Заседание совета общественного пункта охраны правопорядка: корень зла – на дне чарки.

Общество

Корань зла – на дне чаркі
На мінулым тыдні адбылося чарговае пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку.  Пасяджэнне правёў намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Мікалаевіч Зайцаў.
За тры гадзіны, пакуль доўжылася пасяджэнне, у кабінет адзін за адным зайшлі семнаццаць чалавек. Хто яны? Чаму іх паклікалі?
Яны розныя. Па характары, па сваіх схільнасцях. Хаця адна акалічнасць – чарка гарэлкі – стала прычынай таго, што нехта з іх учыніў сямейны скандал, іншы шумеў і брыдкасловіў у пад’ездзе, а кагосьці п’янага за-трымалі на вуліцы. Абсалютная большасць запрошаных – моладзь, таму так важна, каб яны задумаліся, не нашкодзілі сваёй неабдуманасцю сабе і сваёй сям’і. А менавіта такую мэту – параіць, папярэдзіць, дапамагчы – ставіць перад сабой савет грамадскага пункта аховы правапарадку, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі ўлады, міліцыі, грамадскіх арганізацый.
Безумоўна, для кагосьці сам факт, што затрымала міліцыя, потым выклікалі да начальніка РАУС ці ў суд, далі штраф, запрасілі на гутарку з прадстаўнічым саветам грамадскага пункта аховы правапарадку, стане ўрокам і зарокам на ўсё жыццё. Як, напрыклад, для двух сталых работ-нікаў аднаго з прадпрыемстваў раёна, якія на рабочым месцы “сагрэліся” спіртным. Бо тут справа не столькі ў тых 70 тысячах штрафу, колькі ў перажытым сораме і ганьбе.
У гэтай кагорце з 17-ці чалавек асабліва звярталі на сябе ўвагу жанчыны. Іх было дзве. Абедзвюм бог дараваў дзяцей, але ці зразумелі яны, што гэта найвышэйшы падарунак лёсу?
Першая ўвесь час змахвала слёзы, шчыра глядзела ў вочы і паўтарала: “я выпраўлюся”. Гэтаму можна было б паверыць, калі б не той факт, што гэта абяцанне гучыць ужо не першы і не другі год, што яе дачушцы, якую зусім маленькую забралі ад п’янай мамкі ў дзіцячы дом, сёння 10 гадоў, а матуля і не бачыла, як тая вырасла, матуля ўсё п’е і п’е, не саромеецца і на работу прыйсці п’янай, не плаціць грошы на ўтрыманне сваёй дачкі як абавязаная асоба. Пра якое перакананне, пра якое сумленне тут можна весці размову?
Другая з жанчын стаяла ціхенька, баязліва пазірала на прадстаўнікоў савета, як на нейкую вышэйшую інстанцыю, што зараз вырашыць яе далейшы лёс і лёс яе дзетак, якія чатыры месяцы знаходзяцца ў прытулку. Пытанне сапраўды стаіць рубам: пазбаўляць яе бацькоўскіх правоў ці не? Але ні савету, ні краіне ў цэлым не патрэбна множыць сірот пры жывых бацьках. Усе добра разумеюць, што нідзе дзеткам не будзе так добра і ўтульна, як побач з матуляй і бацькам. Шкада толькі, што гэту прапісную ісціну некаторыя бязлітасна топяць у віне.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №10 ад 8.02.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *