Десантники парили в воздухе над Шумилино

Общество

Ганарыцца тым, што дэсантнік
У гэтую цёплую раніцу спакой над палеткамі УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, што каля Хацілава, парушыў гул верталёта. Ён  зрабіў круг над полем і апусціўся на загадзя падрыхтаваную пляцоўку. З верталёта выйшлі ваенныя.
“Гэта праводзяць вучэнні дэсантнікі 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады  , – патлумачыў намеснік камандзіра брыгады – начальнік аддзялення паветрана-дэсантнай службы  палкоўнік Анатоль Мельнік. – Мы дамовіліся з дырэктарам УП “Шумілінскі райагарсэрвіс” У. В. Касьянавым, і ён дазволіў дэсантнікам прызямліцца на поле, дзе пасеяна кукуруза. Думаю, мы не нашкодзім, бо ўсходаў яшчэ няма”.
Тым часам так званая група бяспекі  па навігатару (варта дакладна прыбыць у прызначанае месца) накіравалася на суседняе поле: трэба было падрыхтавацца да сустрэчы парашутыстаў. Былі выстаўлены спецыяльныя каляровыя конусы для абазначэння накірунку ветру і запалены дымавыя шашкі – сігнал для пілота.  Праз якую хвіліну ў небе паказаўся самалёт, які ўзяў накірунак на пазначанае поле. “Іл-76” ляцеў даволі нізка, і нечакана для нас, назіраючых за паветранай тэхнікай з зямлі, з самалёта адзін за адным пачалі з’яўляцца парашутысты. Дэсантнікі паволі апускаліся на зямлю. Здалёк белыя ветразі парашутаў нагадвалі вялікія дзьмухаўцы ў нябёсным блакіце.
Пасля таго, як прызямліліся, салдаты праз поле накіраваліся на пункт збору. З аўтаматам і складзеным парашутам, які важыць 12 кілаграмаў, прайсці трэба было кіламетры два-тры. Па нядаўна ўзаранаму полю і ў гарачы дзень гэта нялёгка. З першай групай дэсантнікаў прыйшоў у прызначанае месца і камандзір 103-й мабільнай брыгады  палкоўнік Уладзімір Белы.
“Група справілася з баявым заданнем прызямлення, – расказаў Уладзімір Уладзіміравіч. – На гэтых шумілінскіх палетках добра праводзіць заняткі па паветрана-дэсантнай падрыхтоўцы: параметры пляцоўкі адпавядаюць устаноўленым нормам. Скажу больш: гэта поле было вызначана яшчэ ў 80-я-пачатку 90-х гадоў для дэсантавання баявой тэхнікі. З тых часоў вучэнні на Шуміліншчыне не праводзіліся.  Нам зручны ваш раён і ў тым плане, што знаходзіцца побач з Віцебскам”.
У той час баявы “Іл” пайшоў на другі, а затым на трэці круг… Усяго ў час вучэнняў апусцілася на зямлю пяць груп парашутыстаў. Сярод дэсантнікаў былі і два нашы землякі: Аляксандр Міхайлаў з Шуміліна і Вадзім Фядзьковіч з Лявонава. У. У. Белы зазначыў, што хлопцы дастойна нясуць службу і нават прапанаваў сфатаграфаваць іх для раённай газеты. Салдаты-землякі расказалі, што за час іх службы падобныя вучэнні і скачкі з парашутам праводзяцца ў пяты ці шосты раз. “З верталёта лягчэй скакаць у тым плане, што ён ляціць на хуткасці 140 кіламетраў у гадзіну, а “Іл” – 340, – падзяліліся хлопцы. – Ажно дух захоплівае, калі ляціш над зямлёй на вышыні 800 метраў”.
Аляксандр і Вадзім склалі парашуты, падрыхтаваліся ехаць у баявую часць. А там зноў тактычныя вучэнні, стральба, баявыя выхады. І шматлікія падрыхтоўкі, каб у чарговы раз падняцца ў нябесную вышыню, выканаць пастаўленыя задачы і ганарыцца тым, што ты дэсантнік.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №44 ад 09.06.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *