хадоў. Словам, 8 ачкоў з 9 магчымых.                                                      І апошняе. Не выходзяць за апошнія гады на “арэну” новыя імёны, не “абстрэльваецца” на турніры, як было раней, малады “падлесак” шахматыстаў. Няхай бы прыязджалі — знайшлося б і для іх і ўдзячнае слова, і пераднавагоднія падарункі. Аднак гэты трохі сумны роздум кампенсуе тая бліскучая перамога шумілінскай каманды ў міжраённым турніры, які праходзіў нядаўна ў Шуміліне. У нататцы, змешчанай нядаўна ў раённай газеце, закралася прыкрая памылка: не трэцяе месца за нашымі шахматыстамі, а пераможнае першае. З чым яшчэ раз іх і павіншуем! А заадно скажам “дзякуй” усім, хто адгукнуўся да ўдзелу ў традыцыйным турніры на прызы газеты, і павіншуем усіх з навагоднімі і каляднымі святамі!

Мікалай МАРОЗ.

Надрукавана ў №1 ад 04.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *