Комитет госконтроля информирует

Вестник Комитета госконтроля

Харчаванне ў дзіцячых садках: ёсць праблемы
Камітэт дзяржкантролю Віцебскай вобласці вывучыў пытанне па забеспячэнні якасці, бяспекі і збалансаванасці харчавання дзяцей у дзіцячых дашкольных установах аддзелаў адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Чыгуначнага раёна г. Віцебска і Верхнядзвінскага райвыканкама.
Ва ўсіх 20 дашкольных установах аддзела адукацыі адміністрацыі Чыгуначнага раёна Віцебска не было забяспечана выкананне неабходных норм харчавання па ўсіх 30 улічваемых відах прадуктаў.
Дзеці ў сярэднім недаатрымлівалі неабходных прадуктаў ад 5% да 62% ад прадугледжанага нарматыву, у тым ліку: сухафруктаў – 62%, фруктаў – 54%, сокаў – 50%, бабовых – 36%, сыроў – 34%, малака і кісламалочных прадуктаў – 24%, рыбы – 21%, мяса – 16% і інш.
Таксама не была ў поўнай меры арганізавана штодзённая вітамінізацыя страў, якая з’яўляецца абавязковай. Забяспечанасць вітамінам С ці аскарбінавай кіслатой у 2014 го-дзе склала ў сярэднім 62%, а ў студзені 2015 г. – 40%.
У сувязі з адсутнасцю ў штатным раскладзе спецыялістаў па фарміраванні меню (дыетсястра, калькулятар), складанне меню-патрабаванняў у многіх выпадках ажыццяўлялі прызначаныя па сумяшчальніцтву загадчыкі гаспадаркі, машыністы па мыцці бялізны, кастэлянкі, якія не мелі для гэтага спецыяльнай падрыхтоўкі. У выніку меню часта было складзена аднастайна, не забяспечвалася рацыянальнае збалансаванае харчаванне.
Парушалася тэхналогія прыгатавання страў. Замест закладкі мяса ялавічыны ў шматлікіх выпадках выкарыстоўвалася свініна, замест малака свежага сістэматычна выкарыстоўвалася малако канцэнтраванае ці сухое.
Устаноўлены факты прыгатавання страў з выкарыстаннем мяса і круп з прайшоўшымі тэрмінамі прыгоднасці.
Мелі месца факты набыцця ў 2014 годзе ўстановамі адукацыі бульбы і гародніннай прадукцыі ад пастаўшчыкоў па завышаных адпускных цэнах. У выніку пастаўшчыкам неабгрунтавана выплачана амаль 27 мільёнаў рублёў.
Не лепшым чынам выглядае сітуацыя ў Верхнядзвінскім раёне.
Пры вывучэнні пярвічных дакументаў у аддзеле адукацыі, спорту і турызму Верхнядзвінскага райвыканкама ўстаноўлена, што фактычныя аб’ёмы (масы) страў не адпавядалі рэкамендуемым, адны і тыя ж стравы паўтараліся на працягу некалькіх дзён запар, рэдка ўключаліся ў харчаванне кефір, ёгурт.
У 2014 годзе не было забяспечана выкананне неабходных норм харчавання па сухафруктах – 41%, фруктах – 53%, каўбасных вырабах – 57%, сыру –64%, соку – 71%, мясу і рыбе – 79%.
У першым квартале гэтага года ў асобных дашкольных установах у рацыён дзяцей не ўключаліся каўбасныя вырабы, птушка, сухафрукты, кававыя напоі.
Па выніках праверак да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 28 чалавек і 17 устаноў, да дысцыплінарнай адказнасці – 4 парушальнікі.
Аналагічныя кантрольныя мерапрыемствы будуць праведзены Камітэтам вобласці і ў іншых раёнах Віцебшчыны. Па іх выніках пройдзе калегія Камітэта вобласці, якая дасць адзнаку становішчу спраў у арганізацыі харчавання дзяцей і выпрацуе абавязковыя для выканання прапановы па ўдасканаленні дзейнасці ўстаноў адукацыі ў дадзеным пытанні.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №44 ад 09.06.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *