Выпускница Шумилинской районной гимназии Ангелина Мамехина набрала 100 баллов на ЦТ по обществоведению

Актуалии Образование

Веды на 100 балаў
Ну, вось мы і дачакаліся! З часу існавання сістэмы цэнтралізаванага тэсціравання з’явіўся на Шуміліншчыне першы ўладальнік 100-бальнага сертыфікату – у панядзелак яго атрымала Ангеліна Мамехіна  (на здымку), выпускніца раённай гімназіі. На найвышэйшую адзнаку яна здала цэнтралізаваны тэст па грамадазнаўству. Свой поспех Ангеліна прыпісвае не толькі сабе, сваім ведам і мэтанакіраванасці, але і настаўніцы Таццяне Васільеўне Дарафеевай, якая падрыхтавала на такім вось узроўні сваю вучаніцу. Ну, і крыху ўдача паспрыяла, сціпла дадала выпускніца.
Між іншым, у Ангеліны і па двух астатніх ЦТ вынікі дастойныя: на 86 балаў дзяўчына здала рускую мову і на 78 – англійскую. Марыць Ангеліна стаць студэнткай БДУ, хацелася б ёй быць міжнароднікам, але ж, самі ведаеце, немагчыма прадугадаць, які конкурс складзецца. Няхай бы пашанцавала, бо вельмі напружаным, працаёмкім і сур’ёзным быў шлях да гэтай мэты.
Літаральна ледзь-ледзь не хапіла да 100 балаў і яшчэ пяці выпускніцам раёна. Так, бліскучыя вынікі адразу па трох ЦТ паказала выпускніца зноў жа раённай гімназіі Кацярына Жукава. Толькі ўявіце сабе: 98 балаў набрала дзяўчына па рускай мове, 94 балы – па біялогіі і 91 – па хіміі.
На 97 балаў выканала тэст па англійскай мове выпускніца Шумілінскай СШ №1 Ганна Кавалёва. У Ані таксама высокі вынік – 87 балаў – па ЦТ па рускай мове.
Апраўдала свае надзеі, чаканні бацькоў і настаўнікаў Вераніка Воранава, залатая медалістка з раённай гімназіі. Вераніка здала ЦТ па матэматыцы на 96 балаў, рускую мову на 95 і фізіку – на 84 балы.
Выдатна напісала ЦТ і выпускніца Шумілінскай СШ №1  Яўгенія Філіпенка: у яе 91 бал па рускай мове і 89 па біялогіі.
І яшчэ ў адной дзяўчыны – у Анастасіі Лямневай з Кардонскай СШ – высокія адзнакі па тэсціраванні. Насця на ЦТ па беларускай мове набрала 90 балаў.
Ну што тут хочацца сказаць? Малайцы, дзяўчаты, мы ганарымся вамі і жадаем далейшых поспехаў і шчаслівага лёсу!
Да слова. Адзін вядомы рэпетытар са шматгадовым стажам адзначыў, што «за ўсімі вынікамі вышэй 80 балаў стаіць нялёгкая праца, як мінімум, на працягу апошняга года. Але больш за  90 балаў могуць набраць толькі тыя, хто ўсе школьныя гады прысвяціў вучобе, прычым у добрай школе. Ім таксама давялося “адпахаць год як вар’ятам”, але пры ўмове, што ў іх былі больш высокія стартавыя пазіцыі”. З гэтым немагчыма не пагадзіцца.
Наогул па выніках Рэспубліканскага цэнтра кантролю ведаў, 277 чалавек атрымалі па ЦТ максімальныя сто балаў, прычым 11 абітурыентаў атрымалі вышэйшую адзнаку адразу па двух прадметах. Летась па ўсіх дысцыплінах 100 балаў выстаўляліся 122 разы.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў № 53 ад 10.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *