Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
“Нелегал”

У  маі ў раёне праводзілася спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Нелегал”, у ходзе якога да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты тры чужаземцы за ўхіленне ад выезду па заканчэнні тэрміну знаходжання і адзін грамадзянін, што прадаставіў жыллё іншаземцу (парушаны правілы знаходжання ў Беларусі).
Нагадваем, што грамадзяне замежных краін на працягу 5 сутак (акрамя выхадных і святаў) абавязаны зарэгістравацца. Выключэнне – грамадзяне Расійскай Федэрацыі, Літвы і Латвіі, Украіны, Казахстана, якія могуць знаходзіцца без рэгістрацыі да 30 дзён.
Алена  ПРАКОФ’ЕВА, вядучы спецыяліст ГГіМ.

Веласіпед
З пляцоўкі шматпавярховага дома ў Добрыне прапаў дарожны веласіпед. Пацярпелы адразу звярнуўся ў міліцыю. У той жа дзень злачынца быў знойдзены, ім аказаўся мясцовы малады чалавек. Хлопец затрыманы, а веласіпед канфіскаваны і вернуты гаспадару.

Дачы…
Узбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу маёмасці з дачнага дома ў в. Юрава. Прапалі шліфавальная машынка, шрубавёрт і іншыя інструменты. Па гарачых слядах міліцыянеры знайшлі злачынцу: ім аказаўся хлопец з Улы (Бешанковіцкі раён). Малады чалавек затрыманы.
* * *
У раённы аддзел унутраных спраў звярнуўся жыхар Віцебска з просьбай знайсці злодзеяў, якія пашкодзілі дзвярныя запоры і прабраліся ў ягоны дом у в. Улазавічы. Прапалі інструменты і некалькі кілаграмаў цвікоў. Ужо на наступны дзень злодзей быў знойдзены. Паквапіўся на чужое дабро непрацуючы жыхар а.-г. Крывое Сяло. Супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу.
* * *
З дачнага дома ў в. Далуева збілі навясны замок. Пра гэта ў міліцыю паведаміў віцяблянін, гаспадар дома. З хаты прапалі газавы балон, металічная бочка, два конскія плугі, некалькі металічных вёдзер. Агульны ўрон ацэнены больш як на мільён рублёў. Злачынцы вышукваюцца.

Са зводак ДАІ
На перакрыжаванні

Жыхарка Шуміліна ехала на “Опелі” па Сіроціне. На адным з перакрыжаванняў жанчына не ўступіла дарогу “Нісану”, які імчаў па галоўнай дарозе. У выніку аўто сутыкнуліся. Людзі не пацярпелі, а віноўнік ДТЗ прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Заснуў за рулём
Грамадзянін Літвы, якія ехаў па аўтадарозе Віцебск-Полацк на грузавым аўтамабілі “Вольва”, заснуў за рулём. У выніку сутыкнуўся з грузавым аўтамабілем “Рэно”, што ехаў у спадарожным накірунку. Машыны пашкоджаны. На грамадзяніна Літвы складзены адміністрацыйны пратакол.

Без правоў
Жыхар Віцебскага раёна быў асуджаны за тое, што двойчы на працягу года кіраваў транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення. Згодна з прыгаворам суда Віцебскага раёна, мужчыну было забаронена садзіцца за руль. Але тыдзень таму яго спынілі за рулём “Фальксвагена”  супрацоўнікі ДАІ. Супраць мужчыны зноў узбуджана крымінальная справа.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №44 ад 09.06.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *