Из Донбасса в Мишневичи — Раиса Середенко признаётся, что не по собственной воле

Мир увлечений Общество

З сабой прывезла тры кілаграмы бісеру
Раіса Васільеўна Серадзенка ўсё жыццё пражыла ў Данбасе. І не думала, што ў сталым узросце ёй давядзецца мяняць месца жыхарства. Але вайна выгнала і з горада, і з уласнай кватэры.
“Ратаваліся ад вайны ўсёй сям’ёй, – кажа жанчына. – У Беларусь прыехаў  і сын з нявесткай. Нас  тут сустрэлі добра. Вельмі пашанцавала, што ў нас на Шуміліншчыне родзічы. Мяне прытуліла стрыечная сястра з Мішневіч, а сын з сям’ёй абсталяваліся ў Мішкавічах”.
Раіса Васільеўна жыве ў нашым раёне другі год. За гэты час яна асвоілася, пра яе, як пра добрую вышывальшчыцу, ведаюць не толькі на тэрыторыі мясцовага сельсавета, але і ў раёне. Жанчыну запрашаюць паўдзельнічаць у розных раённых мерапрыемствах і выставах. Вось і на Дзень Незалежнасці прапанавалі выставіць свае работы. Жанчына ахвотна згадзілася: “Ну, чаму б сябе не паказаць і на вырабы іншых майстроў не паглядзець?” На свяце Раіса Васільеўна паказвала майстар-клас. І, трэба адзначыць, былі ахвочыя павучыцца. Нітачка да нітачкі, крыжык да крыжыка – і на тканіне з’яўляліся ўзоры, якія, спалучаючыся разам, стваралі цудоўную карціну.
Р. В. Серадзенка расказала, што вышыўкай захапляецца з самага дзяцінства. У дарослым жыцці школьнае захапленне перарасло ў душэўную патрэбу. І калі з’язджала з Украіны, разам з асабістымі рэчамі ў сумку паклала ўсе свае ніткі з іголкамі і больш за тры кілаграмы бісеру. Гэта, аказваецца, для жанчыны таксама было вельмі дарагое і неабходнае.
“Узоры для вышыўкі бяру з розных часопісаў, – расказала жанчына. – Стараюся пры-трымлівацца гармоніі колераў. Вось, напрыклад, паглядзіце на гэтага анёла: ён павінен быць яркім нават у прыцемках, таму яго вышывала бісерам, а асноўны фон карціны – цёмнымі ніткамі”.
Раіса Васільеўна жыве ў свеце сваіх захапленняў. І свята верыць, што творчасць дапамагае  ёй па жыцці, бо многа вышытых карцін дорыць сваякам і проста добрым людзям. Падарыла карціну і Шумілінскаму краязнаўчаму музею – маўляў, няхай памяць будзе.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 55 ад 17.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *