Криминальная хроника

Актуалии Безопасность Общество Происшествия

Бярвенні


У міліцыю звярнуліся спецыялісты ААТ “Віцебскдрэў” і расказалі, што з іхняй дзялянкі, якая знаходзіцца на тэрыторыі Мікалаеўскага лясніцтва, укралі 10,8 кубаметра лесу. Урон склаў больш як 7 мільёнаў рублёў. Па гарачых слядах міліцыянеры знайшлі злачынцу –  жыхара в. Мішкавічы. Ён на трактары і вывез чужыя бярвенні з лесу. Па дадзенаму факту ўзбуджана крымінальная справа.

Газавая пліта

Пацярпела жыхарка Полацка: у яе доме, што знаходзіцца ў Пагіршчыне, пабывалі злодзеі. Яны выставілі аконнае шкло, праніклі ў пакой, адкуль вынеслі газавую пліту “Гефест” і прадукты харчавання. Агульны ўрон, нанесены гаспадыні, складае больш за 800 тысяч рублёў. Злодзеі вышукваюцца.

Лось

Жыхар Докшыцкага раёна патэлефанаваў у міліцыю і расказаў, што  на аўтадарозе Віцебск-Полацк у вялікагрузную машыну грузяць тушу лася. Як высветлілася, два дальнабойшчыкі (жыхары Гомеля і а.-г. Кіраўскі Віцебскага раёна) вырашылі прысвоіць лася, які быў кімсьці раней збіты на дарозе. Вадзіцелі, напэўна, не ведалі, што згодна з законам такі ўчынак прыроўніваецца да браканьерства. Супраць мужчын узбуджана крымінальная справа.

Гараж

Жыхар Обалі паведаміў, што ў ягонага бацькі абрабавалі гараж. Прапалі мотакаса, матаблок, каністры з дызпалівам і запчасткі да трактара. Агульны ўрон складае 22 мільёны рублёў. У гэту ж ноч злодзеі пабывалі ў гаражы другога гаспадара, адкуль ўкралі электрадрыль. Злодзеі вышукваюцца.

Са зводак ДАІ

Не ўступіла дарогу

На перакрыжаванні вуліц Луначарскага-Кароткіна ў Шуміліне адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Жыхарка Віцебска, якая ехала на аўтамабілі “Хонда”, не ўступіла дарогу “Фальксвагену”, што рухаўся па галоўнай дарозе. У выніку аўтамабілі сутыкнуліся. Абодва вадзіцелі былі цвярозыя, яны не пацярпелі. А вось аўтамабілям патрабуецца рамонт.

За парушэнне правілаў праезду перакрыжаванняў на жыхарку абласнога цэнтра складзены адміністрацыйны пратакол. Ён накіраваны па месцы жыхарства жанчыны.

Пакалечылася ў прычэпе

Механізатар ААТ “Лаўжанскае” перавозіў у прычэпе трактара дзвюх даярак. Пры сустрэчным раз’ездзе з МТЗ у в. Доўгая Ніва механізатар выехаў на правую абочыну, прычэп “падкінула”, і адна з жанчын моцна ўдарылася аб бочку, што знаходзілася ў прычэпе. Жанчына з цялеснымі пашкоджаннямі дастаўлена ў бальніцу. Па дадзенаму здарэнню праводзіцца праверка.

У перыяд з 7 па 14 ліпеня супрацоўнікі ДАІ выявілі 60 парушэнняў дарожнага руху. Пераважная большасць з іх – гэта парушэнне хуткаснага рэжыму (41 факт). Сем вадзіцеляў селі за руль машын, у якіх быў пратэрмінаваны тэхагляд.

Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.

Надрукавана ў № 56 за 21 ліпеня.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *