Мишневичский сельский Совет депутатов отпраздновал своё 100-летие

Актуалии Край шумілінскі Новости

Векавы юбілей Мішневіцкага сельскага Савета дэпутатаў

У 2017 годзе мы адзначылі юбілеі Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, якія  ў свой час узрушылі пятую частку свету, паўплывалі на развіццё палітычных і эканамічных падзей ва ўсіх краінах свету. У выніку гэтых падзей распадаліся вялікія імперыі, узнікалі новыя дзяржавы, фарміраваліся новыя формы ўлады, эканомікі. І гэтыя падзеі не маглі не закрануць нашу малую радзіму. Аднымі з першых новыя органы ўлады – сялянскі Савет дэпутатаў і выканаўчы камітэт былі сфарміраваны ў Мішневіцкай воласці Гарадоцкага павета.

13 студзеня ў актавай зале Мішневіцкай школы сабраліся жыхары аграгарадка Мішневічы, навакольных вёсак, ветэраны працы, работнікі мясцовай гаспадаркі і арганізацый і ўстаноў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета. Нагода для ўрачыстасцяў вельмі значная – 100 год адзначае Мішневіцкі сельскі Савет дэпутатаў і сельвыканкам.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Снараў адкрыў мерапрыемства вітальным словам, пажадаў дынамічнага руху наперад, дабрабыту і працвітання. “Будзе існаваць і развівацца прадпрыемства, будуць у вёсцы жыць людзі, будуць працаваць іншыя ўстановы, будзе жыць і развівацца сельсавет”, – падкрэсліў Аляксандр Іванавіч.

“Дарагія землякі!” – звярнулася да вяскоўцаў старшыня раённага Cавета дэпутатаў Ірына Новікава, для якой Мішневіцкі сельсавет – малая радзіма. – Мы ўпершыню адзначаем падобную падзею. 100 гадоў таму актыўныя, мужныя, рэвалюцыйна настроеныя людзі аднымі з першых стварылі новыя органы ўлады – Саветы. Гэтыя людзі вытрымалі самыя цяжкія іспыты ў гады грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, таму сведкамі з’яўляюцца помнікі партызанам, воінам-вызваліцелям. Гэтыя помнікі і наша памяць пра падзеі мінулага – залог нашага будучага”. Кіраўнікі раёна ўручылі старшыні мясцовага Савета і выканкама Галіне Зязюльцы падарункі.
Ад сельскіх Саветаў дэпутатаў раёна павіншавалі свайго калегу старшыні Светласельскага і Сіроцінскага сельсаветаў Віктар Шчарбакоў і Сяргей Каржуеў.
Вядучыя нагадвалі старонкі гісторыі, рэвалюцыйныя і ваенныя падзеі, звязаныя з Мішневіцкім краем. Узгадвалі гады вайны і загінуўшых землякоў. Ушаноўвалі працу пасляваеннага пакалення, якое аднаўляла і развіла сельскагаспадарчыя прадпрыемствы на тэрыторыі сельсавета. Называлі імёны лепшых працаўнікоў. Асаблівы каларыт святочнаму мерапрыемству надавалі песні мінулых гадоў у выкананні самадзейных артыстаў мясцовага клуба і раённага цэнтра культуры. Музычныя нумары дапамагалі аднавіць гістарычную атмасферу далёкіх гадоў.
Былы старшыня Мішневіцкага сельсавета Фёдар Пятровіч Юркевіч узгадаў мінулае, калі ўраджайнасць у гаспадарцы была да 30 ц/га, збіралі па 6 тысяч тон збожжа. Ён успомніў перадавікоў мясцовай гаспадаркі, узнагароджаных ордэнам Леніна за працоўныя дасягненні: брыгадзіраў А. П. Вікулава і М. І. Даўгілава, даярку Н. С. Канстанцінаву. Расказаў, як быў праведзены парад сельскагаспадарчай тэхнікі, у якім удзельнічалі каля сотні трактароў саўгаса “Мішневічы”, а ўзначалілі парад шэфы-вайскоўцы на “кацюшы”.
Ірына Новікава ўзнагародзіла Фёдара Пятровіча Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў.
Аляксандр Снараў уручыў Падзяку старшыні райвыканкама механізатару КУСГП “Мішневічы” Віктару Пятрову.
Старшыня абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Гутараў, які таксама працаваў калісьці ў гэтых мясцінах, уручыў граматы абкама кіраўніку гаспадаркі Міхаілу Цікавенку, механізатару Юрыю Дзятлаву, загадчыцы фермы Галіне Багданавай і ветэрану працы Надзеі Кузьмічовай.
Падзякі і граматы атрымалі работнікі падраздзялення “Казьянскае” УП ЖКГ, Мішневіцкай школы, паштовага аддзялення, ТЦСАН, аптэкі і амбулаторыі – хто ўносіць уклад у развіццё сельсавета і раёна.
Са словамі падзякі за шчырыя віншаванні і пажаданні, за дапамогу ў арганізацыі свята звярнулася да гасцей і аднавяскоўцаў старшыня Мішневіцкага  сельскага Савета дэпутатаў Галіна Зязюлька.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

З гісторыі. Лютаўская рэвалюцыя 1917 года звергла царскую ўладу, але Часовы ўрад не спяшаўся вырашаць самыя набалелыя пытанні – аб зямлі і міры. На падаўленне рэвалюцыйных выступленняў накіраваў войскі. Тым часам актыўную работу разгарнула партыя бальшавікоў. Вось і ў Мішневічы прыехаў з Петраграда ўраджэнец вёскі Кабак (цяпер Заобаль) член партыі бальшавікоў, рабочы Павел Іваноў, каб весці рэвалюцыйную агітацыю сярод сялян.
25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 года ў Петраградзе перамагло ўзброенае паўстанне, была абвешчана перамога ўлады Саветаў рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў. 27 кастрычніка (9 лістапада) Савецкая ўлада была ўстаноўлена ў Віцебску, 8 (21) лістапада – у Гарадку. Мясцовыя сялянскія Саветы пачалі стварацца ў валасцях і вёсках.
10 (23) студзеня 1918 года быў утвораны валасны сялянскі Савет і валасны выканаўчы камітэт і ліквідавана валасная земская ўправа. Першым кіраўніком Савета і выканкама стаў Павел Іваноў. 22 лютага Мішневіцкі валасны Савет прыняў рашэнне аб утварэнні сялянскіх Саветаў у вёсках і скасаванні пасад сельскіх стараст.
На долю новай улады адразу выпалі няпростыя выпрабаванні. 18 лютага нямецкія войскі перайшлі ў наступленне, 25 лютага быў захоплены Полацк. Каб спыніць рух ворага чырвонагвардзейцы Віцебска ў ноч на 27 лютага ўзарвалі мост праз раку Обаль. Пастановай Мішневіцкага валаснога Савета 23 лютага быў арганізаваны ваенны атрад. Актыўныя дзеянні партызан і чырвонаармейскіх часцей спынілі рух нямецкай арміі. 3 сакавіка 1918 года было падпісана перамір’е. 4-ы Мішневіцкі партызанскі атрад 17 мая 1918 года ўліўся ў склад 1-га пяхотнага чырвонаармейскага палка імя Віцебскага Саўдэпа.
Вясной 1918 года  Саветы прыступілі да размеркавання паміж сялянамі канфіскаванай у памешчыкаў зямлі, 18 красавіка спецыяльная камісія, якая размяркоўвала зямлю ў залежнасці ад едакоў, была створана ў Мішневіцкай воласці. Пачалася арганізацыя камітэтаў беднаты, партыйных арганізацый камуністаў, маладзёжных камсамольскіх арганізацый.
Разгарнулася і культурнае будаўніцтва. У жніўні 1918 года Віцебскі губвыканкам  падрыхтаваў камплекты бібліятэчак, якія перадаваліся камбедам. Восенню ў Мішневіцкай воласці працаваў культурна-асветніцкі гурток, рыхтаваўся да пастаноўкі спектакль. У лютым 1919 года Мішневіцкі валасны Савет разглядзеў пытанне аб арганізацыі народнай асветы ў воласці.
Але ў краіне разгортвалася Грамадзянская вайна, з’яўляліся спробы акупацыі з боку іншых дзяржаў. 10 мая 1919 года прадстаўнікі Саветаў Мішневіцкай воласці выказаліся за мабілізацыю насельніцтва воласці на абарону Савецкай улады. Восенню 1919 года Шуміліншчына зноў апынулася ў зоне баявых дзеянняў, цяпер ужо з польскімі войскамі.
Сялянскія Саветы займаліся гаспадарчымі пытаннямі – правядзенне сельскагаспадарчых работ, суботнікаў, стварэнне камун, кааперацыі, арганізоўвалі дапамогу сем’ям чырвонаармейцаў і беднякоў, займаліся нарыхтоўкай хлеба для арміі і гарадоў, вырашалі многія пытанні жыцця вяскоўцаў. Новая ўлада ўсталёўвалася, узмацнялася.
У 1924 годзе частка Віцебскай губерні была перададзена Беларускай ССР, было скасавана ранейшае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне, а ўведзена дзяленне на акругі, раёны і сельсаветы. У Сіроцінскі раён з цэнтрам у мястэчку Шуміліна ўвайшлі Роўненскі, Казьянскі, Мішневіцкі, Спаскі, Сіроцінскі, Жаробыцкі, Шумілінскі, Лаўжанскі, Дабейскі, Пагарэліцкі, Амбросавіцкі і Валатоўскі сельсаветы. Тэрыторыя раёна складала 1200 кв. км. У 582 населеных пунктах было 8115 асобных гаспадарак і пражывала 45 397 чалавек, у тым ліку ў вёсках – 43 636, у мястэчках – 1761.
Надрукавана ў №5 ад 16.01.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *