Криминал. Происшествия

Актуалии Происшествия

Жарт
Жыхарка адной з вёсак раёна паведаміла супрацоўніку РАУС, што купіла ў вясковай гаспадыні дзве бутэлькі віна, якія тыя незаконна прадавала на даму. Але на судзе жанчына сказала, што яна проста вырашыла пажартаваць і ніякага віна не купляла. За ілжывыя звесткі, якія былі паведамлены ў міліцыю, жанчына заплаціла звыш 400 тысяч рублёў штрафу.
Алкаголікі
У студзені ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі з нашага раёна накіраваны 6 чалавек, у тым ліку адна жанчына. Алкаголікі будуць лячыцца ў ЛПП (мужчыны – у Віцебску, жанчыны – у Горацкім раёне) ад 6 да 12 месяцаў.
Забойца
У адной з вёсак раёна памерла жанчына. Медыцынска-судовай экспертызай было ўстаноўлена, што за некалькі дзён да смерці жанчына атрымала чэрапна-мазгавыя траўмы. Збіў жанчыну яе сын: нанёс не менш за шэсць удараў па галаве. Згодна з арт. 147, ч. 3 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці” супраць забойцы ўзбуджана крымінальная справа. Ён затрыманы і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання РАУС.
Граната
У ходзе расследавання адной з крымінальных спраў у жыхара раёна дома была знойдзена граната, якую мужчына захоўваў, нібы сувенір. Міліцыянерам ён патлумачыў, што гранату знайшоў у лесе гадоў пяць таму. Выбухова-тэхнічнай экспертызай было ўстаноўлена, што граната сапраўды з’яўляецца боепрыпасам, які ў любы момант можа ўзарвацца. Згодна з арт. 295 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў” супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Тэлефон
У жыхара Шуміліна ўкралі мабільны тэлефон “Соні-Эрыксан”. Як высветлілася, напярэдадні пацярпелы разам са знаёмым знаходзіліся ў гасцях. Вось гэты самы знаёмы (дарэчы, у красавіку мінулага года судзімы за крадзеж, а ў ліпені – за грабеж) і паклаў у сваю кішэню тэлефон. Кошт мабільнага ацэнены амаль у 600 тысяч рублёў.
Прэвентыўнасць
Жыхар райцэнтра быў раней судзімы да 4,6 года пазбаўлення волі. Пасля адбыцця пакарання над ім быў устаноўлены прэвентыўны нагляд. Гэта значыць, мужчына быў абавязаны з’яўляцца на рэгістрацыю ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю РАУС, яго рэгулярна правяралі на месцы жыхарства. Але ж мужчыны часта там не было. Супраць парушальніка ўзбуджана крымінальная справа.
Дыван
У РАУС звярнулася жыхарка Наваполацка – з яе кватэры ў Обалі прапала маёмасць. Злодзеі праніклі ў пакой праз фортку і ўкралі дыван, тэлевізар, дзве электрычныя сокавыціскалкі. Агульны ўрон, нанесены пацярпелай, ацэнены ў паўмільёна рублёў. Злодзеі вышукваюцца.
Акцыя
Супрацоўнікамі РАУС праводзіцца акцыя “Дадатковыя мерапрыемствы па адпрацоўцы месцаў зборышчаў антыграмадскіх элементаў”. Правяраюцца дамы і кватэры, дзе раней збіраліся людзі без вызначанага месца жыхарства.
Супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў будуць удзячны за любую інфармацыю, якая тычыцца месцаў зборышчаў бамжоў ці алкаголікаў. Званіце ў РАУС па тэлефоне 102.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №10 ад 8.02.2011 г



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *