Делегация Шумилинского района посетила Лодзинское воеводство и гмину Макув

Актуалии Общество

Умацоўваць сяброўскія стасункі, развіваць эканамічныя і культурныя сувязі

Няма больш трывалых сувязяў, чым тыя, што складваюцца паміж людзьмі. Гэтыя сувязі дапамагаюць развіваць эканамічныя і палітычныя стасункі, культурнае і навуковае ўзаемадзеянне – у выніку ўмацоўваюць міждзяржаўныя адносіны. Менавіта таму, нягледзячы на ніякія палітычныя “буры”, праграмам супрацоўніцтва на рэгіянальным узроўні надаецца вялікае значэнне. Менавіта ў рамках такога супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Еўрасаюзам вясной Віцебшчыну наведала прадстаўнічая польская дэлегацыя. У час таго візіту была дасягнута дамоўленасць аб супрацоўніцтве паміж гмінай Макув Лодзінскага ваяводства (Польшча) і Шумілінскім раёнам.
У канцы мая-пачатку чэрвеня дэлегацыя нашага раёна наведала Лодзінскае ваяводства і гміну Макув.

Узначальваў дэлегацыю раёна старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў. Падчас паездкі ў суседнюю краіну члены дэлегацыі пазнаёміліся з эканомікай і сацыяльнай сферай сельскага рэгіёна, даведаліся пра рэгіянальныя праблемы і іх рашэнне.

З мэтай культурнага абмену ў складзе дэлегацыі была група народнага ансамбля Обальскай дзіцячай школы мастацтваў “Гарэзнікі”.
Пачаўся візіт у цэнтры ваяводства – старажытнай  Лодзі – адным з буйнейшых прамысловых і навуковых цэнтраў Польшчы. Шумілінская дэлегацыя правяла сустрэчу ў дзелавым цэнтры, пазнаёмілася з арганізацыяй работы бізнес-цэнтра з прадпрымальнікамі. Наведала адзін з універсітэтаў горада. Гасцям з Беларусі прадэманстравалі і сучасны падыход да закрытых прамысловых прадпрыемстваў. Электрастанцыю, якая выпрацавала свой рэсурс, але размешчана ў цэнтры горада, ператварылі ў музей гісторыі электраэнергетыкі і дзіцячы пазнавальна-забаўляльны цэнтр з планетарыем. У Лодзі адбылася сустрэча з прадстаўнікамі беларускай дыяспары,  обальскія “Гарэзнікі” далі канцэрт, які ўсім вельмі спадабаўся.
У Макуве наша дэлегацыя наведала фірму “FUNGIS” – буйнае прадпрыемства па вытворчасці шампіньёнаў і субстратаў для вырошчвання грыбоў. Польскі бок выказаў зацікаўленасць у  супрацоўніцтве з Беларуссю, у прыватнасці, магчымай арганізацыяй сумеснага прадпрыемства.
У ходзе знаёмства з заводам кампаніі “EL-IN” шумілінцы пазнаёміліся з тэхналогіяй вытворчасці, умовамі працы і сацыяльнай абароны работнікаў прадпрыемства. Кампанія “EL-IN” пачыналася ў 1989 годзе  як прыватнае прадпрыемства Яна Ваха, якое пазней, з далучэннем да справы ягоных сыноў, ператварыўся ў сямейны бізнес. Цяпер гэта кампанія з гадавым прыбыткам у 100 мільёнаў еўра, займаецца будаўніцтвам чыгуначнай і авіяцыйнай інфраструктуры, аб’ектаў грамадскага карыстання, прамысловых прадпрыемстваў.
Як расказалі члены дэлегацыі, у Польшчы шмат робіцца па развіцці прыватнага, сямейнага бізнесу.  Так, у Макуве большасць вяскоўцаў, акрамя асноўнай работы, маюць надзелы зямлі, дзе вырошчваюць сады, ягаднікі, збожжавыя, кармавыя і тэхнічныя культуры. Прычым апрацоўкай гэтай зямлі займаюцца ў свабодны ад асноўнай работы час. Прададзеная прадукцыя з’яўляецца добрым папаўненнем сямейнага бюджэту. Такая прысядзібная вытворчасць часам ператвараецца ў буйныя аграрныя прадпрыемствы.
Цікавым для членаў дэлегацыі было знаёмства з развіццём турызму ў рэгіёне і з агратурызмам, у прыватнасці. Шырокае распаўсюджанне аграсядзіб і невялікіх сямейных гасцініц таксама дае вяскоўцам дадатковыя даходы. Адрамантаваныя дзедаўскія і бацькоўскія хаты, аздобленыя сапраўднымі прадметамі сялянскага побыту служаць добрай прынадай для гараджан, замежных турыстаў.

Члены дэлегацыі пабывалі ў дзедавай сядзібе Яна Ваха, якая ператворана ў аграсядзібу. Там з задавальненнем адпачываюць, праводзяць сямейныя і карпаратыўныя мерапрыемствы, знаёмяцца са старадаўнім побытам сялян, з народнымі рамёствамі. Такія сядзібы маюць усе зручнасці, прапануюць  наведвальнікам шырокі набор паслуг, як кажуць, на любую кішэню.
Войт гміны Макув Ежы Станкевіч расказаў шумілінцам пра дзейнасць адміністрацыі гміны. Падчас знаходжання ў Макуве дэлегацыя з Шуміліна пабывала ў мясцовым дэндрапарку, наведала гімназію Святога Войцеха, пазнаёмілася з вучэбным працэсам, матэрыяльнай базай навучальнай установы, стала ўдзельнікамі “Свята дзяцінства”. Дарэчы, поспех на гэтым свяце, а таксама на эканамічным форуме, мелі обальскія музыкі, якія прапанавалі гледачам канцэртную праграму.
Дэлегацыя Шуміліншчыны брала ўдзел у традыцыйным майскім эканамічным форуме ў Макуве, дзе правяла відэапрэзентацыю раёна, паказала яго прыродныя, эканамічныя, транспартныя перавагі, расказала пра прадпрыемствы, якія працуюць у раёне, прапанавала прадукцыю, якую яны вырабляюць. На форуме было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж муніцыпалітэтам Макув (Польшча) і Шумілінскім райвыканкамам у гандлёва-эканамічнай і аграрна-прамысловай галінах, сферах інвестыцый і турызму, культуры, адукацыі, маладзёжнай палітыцы, жыллёва-камунальнай гаспадарцы і добраўпарадкаванні.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №49 ад 27.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *