Будьте осторожны — клещ идёт в наступление

Здоровье Общество

Кляшчы наступаюць
Іксодавы клешч – маленькая істота, якая не перавышае 2-3 мм у даўжыню. Гэта звычайныя  жыхары лесу. Жывуць часцей за ўсё  ў змешаных лясах. Сустракаюцца на прасеках, на старых вырубках, дзе высокая трава, добра развіта кустоўе, уздоўж лясных сцяжынак, дзе ёсць сухое галлё, буралом. У апошнія гады кляшчы часцей сталі сустракацца на дачных і агародных участках. Кляшчы запаўзаюць за галінкі кустоўя, на траву, звычайна не вышэй аднаго метра. Пры набліжэнні жывёлы або чалавека яны чуюць іх пах, чапляюцца і дабіраюцца да адкрытых участкаў скуры. У чалавека іх часцей за ўсё можна знайсці на шыі, жываце, валасістай частцы галавы, у падпашніку і паху. Для кляшчоў крывасмактанне жыццёва неабходна: без гэтага  самка не адкладзе яйкі, лічынка не будзе развівацца, німфа ніколі не пераўтварыцца ў дарослага кляшча.
Укусы кляшчоў спачатку не выклікаюць боль і некаторы час непрыкметныя, аднак з’яўляецца сверб. Прысмактаўшыся да жывёлы, яны могуць утрымлівацца ад 3 да 10 і больш дзён, пры гэтым маса цела самкі можа павялічвацца ў аб’ёме ў 50-100 і нават 200 разоў.
Кляшчы з’яўляюцца пераносчыкамі інфекцыйных захворванняў, такіх як клешчавы энцэфаліт і хвароба Лайма (клешчавы барэліёз).
Заражэнне чалавека гэтымі інфекцыямі адбываецца праз укус кляшча. На клешчавы энцэфаліт можна захварэць, калі ўжываць  сырое малако коз.
Пры наведванні лесу трэба прытрымлівацца наступных правілаў прафілактыкі:
– апранаць шчыльна прылягаючае да цела адзенне з зашпіленымі на рукавах манжэтамі. Штаны трэба ўкладваць у боты або перахопліваць у шчыкалатцы тасьмой або рызінкай. Валасы  трэба хаваць пад галаўны ўбор;
– змазваць адкрытыя ўчасткі цела, апрацоўваць адзенне сродкамі (рэпелентамі), якія адпужваюць кляшчоў;
–    калі праводзіце доўгі час у лесе, трэба рабіць сама- і ўзаемаагляды адзення і адкрытых участкаў цела праз кожныя 1-2 гадзіны;
–    у ежу трэба ўжываць толькі кіпячонае казінае малако (2 хвіліны кіпячэння забіваюць вірус).
Што трэба рабіць, калі клешч укусіў?
У выпадку, калі клешч прысмактаўся, трэба як мага хутчэй яго выдаліць і звярнуцца ў медыцынскую ўстанову.
Трэба ведаць, што знішчаць знятых кляшчоў, расціскаць іх пальцамі ні ў якім разе нельга. Праз ранкі і мікратрэшчыны на паверхні рук можна занесці гэтыя цяжкія інфекцыі.
Прытрымлівайцеся рэкамендацый – гэта дазволіць вам пазбегнуць непажаданых наступстваў ад сустрэчы з кляшчом.
Надзея СКРЫПКІНА, памочнік ўрача-эпідэміёлага Шумілінскага РЦГЭ.
Надрукавана ў №44 ад 09.06.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *