Взятка: отвечает не только тот кто берёт, но и тот, кто даёт.

Закон Общество

Аддзячылі далярамі?  А вам – 7 гадоў
Хабарніцтва. Гэты від злачынства наносіць значны ўрон не толькі эканоміцы дзяржавы, але і іміджу, прэстыжу дзяржаўнай улады. Сустракаецца такая ганебная з’ява і ў нашым раёне. Так, у студзені 2010 года адна са службовых асоб прадпрыемства раёна за станоўчае рашэнне пытання, якое ўваходзіць у кампетэнцыю, атрымала ад грамадзяніна хабар у памеры 400 тысяч беларускіх рублёў. Па дадзенаму факту РАУС узбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 430 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь. Судом гэтаму грамадзяніну вызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі без накіравання ў ВУАТ тэрмінам на 4 гады і пазбаўленне права займаць пасады, звязаныя з водпускам таварна-матэрыяльных каштоўнасцей тэрмінам на 4 гады.
Практыка выяўлення такіх злачынстваў сведчыць аб тым, што некаторыя службовыя асобы за станоўчае вырашэнне тых або іншых пытанняў вымагаюць у грамадзян розныя выгады маёмаснага характару (грошы, падарункі, іншыя матэрыяльныя каштоўнасці). І грамадзяне з мэтай рашэння сваіх пытанняў ідуць на гэта. А калі-небудзь і самі настойліва прапануюць.
Аднак грамадзянам не трэба забываць, што яны таксама здзяйсняюць злачынства, адказнасць за якое прадугледжана арт. 431 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь (дача хабару) альбо арт. 432 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь (пасрэдніцтва па хабарніцтву). Пры гэтым грамадзянам пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 7 год.
Аднак у заўвагах да дадзеных артыкулаў указана, што асоба, якая дала хабар, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці, калі ў адносінах да яе мела месца вымаганне хабару або калі гэта асоба пасля дачы хабару добраахвотна заявіла аб учыненым.
Паважаныя грамадзяне, калі ў адносінах да вас ёсць такія факты, паведаміце аб іх у праваахоўныя органы. У нашым раёне такімі органамі з’яўляюцца пракуратура і РАУС.
Л. НАВІЦКІ, старшы оперупаўнаважаны группы  па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі РАУС.
Надрукавана ў №12 ад 15.02.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *