Агрохимикаты? А как же пчёлы?

Общество Экология

Ідэальны варыянт – вывезці домікі
Без хімічных апрацовак сельскагаспадарчых пасеваў зараз немагчыма абысціся. І часам паміж пчалярамі і мясцовымі сельгасарганізацыямі ўзнікаюць канфлікты, бо пчаляры занепакоены  захаванасцю сваіх пчоласем’яў. Як жа рэгулююцца ўзаемаадносіны пчаляроў з сельгасарганізацыямі? Пра гэта расказаць на старонках раённай газеты папрасілі нашы чытачы.
Спецыялісты райсельгасхарчу патлумачылі, што існуе нарматыўны дакумент  Міністэрства аховы здароўя Беларусі № 149 ад 27 кастрычніка 2012 года “Патрабаванні да захоўвання, прымянення і транспарціроўкі пестыцыдаў і аграхімікатаў”, створаны на падставе Закона  Рэспублікі Беларусь “Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва” ад 7 студзеня 2012 года.
Старшыня Віцебскай грамадскай арганізацыі “Беларускае таварыства прапаганды прадукцыі пчалярства” Васіль Нікіцін расказаў: “Хімпраполка і пчолы – з’явы несумяшчальныя. Нядаўна на абласной нарадзе ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны нам, пчалярам, патлумачылі, што сельгасарганізацыя павінна за некалькі дзён папярэдзіць, што будзе весціся хімпраполка. Прапаноўваліся два варыянты аб’яў: праз сродкі масавай інфармацыі ці індывідуальна.
У прыклад прыводзілі Гомельшчыну, дзе гэта работа пастаўлена на высокім узроўні. Прычым, кіраўніцтва сельгасарганізацыі павінна ўдакладніць спіс пчаляроў, якія пражываюць на тэрыторыі арганізацыі, у сельвыканкаме”.
“З мэтай аховы пчол ад уздзеяння хімікатаў апрацоўку пасеваў рэкамендуецца праводзіць у позні час шляхам апырсквання, – расказала аграном па ахове раслін раённай інспекцыі па насенняводству, каранціне і ахове раслін Л. В. Антосік.  – Пры гэтым варта загадзя (за 4-5 сутак) папярэдзіць пчаляроў пра тэрміны, зону і характар дзеяння сродкаў аховы раслін. У ідэале рэкамендуецца вывазіць пасекі на бяспечную адлегласць: за пяць кіламетраў ад апрацоўваемых участкаў або ізаляваць пчол на дзень-другі ад вылетаў”.
Як сведчыць практыка, вопытныя пчаляры, спецыялісты сельскагаспадарчых прадпрыемстваў прытрымліваюцца гэтых патрабаванняў.  “Вывазіць домікі ў іншае месца – гэта ідэальны варыянт, але ж вельмі цяжка, нязручна і дорага, – расказала пчаляр з Мікіціхі В. І. Котава. –  Прасцей прыкрываць домікі і не выпускаць пчол на вуліцу”.
“А мы ведаем усіх сваіх пчаляроў і кожнаму асабіста паведамляем аб хімпраполцы, – расказала галоўны аграном СФГ “Раднік” Л. М. Прыгун. – Напрыклад, нядаўна апрацоўвалі палеткі ля в. Макракі і пчаляры  адзін дзень не выпускалі сваіх пчол з вулляў”.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №54 ад 14.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *