14 июня мировая общественность отмечает День донора крови

Здоровье Общество

14 чэрвеня – Сусветны дзень донара крыві
14 чэрвеня ўсе краіны адзначаюць Сусветны дзень донара крыві і праводзяць мерапрыемствы па ўшанаванні донараў, якія добраахвотна дораць сваю кроў для ратавання жыцця іншых людзей.
У гэты дзень у 1868 годзе нарадзіўся імунолаг Карл Ландштэйнер, які атрымаў у 1930 годзе Нобелеўскую прэмію за адкрыццё груп крыві чалавека.
Слова “донар” паходзіць ад лацінскага слова – дарыць. Гэта чалавек, які дорыць сваю кроў. Дарослы чалавек без шкоды для свайго жыцця можа страціць каля аднаго літра крыві. На станцыі пералівання аб’ём данацыі складае 450 мл. Гэта колькасць крыві аднаўляецца арганізмам вельмі хутка.
У атрыманні кампанентаў крыві найбольш востра маюць патрэбу пацыенты, якім плануюць праводзіць аперацыі на сэрцы, лёгкіх, пазваночніку, страўнікава-кішачным тракце; людзі, якія пацярпелі ў дарожна-транспартных здарэннях і пры надзвычайных сітуацыях; жанчыны-парадзіхі; нованароджаныя; людзі, хворыя на анкалогію, якім неабходна аперацыя або хіміятэрапія.
У Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы за 5 месяцаў 2015 года для лячэння хворых зрасходавана 24,5 літра крыві, 125 донараў Шуміліна прынялі ўдзел у здачы крыві. Шмат жадаючых здаць сваю кроў, аднак не ўсе праходзяць строгі ўрачэбны адбор. Па заборы крыві існуе 46 супрацьпаказанняў – ад віруснага гепатыту да нядаўняй прастуды. Здача 450 мл крыві – вялікі стрэс для паслабленага арганізму.
Донарам можа быць кожны дзеяздольны грамадзянін Рэспублікі Беларусь ва ўзросце ад 18 да 60 год, які прайшоў медыцынскі агляд і не мае захворванняў, пры якіх донарства супрацьпаказана. Картатэка донараў Віцебскай абласной станцыі пералівання крыві налічвае больш за 50 тысяч чалавек і кожны год яна папаўняецца прыблізна на 2 тысячы новых донараў.
Рэгулярнае донарства крыві амалоджвае арганізм, стымулюе ахоўныя сілы, выпрацоўку новых гармонаў і біялагічных актыўных рэчываў. Шматгадовы вопыт даказаў, што донары радзей хварэюць на прастудныя, анкалагічныя захворванні.
Віншуем усіх донараў з Сусветным днём донара крыві, жадаем ім моцнага здароўя, дабрабыту ў сям’і і шчасця ў асабістым жыцці!
А. РУДОВІЧ, урач-трансфузіёлаг Шумілінскай ЦРБ.
Надрукавана ў №45 ад 12. 06. 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *