Итоги работы в 2010 году подвели медики Шумилинского района

Актуалии Здоровье Общество

Медык паставіў сабе дыягназ…

Шумилинская центральная районная больница

Ад урача, яго кампетэнтнасці, сумленнага стаўлення да прафесіі залежыць многае. Хаця я далёкі ад  той думкі, што медыцына можа ўсё. Многае — несумненна, асабліва ў сталічных гарадах. Тым не менш і ў правінцыях хворы чакае максімальнай дапамогі ад урачоў, звяртаецца да іх ледзь не з апошняй надзеяй.
Медыцына ўзбройваецца сучасным абсталяваннем, у бальніцы і паліклінікі прыходзяць адукаваныя ўрачы, медсёстры. Не абмінае гэты бесперапынны працэс і Шумілінскі раён. З даклада, зробленага на медыка-санітарным савеце галоўным урачом раёна К. Ф. Баканавым па выніках работы за 2010 год і задачах на 2011-ы, вынікае, што за апошнія тры гады ў раён паступіла 15 урачоў, хаця па-ранейшаму “тлустая” праслойка пенсіянераў — амаль кожны чацвёрты. Дзіўна: за сорак кіламетраў медуніверсітэт, а ўрачоў нестае. Праўда, намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама А. У. Андрушкін, які прымаў удзел  у рабоце савета і выступіў з прамовай, паабяцаў паспрыяць у рашэнні гэтай застарэлай праблемы. Як і па капітальным рамонце даха над стацыянарам бальніцы (трэба 1 мільярд 200 мільёнаў рублёў, акрамя праектна-каштарыснай дакументацыі, якая аплачана), па замене дзедаўскай тэхнікі ў афтальмалогіі, па набыцці лабараторна-дыягнастычнага абсталявання.
Аналіз сітуацыі па ахове здароўя ў раёне К. Ф. Баканавым зроблены глыбокі, дэталёвы. Перш за ўсё пра смяротнасць, якой, аднак,  не пазбегнуць. Ці ўсё робяць медыкі, каб дапамагчы хвораму стаць на ногі, ачуняць, выздаравець? За 2010 год памерла чацвёра дзетак. Факт абуральны, калі не ўлічваць, што трое дзяцей былі з крытычнай паталогіяй, адно дзіця памерла ад “сіндрому нечаканай смерці”. Педыятр раёна Л. В. Суханава запэўніла: сёлетні год будзе без такіх “крызісаў”, бо ўсе 29 дзетак у праблемных і нядобранадзейных сем’ях — пад пільным назіраннем урачоў.
Сярод агульных смярцей львіную долю (40,5%) займае сістэма кровазвароту. Праўда, ёсць пэўныя станоўчыя тэндэнцыі, аднак гэты від хвароб у наш імкліва-стрэсавы час перайшоў у разрад галоўных. І калі другое месца ў гэтай “іерархіі” належыць старасці, трэцяя прыступка нечакана трывожна перайшла да прычын, якія рэгулюе сам чалавек. Тут рост далі атручэнні этанолам, суіцыды, смерць на пажарах.
Вядома, па кожнай з гэтых катэгорый размова асобая. Пра алкагалізм — як з’яву не гаворым, павядзём гаворку пра яго лячэнне. Доктар В. Б. Багдановіч — і псіхіятр, і нарколаг, чалавек, так сказаць, на двух франтах. Таму ён паспявае адно весці рэгістрацыю (на ўліку 693 чалавекі, сярод іх 232 жанчыны), на прафілактыку, на лячэнне фізічна не хапае часу. Шкада: так складваецца, што не першы ўжо год няма ў раёне нарколага, які вёў бы справу апантана і настойліва. Чуюцца сёння прапановы забараніць наогул продаж алкагольных напояў. Але ж гэта ўжо на нашай памяці было, гэта мы праходзілі. Сёння не забарона, а масіраванае наступленне на п’янства прынясе жаданы плён. Прычым намаганнямі ўлады, грамадскасці, медыцыны. Такая думка чырвонай ніткай прайшла ў выступленні на савеце намесніка старшыні райвыканкама А. М. Зайцава. І яшчэ — п’янства ўсё больш набывае “жаночы твар”. Нязвыкла, дзіка і нават ганебна для грамадства. Намеснік галоўурача раёна  І. Л. Гудкоў паказаў заяву жанчыны “адпаведнага кантынгенту”, паперу пісала рука недалёкага ці хворага чалавека — каракулі, не разбярэш. “Вось такіх даводзіцца пераконваць не піць гарэлку, глядзець за дзецьмі”, — абураецца доктар.
Пра суіцыды. Таксама страшная і такая ж ганебная пляма.  За год 18 чалавек пакончылі з сабой. Трохі можа суцешыць думка, што ў 2009 годзе такіх фактаў было больш. Але ж каб лячыць, трэба паставіць дакладны дыягназ. Чаму чалавек лезе ў пятлю, глытае жменямі таблеткі, ступае з акна ў прадонне?.. Што, ён псіхічна хворы? Далёка не заўсёды, і тут павінен выяўляць і дапамагаць схільнаму да псіхолага. Тым больш, што здарылася летась 37 выпадкаў парасуіцыдаў, г. зн. спроб самагубстваў.
Наогул размова на савеце, паўторымся, была па ўсіх накірунках аховы здароўя. Трывожна за лічбу 202 — менавіта столькі дзяцей ў сацыяльна небяспечных сем’ях, не менш баліць за тое, што ёсць праблемы ў  барацьбе з туберкулёзам. Асабліва па обальскай зоне, дзе нямала тых, хто вярнуўся са зняволення, а таксама ваяжораў у пошуках заробкаў. Гэты кантынгент патрабуе асаблівай увагі і кантролю. Нельга аслабляць увагу да інфекцыйных хвароб. Галоўны санітарны ўрач раёна В. Р. Бурэнь, які выступіў на савеце, спыніўся на вакцынацыі супраць грыпу, на арганізацыі бяспечнага і карыснага харчавання. Прагучалі прапановы да К. Ф. Баканава выдзяляць грошы з пазабюджэтных сродкаў на санітарна-гігіенічныя мерапрыемствы.
Па сістэме лячэння хворых. Павялічваецца, на жаль, колькасць зваротаў да педыятраў (1396 выпадкаў на той час, калі ў 2008 годзе іх было 994), выпісана бальнічных лісткоў больш як на 9 тысяч дзён. Хварэюць дзеці больш, чым раней, і прычыны тут галоўны ўрач К. Ф. Баканаў бачыць у тым, што часцей здараюцца вострыя рэспіратарныя захворванні, менш нараджаецца абсалютна здаровых дзетак. Не можа задаволіць ледзь не павальная “бюлетэнізацыя” ў ПМК-70, на Обальскім керамічным заводзе, ПМС, у райспажыўтаварыстве. Лідарства не ўступаюць будаўнікі — 1287 дзён на тысячу працуючых. Прычыны, як кажуць, на паверхні: скразнякі, пераахаладжэнне. Аднак трэба і медыкам больш праводзіць прафілактычнай работы. Тут і прапаганда здаровага ладу жыцця, і гутаркі, публікацыі ў раённай газеце. І. Л. Гудкоў прывёў такую статыстыку: смерць ад ужывання алкаголю ў разрэзе ўсіх смярцей у раёне займае 26,9%.
І яшчэ. У раёне працуе 5 урачоў агульнай практыкі. Мала. Стаіць задача мець іх больш з тым, каб зменшыць нагрузкі на вузкіх спецыялістаў.
Напружаныя задачы ў медыкаў раёна ў 2011 годзе. Важна, каб не спасавала самае важнае ў іх рабоце — выключная адказнасць перад кожным хворым, барацьба за кожнае чалавечае жыццё. Яно даецца нам адзін раз, і так хочацца, каб было яно доўгім і радасным.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №10 ад 8.02.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *